Выбрать главу

«Куды яе дзець, хворую? Адаслаць у шпіталь? Не паедзе. Ды і я не магу. Не магу! Я баюся. Паміраюць там, у шпіталі...»

Назара Бульбу-Любецкага Багуновіч знайшоў за лясніцкім гумном. Выглядаў капітан не такім элегантным, як пад Новы год, калі ляжаў на мядзведжай шкуры. Цяпер сам быў падобны на мядзведзя, якога сярод зімы выгналі з бярлогі. Апрануты ў стары, падраны сялянскі кажух. Непаголены. З нездаровым шэра-прыпухлым тварам, пэўна, пасля перапою. Пануры. Ваўкадаў, пачуўшы чужога, кінуўся на Багуновіча, калі той быў яшчэ за гумном. Бульба пачаў мацюкацца: каго там чорт носіць?

Ваўкадаў так ашчэрыўся, што Сяргей на ўсялякі выпадак дастаў з кабуры наган і крыкнуў:

— Эй, хто там? Забярыце звера! А то застрэлю.

— Я табе застрэлю, такую тваю! Я цябе самога застрэлю! — Бульба выглянуў з-за гумна.— А-а, гэта ты? Рэкс! Свой! Хоць дурань, але свой!

«Нічога сабе сустракае госця»,— падумаў Багуновіч без крыўды. Аднак выгляд і настрой гаспадара насцярожыў.

— Аліс! Тэўтон! Узяць!

З сасонніку вылезла таўшчэзная істота ў даўжэзным нямецкім шынялі, у касцы, на якую была надзета кальчуга, яна закрывала твар і шыю.

Праз занесены сумётам плот пераскочыў другі ваўкадаў і кінуўся на чалавека.

Рэкс лёг на снег, напружыўся, нацэліўся, нецярпліва заскуголіў. Але Бульба стрымаў яго.

— Рэкс! На месца!

Тым часам Аліс наскочыла на чалавека ў шынялі. Счапіліся. Пакаціліся па снезе. Было відаць, як Аліс ірвала шынель, ажно ляцела ў снег шмаццё.

Багуновічу зрабілася жудасна ад гэтай недарэчнай гульні.

— Хто там?

— Мой разведчык — башкір Мустай.

— Ты і гэтага спусціш? — паказаў на Рэкса.

— Спушчу. Але пазней.

— Парвуць яны чалавека.

— Сяргей! Я лічыў цябе разумным афіцэрам. Ты што, ні разу не бачыў, як навучаюць сабак?

— Не бачыў.

— Да ну! А яшчэ — камандзір палка!

З гэтым анархістам, відаць, сёння не дамовіцца — уедлівы, злосны. І ўся ўвага яго — на сабаках.

— Наліха гэта табе?!

Аліс — па імені царыцы далі клічку,— мабыць, атрымала добрага кухталя, бо заенчыла і пачала адпаўзаць ад таго, на каго напала.

Бульба затупаў нагамі.

— Аліс! Аліс! Дзярмо сабачае! Баба ёсць баба! Аліс! Узяць! Узяць яго.

Але сучка, скуголячы ад болю і віны, паўзла да гаспадара, палахліва азіраючыся.

Разведчык падняўся і, пагрозліва расставіўшы рукі ў аўчынных рукавіцах, сунуўся за ёй.

Бульба павярнуўся да Рэкса, намерваючыся выпусціць яго.

Але Багуновіч спыніў:

— Назар! Спыні, калі ласка, гэтую гульню! Што за дзікае прадстаўленне?

— Хлюпікі вы, такую вашу...— аднак паслухаўся, крыкнуў: — Адбой!

Багуновіча ўразіла, з якой радасцю абодва сабакі кінуліся да гаспадара: жорсткая трэніроўка яўна была ім не даспадобы. Рэкс нават яго, чужога, абнюхаў даволі прыхільна: сябра гаспадара — яго сябра.

Башкір зняў кальчугу, адкрыў шырокі чырвоны твар.

— Ваша бродзь! Канчай, да?

— Я табе дам — «ваша бродзь»! Камісар стаіць, а ты мяне, сабачы сын, кампраметуеш.

Разведчык, набліжаючыся, шчыра і зусім па-панібрацку смяяўся.

— Мая — знае. Не камісар. Яго бродзь — ваша бродзь.

— Вот падлюга,— пасміхнуўся Бульба.— Усё знае. Але які разведчык! Колькі ён мне коней прыгнаў ад немцаў!

Пайшлі да лясніцтва.

— Ты пытаеш: на якое ліха мне такія сабакі? Я табе скажу — на якое. Ад палка майго, лічы, засталіся ножкі ды рожкі. Я... мае галаварэзы, асабістая гвардыя... ды камітэт, які пагражае расстраляць мяне. Учора адна рота, надзея і апора камітэта, знялася. Усе адразу. Ды яшчэ коней пагналі, сволачы. Скасіць бы сукіных сыноў з кулямёта.

— Лёгка ты косіш.

— Ні храна я не кашу. Каб касіць, трэба мець сілу, а я дагнаў іх удвух з Мустаем. Сцёбнуў нагайкай аднаго, другога. А трэці, бандзюга, з вінтоўкі ў мяне пальнуў. Бачыш, папаха прабіта? Але коней я ўсё ж вярнуў.

Бульба быў у сялянскім кажуху, але ў генеральскай папасе з чырвоным верхам і з чырвонай стужкай наўскось. Ніякай прабоіны не было відно. Бульба або «заліваў» — гэта ён добра ўмеў, або забыўся, што папаха на ім другая. Стрэліць па ім, безумоўна, маглі, калі ён сцёбнуў нагайкай. Цяпер салдаты не даруюць такіх замашак. Багуновічу даўно хацелася сказаць сябру, каб не занадта даваў волю свайму анархізму.