Выбрать главу

Цяпер Пастушэнка з жахам уявіў, што можа здарыцца, калі камандзір у такім стане ўскочыць у перапоўненую салдатамі залу станцыі і знойдзе там Межаня. Здаецца, ён сунуў у кішэню браўнінг. Ды і свой рэвальвер пры ім.

— Сяргей Валянцінавіч! Не рабіце глупства.

— Палкоўнік! Вы называеце гэта глупствам? Прадаць немцу гарматы — глупства?

— Я — пра самасуд...

— Я ўсё магу дараваць. Усё. Вы самі называлі мяне талстоўцам. Але самая подлая здрада — прадаць ворагу зброю. Кулацкая морда! Не спыняйце мяне, Пятро Пятровіч! Не спыняйце! Інакш я пушчу кулю сабе ў лоб. Што засталося святое? Што? — і сцёбаў, сцёбаў лейцамі коней. З-пад іх ног ляцелі ледзяшы, выбітыя падковамі, часам балюча білі ў твар. Сані на ўхабах заносіла, ездакоў засыпала снежным пылам. Нічога гэтага Багуновіч не бачыў, не адчуваў. Агонь гневу затуманьваў розум.

Можа, ён не перажываў бы так балюча, каб гэта зрабілі непісьменныя, галодныя салдаты. Нарэшце, і афіцэр... любы з тых, што не прыняў рэвалюцыі, стаў яе ворагам. А гэты ж Межань пасля Лютаўскай рэвалюцыі выдаваў сябе за вялікага рэвалюцыянера, эсэра, крычаў на кожным мітынгу. Пасля Кастрычніка лез у камандзіры палка, эсэры галасавалі за яго, ды бальшавікі не падтрымалі. Сцяпанаў супраць выказаўся: з кулакоў. Мімаволі паверыш, што сутнасць чалавека вызначаецца яго класавай прыналежнасцю. Межань — сын ігуменскага кулака, добрага, відаць, кулака, бо нават бровар свой мае: стары Межань прывозіў на фронт спірт, бочкі спірту. Ці не за спірт недавучку-гімназіста, унтэрыка так хутка ўзвялі ў чын прапаршчыка? Але, Сцяпанаў мае рацыю: кулак ёсць кулак.

— Ну, падлюга, тваё шчасце, калі я не знайду цябе на станцыі!

— Сяргей Валянцінавіч! Богам прашу, астыньце.

Ды просьбы добрага старога не супакойвалі, а яшчэ больш распалялі Багуновіча. Можа, яму самому хацелася супакоіцца, таму лаянкай пачаў выпускаць пару: раптам мацюкнуўся па-акопнаму, па-салдацку, чаго ніколі не дазваляў сабе ў прысутнасці далікатнага Пастушэнкі.

Шчасця ў Межаня не было.

Яны дагналі яго з хаўруснікамі за якія дзве вярсты ад станцыі, на вуліцы невялічкай вёсачкі. Аглянуўшыся на тупат коней, пазнаўшы камандзіра, дэзерціры, усе трое, кінуліся да бліжэйшага двара з высокім парканам. Унтэры шмыгнулі ў брамку. А прапаршчыку, напэўна, «афіцэрскі гонар» перашкодзіў схавацца, як зайцу, ён вырашыў сустрэць небяспеку тварам у твар. Стаяў, прытуліўшыся да шула, рашучы, ваяўнічы.

Багуновіч рэзка развярнуў коней перад дваром, і яны, каб не ўрэзацца ў вароты, уздыбіліся над гандляром гаўбіцамі, але, разумныя, не апусцілі на чалавека сваіх гарачых ад бегу капытоў, развярнуліся яшчэ больш, ламаючы агароджу перад хатай.

Багуновіч саскочыў з саней. Цяпер ён і Межань стаялі за нейкія тры крокі адзін перад адным, тварам у твар, абодва задыханыя, збялелыя.

— Гаўбіцы... Гаўбіцы дзе? Сволач! Застрэлю!

Магчыма, усё магло б скончыцца пагрозай і арыштам, бо браўнінга ў руках Багуновіча не было. Але Межань... Межань першы падняў крысо казацкай бекешы, яўна жадаючы дастаць з кабуры наган. Тады і Багуновіч успомніў пра браўнінг, які быў бліжэй — у кішэні кажуха.

Стары Пастушэнка, скаціўшыся з саней, упаў у снег, таму не паспеў, не мог паспець... спыніць ашалелага ад гневу камандзіра палка. Калі грымнулі стрэлы... адзін... другі, ён абхапіў Багуновіча за плечы, заламаў яго рукі назад.

— Сярожа! Сярожа! Сынок! Не трэба! Галубчык, не трэба...

Межань з вачамі, напоўненымі жудасцю, павольна спаўзаў на снег, сутаргава хапаўся той рукой, што шукала рэвальвер, за шула, стараючыся ўтрымацца на нагах. На белым кажуху, на жываце, расплывалася чорная пляма.

Багуновіч бачыў многа крыві, але свежая, яна заўсёды была алая. Чаму яго кроў чорная? Думка такая прымхліва жахнула. Паслухмяна аддаўшы Пастушэнку браўнінг, ён пайшоў па вуліцы, не бачачы сялян, што нясмела выглядалі з брамак — ка стрэлы. Яго ліхаманіла і ванітавала.