— Што ты выдумаў? Якое трызненне? Гэта я ў сне гаварыла. Мама казала, што я заўсёды гавару ў сне. Цікава, на якой мове я гавару ў сне? Часта сню, што гавару па-нямецку. Дзіўна. Неяк сніла, што я з табой гаварыла па-нямецку. А ты не разумеў, ты адказваў па-французску. Мне было страшна. Я ніяк не магла ўцяміць, чаму нам не гаварыць па-руску, каб мы разумелі адно аднаго. Сасніш жа такую бязглуздзіцу!
Сяргей папрасіў гаспадыню паглядзець хворую. Альжбета пакрыўдзілася.
— Пане паручнік, няўжо ж вы думаеце, што мы з Юстынай пакінем хворае дзіця? Як вам не сорамна! За каго вы нас лічыце? А яшчэ такі жэчны пан!
Але ад крыўды яе зрабілася хораша на душы. Заспакоены Багуновіч паехаў у штаб.
Толькі развідняла. Наваколле ахутваў марозны туман. Здаецца, трохі пацяплела, але ад туману такога было вельмі золка, не ратаваў і кажух. Здавалася, туман лез нават у боты, ногі вельмі хутка замерзлі.
Пастушэнка і Сцяпанаў былі ўжо апранутыя. Чакалі яго.
Пятро Пятровіч прапанаваў, што нядрэнна было б суседзям падарыць што-небудзь сімвалічнае. Як кажуць, на добрую дружбу. Пачалі думаць, што можна падарыць. Ды стары палкоўнік, відаць, усё прадумаў ужо: дастаў з шуфляды стала трафейны браўнінг. Браўнінг, пэўна, належаў высокаму нямецкаму чыну: ручка інкруставаная, на адным баку яе — вензель кайзера Вільгельма. Ці не сам кайзер дарыў яго свайму генералу?
Сцяпанаву падарунак не спадабаўся — не той сімвал: змагаемся за ажыццяўленне Дэкрэта аб міры, а дорым зброю, ды яшчэ нямецкую.
Багуновіч раней не бачыў гэтага браўнінга. Наўрад ці ён быў на складзе; там хавалася нямала трафейнай зброі — полк неаднойчы рабіў паспяховыя атакі. Але такую «цацку» даўно ўкралі б. Хутчэй за ўсё браўнінг належаў Пастушэнку, можа, сам некалі захапіў ці яму падарылі. Але палкоўнік ніколі не хваліўся такой рэччу і цяпер, відаць было па ім, ахвотна згаджаўся пазбавіцца ад яе. Багуновіч узяў браўнінг, з цікавасцю пачаў разглядаць.
— Класная штучка.
Пастушэнка папярэдзіў:
— Асцярожна. Зараджаны.
У гэты міг зазумерыў тэлефонны апарат.
Сувязь у штабе палка была мізэрная — не хапала дроту: толькі з дальнім трэцім батальёнам, з батарэяй гаўбіц і са станцыяй, дзе сядзеў ваенны тэлеграфіст.
Сігнал падаў апарат сувязі з батарэяй.
Пастушэнка ўзяў трубку. Слухаў — і твар яго прык метна бялеў. Не адрываючы трубку, сумна сказаў:
— Уначы зніклі дзве гаўбіцы. З запрэжкамі. Сляды вядуць на нямецкі бок. Знік прапаршчык Межань... з двума батарэйцамі.
Прадалі, сукіны сыны, гаўбіцы!
Багуновіч з браўнінгам у руцэ кінуўся да дзвярэй. Сігнуў з другога паверха флігеля па драўлянай лесвіцы так, што зазвінелі не толькі застылыя шыбы, але і бляха на даху. Ажно спалохана адскочылі ад яго коні. Ды лейцы былі прывязаны да ліпы. Салдат, які павінен быў везці іх да суседзяў, недзе грэўся, пакуль камандзіры збіраліся. Багуновіч сунуў браўнінг у кішэню ка жуха і пачаў адвязваць лейцы.
Рукі калаціліся, не адразу ўправіўся з простым вузлом на лейцах. Гэта дало Пастушэнку час дабегчы да саней. Ведаючы, што спыніць камандзіра немагчыма, мудры стары адразу кулём паваліўся ў сані, на духмянае сена.
Багуновіч адвязаў лейцы, ускочыў у перадок саней, ударыў лейцамі па конях, галёкнуў на ўвесь парк. Каля аборы ледзь не збілі жанчыну з вёдрамі.
Пастушэнка не мог сцяміць, што надумаў Багуновіч, куды ён так апантана ляціць. Думае дагнаць камандзіра батарэі? Злаві вецер у полі. Толькі б ён, гарачая галава, не надумаўся ехаць да немцаў, выручаць гаўбіцы. Абсурд. Ганьба. Уніжэнне перад ворагам.
— Сяргей Валянцінавіч, голубе, што вы надумалі? Не трэба, прашу вас.
— За гаўбіцы я з яго душу вытрасу!
— З каго? З Межаня? Дзе вы яго знойдзеце?
У адказ Багуновіч злосна сцёбнуў па конях, быццам яны былі вінаватыя.
Не, да пярэдняга краю ён не паехаў. І дарогу, што вяла на батарэю, мінуў. Гнаў па сяле, у бок мястэчка.
Тады Пастушэнка зразумеў, куды камандзір едзе. На станцыю. Не на сваю. На гэтую станцыю з нямецкай назвай — па маёнтку,— якая была ўсяго за паўтары вярсты ад пярэдняга краю, паязды не прыходзілі, зрэдку ўночы праганялі колькі вагонаў. Прыфрантавой станцыяй сталі Пальчаны — за дзесяць вёрст у тыле іх палка. Там ішла разгрузка і пагрузка вайсковых эшалонаў. Туды цякла плынь сама дэмабілізаваных па меншай меры з пазіцый трох дывізій, каб ехаць на ўсход у любых вагонах — абы ехаць, не ісці пехатою. Двух камендантаў станцыі там ужо застрэлілі: капітана, назначанага яшчэ пры Керанскім, і новага, бальшавіка-матроса, які не спрабаваў вярнуць дэзерціраў назад у часці, не, толькі хацеў надаць стыхіі нейкі лад, узаконіць дэмабілізацыю. З таго часу на станцыі панавала анархія, там амаль адкрыта рабавалі вагоны, якія прыходзілі для франтавых часцей. Калі тыдні тры назад атрымалі тэлеграму са штаба тылу фронту, што палку пасланы вагон мукі, а вагон гэты знайшлі пусты, Багуновіч ірваўся сваімі сіламі навесці на станцыі парадак. Яго адгаварылі Пастушэнка, Сцяпанаў, увесь салдацкі камітэт: можа быць кровапраліцце. Ды і невядома, як вытлумачыць вышэйшае вайсковае начальства такое ўмяшанне ў справы не сваёй службы, не ў сваёй зоне.