Выбрать главу

Камандзіры гэтак жа весела пасміхаліся з такога прадстаўлення.

— Саша Сухін. Бач, як сугучна падабраў імя і прозвішча! — Чарназёмаў раптам характэрна заокаў: — Ніжненоўгородскі мукомол. Командзір першага. Між іншым, таксама піцерскі каваль. Адны кавалі. А пра каваля ты, Багуновіч, сказаў не таму, што ў цябе вока вострае. А каб напомніць нам: я афіцэр, франтавік. А вы хто? Кавалі.

Багуновіч ажно збянтэжыўся: во гэта праніклівасць!

— Што вы!

— Нічога, мы не крыўдуем. Але ты ведай: у Чырвонай Арміі палкамі будуць камандаваць кавалі.

Багуновічу моцна хацелася запярэчыць, што асабіста ён не верыць у армію без адукаваных афіцэраў. Але, хоць і настройваў сябе быць незалежным, дзёрзкім, сказаць гэтага не адважыўся. Адчуў, што Чарназёмаў палоніць сваім розумам і аўтарытэтам. Ды і Сцяпанаў, старшыня салдацкага камітэта, бачна па ім, ужо ўвесь пад уплывам гасцей, ажно зарумяніліся яго жоўтыя сухотныя шчокі. Сцяпанава можна зразумець: у гасцях — піцерцы, бальшавікі. А яму, беспартыйнаму, чаго «здымаць шапку» перад імі?

Багуновіч быў незадаволены сабой і раздражняўся на клопаты Пастушэнкі: палкоўніку хацелася напаіць гасцей чаем.

Селі за доўгі штабны стол.

Багуновіч сам прыбраў аператыўныя карты, зноў-такі не без дэманстрацыі — маўляў: чытаць вам іх без патрэбы, ды і наўрад ці ўмее хто з вас «чытаць» карту. Але гэта, здаецца, не заўважыў нават Чарназёмаў, чаму Сяргей пасля парадаваўся. Аднак усё роўна яму хацелася... ну, калі не ўзяць рэванш за сваё паражэнне, то хаця б вярнуць сабе ролю гаспадара. Спытаў з яўным выклікам:

— Што ў Піцеры? Усё яшчэ расказваюць байкі пра блізкі мір?

— Чаму байкі? — насцярожыўся латыш.

Іншыя таксама насцярожыліся. Чарназёмаў глядзеў сваімі цыганскімі вачамі пранікліва, твар яго быў сур'ёзны, але вочы, здалося Сяргею, іранічна пасміхаліся, як вочы бацькі з неразумнай упартасці сына. Гэта выводзіла з раўнавагі, злавала.

— То чаму ж яго не падпісваюць? Цяжка памачыць пяро ў чарніла? Чаму прысылаюць на фронт свежыя часці? У парушэнне ўмоў перамір'я...

— А вы што — хочаце адкрыць фронт перад немцамі? Чым вы маглі заткнуць дзіркі, якія нарабілі? — знешне ветліва, але з нейкай унутранай непрыязню спытаў Гарчакоў.— У імперыялістаў воўчыя звычкі...

— Пачакай, Сцяпан,— перапыніў яго Чарназёмаў.— Давай спачатку высветлім пазіцыі,— і да Багуновіча: — З-за тваёй злосці я не зразумеў, за што ты — за вайну ці за мір?

— Я? Я сыты вайной во так! — Багуновіч секануў далоняй па шыі.

— Значыцца, мы аднадумцы. Хоць не ўсе... Сухін у нас за рэвалюцыйную вайну. І ў партыі такіх гарачых галоў нямала...

— Яны ваявалі, гэтыя гарачыя?

— Цяпер я зусім паверыў, што ты за мір. Дык ведай жа: Ленін за мір. Правадыр пралетарыяту настойліва дамагаецца яго падпісання.

— Але партыя ў нас дэмакратычная,— сказаў латыш.

— У вайне трэба не галасаваць, а дзейнічаць.

— Ты глядзі, які ён малайчына! — пахваліў Чарназёмаў.— У Піцер бы яго, да нашых «левых». Няхай бы пачулі думку франтавіка. Слухай, Саша.

Але пахвала такая зноў закранула самалюбства: хваляць, як хлапчука. Сяргей секануў:

— Няхай палітыканы займаюцца балбатнёй. А я думаю: чым салдат накарміць?

— Добры хлопец. Але адукоўваеш, Сцяпанаў, яго слаба. Бальшавікі не балбочуць. Яны дзейнічаюць. Прызнай: з'яўленне нашага і іншых палкоў — гэта не словы. Ты што ж думаеш? Калі мы падпісалі перамір'е, то можна, як таму гогалеўскаму герою, разявіць рот і чакаць, калі варэнік сам заляціць у рот? Не, брат.

Ого! А каваль адукаваны — Гогаля ведае.

— Шэсць дзён назад наш баявы атрад... ён стаў палком... праводзіў на фронт таварыш Ленін...— пачаў латыш.

— Сам Ленін? — усміхнуўся Багуновіч.

— Не чытаеш ты, паручнік, газет. Бальшавіцкіх,— зноў папракнуў Чарназёмаў.

Сказаць, што газеты пасля з'яўлення Міры ён чытае ўважліва, Багуновіч не мог. Выказаў папрок франтавому беспарадку:

— Нам лягчэй дастаць нямецкія газеты, чым атрымаць свае.

— Вы чытаеце па-нямецку? — як бы з падазронасцю спытаў Гарчакоў.

— На жаль, не,— і паглядзеў на Сцяпанава. Той змаўчаў. Сяргей у думках падзякаваў старшыні камітэта, што не сказаў пра Міру, якая чытае ўсім ім нямецкія газеты.

Латыш цярпліва пачакаў, пакуль яны перакінуліся гэтымі фразамі, і прадоўжыў:

— Таварыш Ленін выступіў перад нашым атрадам,— але тут жа паправіў сябе: — перад нашым палком... Таварыш Ленін сказаў: мір мы падпішам абавязкова. Але, так сказаў таварыш Ленін. І яшчэ сказаў: чырвонаармейцы — баявы атрад пралетарыяту Піцера — павінны падняць дух... у каго аслаб дух. «Затыкаць дзіркі» — няправільна сказаў таварыш Гарчакоў.