Выбрать главу

— Наскочыш ты калі-небудзь...

— На што? На кулю? Падумаеш, спалохаў! Мяне асуджалі да пятлі, да кулі... А я замоўлены. За мяне мама моліцца.

— Дык навошта табе сабакі?

— А-а, сабакі. Скажу... Салдаты — да баб, да зямлі, якую мы далі ім...

— Хто — мы?

— Бальшавікі ўзялі нашу, эсэраўскую, зямельную праграму. Сам Ленін прызнаў...

— Праграмы ўсе пісалі — дай бог якія. Галава кружылася.

— Не заганяй мяне ў цянёты палітычнай спрэчкі. Я сам добра ведаю, што мы дзярмо. І правыя, і левыя. Ва ўсёй партыі эсэраў ёсць толькі адзін сапраўдны чалавек. Гэта — я.

— Здзіўляе твая сціпласць.

Бульба засмяяўся.

— Але куды падацца такому чалавеку ў гэты час разброду і хістанняў? За ротай у тыл? Не. Мала я розных гадаў адаслаў у тартарары. Я з'явіўся на свет, каб ачысціць яго ад поскудзі... Такая мая місія. Дык вось сабакі... Я набіраю атрад... партызанскі... добраахвотнікаў. Як Дзяніс Давыдаў. З ім перайду ў нямецкі тыл і добра паганяю тэўтонскую сволач. Выпушчу кроў кайзераўскім сабакам.

Яны дайшлі да ганка. Багуновіч ступіў ужо на ўсходцы. Пры гэтых словах рэзка павярнуўся, схапіў Бульбу за плячо, праткнуў пальцы ў дзірку кажуха, ірвануў за воўну.

— Ты — што? Не разумееш, што гэта правакацыя? Ты хочаш сарваць перамір'е? Мір?

— А ты так баішся ваяваць?

— Баюся!

— Абабіўся ты, брат. «Одну ночь с ней провозился — сам наутро бабой стал». А мне з бабамі няма чаго рабіць! — Бульба вырваў плячо, адступіў ад ганка, здалося, гатовы плюнуць і пайсці здзяйсняць сваю задуму.

Багуновіч, вышэйшы ростам, ды яшчэ стоячы на ганку, глядзеў зверху на нізкарослага, але каранастага, на дзіва ўчэпістага — у зямлю ўчэпістага, як чапляецца за яе лугавы дуб-адзіночка,— чалавека, які даўно захапляў, а цяпер страшыў. Твар яго, шэры, размякчаны ад перапою ці замілавання сабакамі, раптам стаў валявы, рашучы, злосны, ажно пабялелі вочы.

— Назар! Я мушу данесці штабу фронту!

— Пляваў я на твой штаб! І на цябе! Даносчыкі! Навучыліся даносы пісаць. Ні храна ў бальшавікоў не атрымаецца, калі яны будуць гарнуць да сябе такіх слюнцяеў, як ты! Я такіх вешаў бы!

Багуновіч таксама быў закіпеў, але якраз апошнія Бульбавы словы — пра павешанне — неяк дзіўна ўтаймавалі, нагадалі, дзеля чаго ён прыскакаў сюды. А з-за чаго яны разышліся? Як неразумныя хлапчукі. Як задзірыстыя пеўні. Хіба ён не чуў раней, як Бульба за гадзіну-дзве мог «выдаць» не адзін самы неверагодны пражэкт? Так, пэўна, і з атрадам гэтым. Зганяе чалавек злосць за ўчарашняе паражэнне сваё ў баталіі з дэзерцірамі.

Спытаў лагодна, з усмешкай:

— У каго ты навучыўся вешаць, народнік? У Мікалая Другога?

Бульба не пакрыўдзіўся — нечакана таксама засмяяўся.

— Не бойся. Цябе я не павесіў бы. Збяднее свет без такіх ідэалістаў, як ты. Ды і сумна будзе без дурняў. Чалавецтву патрэбны ідэалісты і... Ладна, прабач.

Памірыліся. Увайшлі ў тую ж паляўнічую залу, якая не здалася ўжо такой прыгожай і ўтульнай, як у навагодні вечар. У ёй відны былі сляды ўчарашняга балю: брудны посуд, недакуркі, шампуры на падпаленых і запляваных мядзведжых і воўчых шкурах. І было холадна. Не палілі ці выстудзілі?

Багуновіч падумаў, што, відаць, дэмабілізаваў сябе верны служка Бульбы, зямляк, чарнігаўскі селянін, хітры, немалады ўжо хахол, але надзвычай гаспадарлівы — усё ўмеў. Пры ім ніколі не было такога гармідару.

Бульба паморшчыўся і вылаяўся.

— Быдла!

Багуновічу хацелася сказаць, што калі эсэр так лае салдат, то выдае гэтым панскія замашкі куды горшыя, чым тыя, якія часам праяўляюцца ў яго і за якія Назар сячэ яго па вачах. Але пабаяўся, каб гаспадар зноў не разгневаўся. Бульбу бывае цяжка зразумець.

— Дзе твой Грыцук?

Бульба пыхцеў, як паравоз, перасоўваючы цяжкія крэслы, каб паставіць іх на месца і навесці хоць які парадак. Адказаў не адразу і вельмі злосна:

— Ты ведаеш, на чым пагараць бальшавікі? На тым жа зямельным дэкрэце. Я пераконваюся: аддаваць зямлю, усю і адразу, мужыкам нельга было. Цяпер іх не ўтрымаеш ні ў якай арміі, А без арміі... Якая ўлада без арміі? Запануе анархія. Кожны будзе — як я: што хачу — тое і малачу.

Але, не ўтрымалі Грыцука ні каньякі французскія, якія ён піў разам з Бульбай, ні смажаніна з дзічыны, рэшткі якой засталіся на шампурах. Уцёк Грыцук у свае Рэпкі, да зямлі, да дзяцей.

Думкі, накшталт тых, што выказаў Бульба, з'ўляліся і ў Багуновіча, яму таксама рабілася страшна ад развалу арміі, але адносіўся ён да салдат, што пакідалі фронт, інакш. Ва ўсялякім разе, нагайкай не пачаў бы сцёбаць, а тым больш страляць. Па сабе ведаў, як абрыдла вайна, акопнае жыццё, як хочацца самага звычайнага чалавечага жыцця.