— Мы павінны замяніць часці, якія страцілі баяздольнасць,— дапоўніў Чарназёмаў.
— Гэта правільна. Так гаварыў таварыш Ленін.
Багуновіч падумаў пра суседа злева — пра полк
Бульбы, дзе сапраўды ўтварылася дзірка, пустата на некалькі кіламетраў шырынёй, прыкрытая хіба што заснежаным лесам, дзе амаль няма дарог, гэта адзінае, што можа перашкодзіць немцам зайсці ў тыл яго палку. Сказаць ім пра гэта? Не. Атрымаецца, што ён як бы даносіць на прадстаўніка партыі эсэраў, якіх бальшавікі не любяць. Ён так і не адважыўся спытаць у Бульбы: які ён эсэр — правы, левы? Назар «скланяе» аднолькава і тых, і тых, называе балбатунамі. Учора ён прывёз масла і доўга весяліў Міру яўна выдуманымі знарок для яе гісторыямі, у якія ён нібыта трапляў і апынаўся заўсёды ў смешным становішчы. Не саромеўся пасмяяцца з самога сябе. Не, Бульбу ён будзе абараняць, калі спатрэбіцца!
Аднак гэтых людзей не назавеш балбатунамі. Яны сапраўды дзейнічаюць. Латыш сказаў Сцяпанаву:
— Мы прышлём табе агітатараў... падняць дух...
Багуновіч не быў супраць агітатараў, ён верыў у сілу
слова. Бальшавіцкага. Так заўсёды папраўляла яго Міра. Цяпер, калі яна хворая, ды і Сцяпанаў адчувае сябе не лепшым чынам,— добрыя агітатары будуць дарэчы. Але ў ім усё яшчэ бушаваў маленькі чорцік пратэсту.
— Вы нам хлеб прышліце...
Чарназёмаў свіснуў.
— Ты бач, чаго захацеў! Мы ў цябе хацелі пазычыць. Ты знаеш, як жыве пралетарыят Петраграда, Масквы? Па колькі рабочы атрымоўвае хлеба...
Багуновіч гэта ведаў, і яму ўпершыню за ўсю размову зрабілася сорамна.
— Каб не тутэйшыя сяляне, мы таксама галадалі б.
— Рэквізуеце?
— Не, просім. Вымольваем.
Чарназёмаў засмяяўся.
— Харошы ты камандзір, Багуновіч. Каб цябе палітычна адукаваць...
— Магу вас расчараваць: мяне ніколькі не вабіць ваенная кар'ера.
— Шкада,— зусім шчыра сказаў прыхільнік «рэвалюцыйнай вайны» Сухін, які дагэтуль маўчаў, але так уважліва вывучаў Багуновіча, што таму ад яго позіркаў рабілася ажно ніякавата.
— Во, бачыш! Нават Саша цябе палюбіў. А ён буржуяў гэтых...
— Я не буржуй!
— Прабач.
Пастушэнка з дапамогай днявальнага падаў чай: па кубку кіпню, заваранага ліпавымі кветкамі і малінай — пах пайшоў царскі,— па скібцы хлеба і маленькім драбку цукру.
— Ты глядзі, як яны багата жывуць! — пажартаваў Чарназёмаў. Жарт яго прынялі і гаспадары, і госці. За чаем размова ішла спакойная, лагодная, сяброўская — пра марозы, пра сялян, пра немцаў — як вядуць сябе пад час перамір'я.
Выпіўшы свой кубак чаю, Чарназёмаў сказаў:
— А цяпер, гаспадар, пакажы нам пазіцыі палка.
— Гэта што — інспекцыя?
— Ну і гонару ў цябе! Мы павучыцца хочам, дзівак.
Падхапіўся стары Пастушэнка.
— Калі ласка, таварышы.
Багуновічу здалося, што стары палкоўнік нечаму вельмі ўзрадаваны. Не мог дацяміць — што яго радуе?
Госці прыехалі на дваіх санях. На гэтых санях паехалі на пазіцыі батальёнаў. З імі Багуновіч і Пастушэнка. Сцяпанава не ўзялі: на марозе страшна кашляе, задыхаецца чалавек.
Багуновіч раптам адчуў, што ён хвалюецца, што так не хваляваўся ўжо даўно. Як перад інспекцыйнай праверкай. Некалі, у пятнаццатым годзе, ён страшна перахваляваўся, калі стала вядома, што полк іх наведае вярхоўны — вялікі князь Мікалай Мікалаевіч. Ён не спаў колькі начэй. Марыў: вялікі князь прыйдзе на пазіцыі яго ўзвода і пахваліць яго, камандзіра, ці можа нават начэпіць афіцэрскага Георгія. Але тут жа апаноўваў страх: а раптам нешта не так? Высокае начальства, цэлая світа генералаў, можа ўбачыць тое, чаго сам ты ніколі не ўбачыш, хоць два тыдні ўжо дзень і ноч рыхтуешся да такога высокага агляду.
Тады ён быў жаўтароты прапаршчык, з яго яшчэ не выветрыўся чад ура-патрыятызму.
Вярхоўны наведаў полк, але на перадавой не з'явіўся. З такой інспекцыі ліберальныя афіцэры пасля кпілі. А ён, калі працверазеў, расказваў пра свае мары і страхі з бязлітаснай да сябе і са злоснай у адносінах да дзядзькі цара іроніяй.
І раптам цяпер, пасля рэвалюцыі, калі ён даўно вызваліўся ад любых ілюзій наконт уласнага лёсу,— амаль такое ж хваляванне. Перад кім? Перад кавалямі. Пасля, у размове з Мірай, згадзіўся з яе думкай: таму і хваляваўся, што інспекцыю праводзілі не генералы, а кавалі — камандзіры пралетарскага палка.
А ў дарозе, пакуль ехалі за станцыю, на пазіцыі другога батальёна, дзе пярэдняя лінія была за чвэрць вярсты ад нямецкіх акопаў, моцна злаваўся — на самога сябе. І на Пастушэнку — за тое, што стары сапраўды такі быццам радаваўся гэтай паездцы і зрабіўся ненатуральна гаваркі — расказваў гасцям усе падрабязнасці, што датычыліся размяшчэння палка, асаблівасці пазіцый перад кожным батальёнам, выказваў меркаванні аб сілах праціўніка. У ацэнцы гэтых сіл у Багуновіча былі прыкметныя разыходжанні з начальнікам штаба: лічыў, што агнявая магутнасць немцаў большая. Але аспрэчваць яго не стаў. Згадзіўся: няхай палкоўнік расказвае і далей, у яго палкавы маштаб і непараўнальна большы вопыт камандавання.