— Але ж гэта народны сход! Сход, выбраны народам!
— Якім народам? Пасля таго народ зрабіў рэвалюцыю. Я патроху пачынаю разумець, што гэта такое, Пятро Пятровіч! Няўжо вы думаеце, што бальшавікі такія наіўныя, што, узяўшы ўладу, добраахвотна аддадуць яе тым жа людзям, якім яны, прабачце, далі выспятка ў мяккае месца. Чарнову, Керанскаму. Вы што... засумавалі па Керанскім?
Стары нахмурыўся.
— Вы мяне абражаеце.
— Прабачце, Пятро Пятровіч. І плюньце! Падумаеш, трагедыя! Разагналі Устаноўчы сход... Туды яму і дарога!
Пастушэнка глядзеў на яго, узбуджанага, расчырванелага з марозу, са здзіўленнем, нават трохі як бы са страхам, але, бадай, і з зайздрасцю, магчыма, зайздросціў яго маладосці і рашучасці.
— Выходзіць, я адзін такі... стары ёлуп, якому здалося, што свет перавярнуўся ў сувязі з гэтым разгонам...
Багуновіч раптам засмяяўся.
— Пятро Пятровіч, дарагі мой чалавек! Люблю я вас за шчырасць. Вы ўвесь — як на далоні.
Стары пачырванеў, як дзяўчына.
— А вы... вы знаеце, голубе, вы мяне здзіўляеце. Эвалюцыяй вашых поглядаў. Вас так прасвятляе гэтая дзяўчына? Дарэчы, як яна? Урач быў?
— Быў. Дрэнна ёй, хоць яна харобрыцца. Урач назначыў малако, мёд, масла. Малако я знайшоў. А мёд? Масла? Дзе іх узяць?
Пастушэнка панурыўся ўжо зусім інакш — як бы з адчуваннем сваёй віны, што не можа параіць, дзе ўзяць хвораму дзіцяці самыя неабходныя лекі.
— Паеду да Бульбы.
— Так, так, язджайце,— адразу згадзіўся палкоўнік, хоць нядаўна абураўся, што «авантурыст, самазванец і рабаўнік Бульба кампраметуе ўсё рускае афіцэрства». Не любіў Бульбу. Аднак смеласцю яго захапляўся, шкадаваў, што нядоўга будзе насіць такую ліхую галаву ў бурлівы час.
— Але ў мяне да вас просьба. Я абяцаў Рудкоўскаму правесці з яго людзьмі заняткі па «Максіму». Мне не хочацца падводзіць іх. Правядзіце, калі ласка, вы.
— Я? — спачатку спалохаўся Пятро Пятровіч, але тут жа падняўся, задумліва прайшоўся па пакоі, спыніўся каля акна, прахукаў у замёрзлай шыбе «вочка», паглядзеў на заінелыя ліпы.
Багуновіч добра ведаў натуру палкоўніка: задумаўся — значыцца, згадзіўся.
Пастушэнка павярнуўся ад акна.
— А што... нядобра, што я... быццам баюся гэтых людзей? Нядобра?
Багуновіч не сказаў ні слова, толькі плюснуў вачамі: відаць, нядобра.
— Ах,— спахапіўся Пастушэнка, мяняючы тэму размовы.— Галоўнай навіны я вам не сказаў. Наш сусед справа, дзевяноста трэці полк, адведзены. Яго месца заняў Першы Петраградскі пралетарскі полк... Чырвонай Арміі. Чырвонай! А мы з вамі якая армія, Сяргей Валянцінавіч? Белая? Шэрая?
— Шэра-бура-малінавая,— засмяяўся Багуновіч.
Пастушэнка ўздыхнуў.
— Зайздрошчу я вам. Вашаму аптымізму.
2
«Які там да д'ябла аптымізм! — падумаў Багуновіч праз нейкі час, калі казак вывеў яму з баронскай канюшні стаенніка і ён ускочыў у сядло і галопам паехаў са старога парку на добра пратораную дарогу, што вяла ў лес, які сінеў воддаль.— Які там аптымізм, калі душу кошкі драпаюць? Ах, Міра, Міра! Як недарэчы ты захварэла. А я марыў узяць адпускную, паехаць з табой у Мінск, прадставіць цябе бацькам. Не, не бойся. Яны добрыя, культурныя людзі. Яны прымуць цябе. Можа, мама ўпотай трохі пашкадуе... Не трэба, мамачка. Ты ж сама казала, што гэта забабоны. Як яны аплялі нас, усе гэтыя забабоны ўмоўныя, саслоўныя, нацыянальныя, рэлігійныя... Як здорава, што з'явіліся людзі, якія так смела рвуць іх».
Там, у штабе, яго, бадай, парадавала навіна, што ўчастак фронту побач заняў свежы полк.
А ў дарозе, калі ўехаў у бор і пусціў скакуна лёгкай рыссю, раптам у такт ёканню конскай селязёнкі цюкнула: па ўмовах перамір'я на фронт не павінны перакідвацца новыя часці. Бальшавікі, выходзіць, пачалі такую замену. Праўда, гэтую ўмову перамір'я першыя парушылі немцы, пра што ён сам даносіў у штаб фронту. Як жа разумець з'яўленне новай часці? Дэманстрацыя супраць нямецкага парушэння? Ці можа перагаворы ў Брэсце праваліліся? Успомніў, што тры дні назад, уначы, усяго адзін дыпламатычны вагон прайшоў з Брэста ў Петраград. У штабе палка была тэлеграма, але ў ёй не гаварылася, хто паедзе, таму ніхто з камандзіраў і членаў камітэта спецпоезд не сустракаў. Не прыдалі значэння: у адным вагоне мог ехаць дыпкур'ер. У Брэст ішло ажно тры вагоны. Цяпер Багуновіч звязаў з'яўленне новага палка са спецпоездам і пахаладзеў ад думкі, што перагаворы сапраўды па чыёйсьці віне, нашай ці нямецкай, сарваліся. Яго зноў апанаваў страх, што немцы могуць перайсці ў наступленне. Як тады, калі ён ішоў ад іх з Мірай пад Новы год. Але цяпер страх быў намнога мацнейшы, страшнейшы, незнаёмы дагэтуль,— перад магчымасцю варожага наступлення.