Выбрать главу

Аднак хваляванне не ўтаймоўвалася. Нікога ж не папярэдзілі, таму, безумоўна, была боязь, што ў бліндажах першай лініі не будзе салдат — як пад Новы год, калі яны з Мірай ішлі ад немцаў.

На яго здзіўленне, якое перарасло ў радасць (чаму ён супраціўляўся і ўнутрана фыркаў на гэтае нечаканае пачуццё?), людзей у бліндажах было больш, чым трэба. Тыя салдаты, што знаходзіліся ў ахове, у каравуле, мелі добрую баявую форму, хады зносін, стралковыя і кулямётныя гнёзды былі ачышчаны ад снегу.

Салдаты віталі камандзіра палка, начальніка штаба і гасцей з рэвалюцыйнай стрыманасцю — не цягнуліся ў струнку, не елі вачамі, але па вайсковай форме. Адказвалі гэтак жа — стрымана, але ветліва і па статуту.

У першым бліндажы камандзір узвода унтэр Бураў закамандаваў:

— Устаць! Смірна!— і далажыў: — Таварыш камандзір палка! Першы ўзвод другой лінейнай роты нясе ахову баявога ўчастка ад чыгункі да вышыні сто дванаццаць. На ўчастку ўсё спакойна. Прыходзілі нямецкія салдаты, трое, каб выменяць боты на махорку. Махорку далі...

— Але і боты ўзялі? — іранічна спытаў Багуновіч.

Унтэр вінавата пашкроб патыліцу.

— У той раз мы аднаго з іх у валёнкі абулі, адмарозіў герман ногі,— сказаў стары салдат, каб апраўдаць узвод.

— Во — пралетарская салідарнасць! — павучальна адказаў латыш.

Багуновіч слухаў тлумачэнні Пастушэнкі, а глядзеў на салдат, думаў пра іх лёс і адчуваў новы прыліў удзячнасці ім.

Калі выйшлі з бліндажа, малады Сухін, знешне маўклівы, але на самай справе даволі бурны, хмыкнуў:

— А парадачкі ў іх тут яшчэ царскія.

— Парадкі ваенныя,— асек яго Чарназёмаў. Камандзір рабочага палка слухаў тлумачэнні ўважліва, унікаў ва ўсе дэталі акопна-бліндажнай тэхнікі, аховы пярэдняй лініі, арганізацыі абароны на выпадак, калі ваенныя дзеянні раптам маглі ўзнавіцца. Не саромеўся паказаць, што сапраўды вучыцца, а не інспектуе. Нават неяк палагаднеў, падабрэў, звяртаўся да Багуновіча з большай павагай, ва ўсялякім разе, ужо без крыўднай для Сяргея паблажлівасці старэйшага.

Ад гэтага ці, хутчэй, ад парадку ў батальёне лагаднеў і Багуновіч. Адмовіўся ад своеасаблівага пратэсту: няхай расказвае Пастушэнка. Пачаў ахвотна адказваць на пытанні гасцей. Не звяртаў асаблівай увагі на ўедлівыя заўвагі Сухіна. Пашкадаваў, што вечарэе і ён не можа паказаць гасцям яшчэ адну баявую часць, да якой меў дачыненне,— мясцовы чырвонагвардзейскі атрад Рудкоўскага: разышліся сяляне па хатах. Другім разам абавязкова пакажа.

Пад канец паездкі Багуновіч сказаў Чарназёмаву:

— А цяпер я хацеў бы пазнаёміцца з вашым палком.

Чарназёмаў і латыш пераглянуліся.

— Па вайсковай часці павучыцца ў нас яшчэ няма чаму. А павучыць вы нас можаце. Таму — калі ласка просім. Калі? Заўтра?

— Заўтра.

— У нас ёсць два дзесяткі вёрст палявога дроту Мы хацелі б устанавіць тэлефонную сувязь з вашым штабам.

Гэтаму і Багуновіч, і Пастушэнка ўзрадаваліся асабліва: адарванасць ад правага суседа — палка іншай дывізіі — іх заўсёды моцна трывожыла, яны добра ведалі, што стыкі армій, дывізій — тыя слабыя месцы, па якіх немцы на працягу вайны наносілі ўдары.

Немцаў, як ён сам казаў, Багуновіч адчуваў скурай. Пакуль ездзілі ўздоўж лініі фронту, магчыма, ён адзін убачыў, як бліскалі на сонцы нямецкія біноклі. Не адзін. Некалькі. Ці не замнога пад час перамір'я на невялічкім участку бінокляў? За кім і за чым яны сочаць? Ад такой думкі зрабілася трывожна на сэрцы.

4

Міры зноў стала горш, уначы яна трызніла, і Багуновічу не хацелася ехаць да суседзяў. Але не паехаць было няёмка — сам напрасіўся. Безумоўна, можна паслаць веставога з прабачэннем, нейкую прычыну можна выдумаць. Але яшчэ ўчора, калі развіталіся з гасцямі і пасля абмяркоўвалі нечаканую падзею дня, убачыў, што паехаць у першы полк новай арміі хочацца не толькі яму, але і Сцяпанаву, і Пастушэнку. Ды і Міра загарэлася гэтай ідэяй і цэлы вечар хваліла яго жаданне наведаць суседзяў, вельмі шкадавала, што хвароба не дазваляе ёй паехаць разам з імі, ачуняе — адразу паедзе. Гэта ж не хто-небудзь, не сяляне, апранутыя ў шынялі,— петраградскія пралетарыі, добраахвотнікі! Там, напэўна, не жменька, як у іх палку, партыйцаў-бальшавікоў, а добрага паўпалка. Раніцой яна і слухаць не захацела, што ён адкладзе паездку.