Выбрать главу

«Людскі тэлеграф» перадае звесткі з няменшай хуткасцю, чым любыя тэхнічныя сродкі, але скажае іх, бадай, горш, чым любыя апараты.

З маёнтка перадалі на станцыю, што камандзіра палка забілі, Баранскаса, які ў вайну страціў брата, бачыў тысячы смерцяў, калі фронт наблізіўся да яго станцыі, такая смерць — забойства салдатамі камандзіра, такога добрага, такога народнага афіцэра, забойства ў час, калі няма ні баёў з немцамі, ні рэвалюцыі,— цяжка ўразіла. Ён доўга не адважваўся пайсці на кватэру. А калі прыйшоў, пані Альжбета адразу ўбачыла па выразу яго твару, што здарылася нешта страшнае.

— Што здарылася, Пятрас? Што? Зноў вайна?

— Забілі пана паручніка.

Юстына, якая была пры гэтым, жахліва войкнула, потым заплакала наўзрыд. Альжбета кінулася да дачкі, прыціснула яе твар да сваіх грудзей, каб заглушыць рыданні, каб іх не пачула за сцяною Міра.

Супакоіўшы трохі Юстыну, забараніўшы ёй і мужу заходзіць да хворай, сама яна, аднак, палічыла сваім мацярынскім абавязкам наведаць Міру. Лічыла, што здолее спакваля падрыхтаваць яе да страшнай весткі, якую раней ці пазней трэба будзе паведаміць, не схаваеш такое.

Але як яна па выразу твару мужа ўбачыла, што прынёс ён страшнае, так і Міра на яе твары прачытала: здарылася жудаснае. Ды толькі ні пра што іншае — ні пра наступленне немцаў, ні пра контррэвалюцыю — яна не падумала. Пра яго аднаго падумала. Падхапілася на ложку.

— Што з ім? Што?

Альжбета не магла гаварыць, спазмы душылі горла, праз туман слёз яна бачыла збялелы Мірын твар і ненатуральна расшыраныя вочы, якія прамянілі такую пакуту, такі боль, што ў маці разрывалася сэрца. О, святы Езус, не дай перажыць такое самой ёй ці дачцэ яе!

— Ды скажыце ж вы! — у роспачы закрычала Міра.

Альжбета наблізілася, паспрабавала абняць дзяўчыну.

— Мужайся, дзіця маё.

Міра вызвалілася з абдымкаў, саскочыла з ложка, похапкі пачала адзявацца і толькі ўтрапёна паўтарала адно і тое ж пытанне:

— Дзе? Дзе ён? Дзе ён?

Альжбета не ведала, дзе ён. Паспрабавала стрымаць Міру, хоць добра разумела, што стрымаць немагчыма, што і сама яна, якой бы хворай ні была, вось гэтак жа кінулася б туды, дзе ён, каб знаць, што з ім.

Міра не чула ніякіх слоў, якімі жанчына спрабавала суцешыць ці супакоіць яе. Альжбета памагла ёй апрануцца. Але ж хіба можна адпусціць адну, такую аслабелую, з такім горам? Яшчэ ўпадзе на дарозе.

Марознае паветра разанула хворыя лёгкія, быццам прашыла іх кулямётнай чаргой. Міра задыхнулася. Яе павяло ўбок. Перад вачамі паплылі жоўта-зялёныя кругі. Няўжо ў яе няма сілы ісці? І яна ніколі ўжо не ўбачыць яго? Яшчэ большы страх апанаваў яе: ёй не хацелася верыць у смерць, яна ні разу не сказала пра смерць, ды і Альжбета таксама; уяўлялася, што ён паранены і яго могуць павезці некуды ў невядомае, адкуль не вяртаюцца і дзе немагчыма яго знайсці. Але, можа, страх даў сілу ўстаяць на нагах, не ўпасці. І боль у грудзях заглушыў. Зямля пад нагамі стала цвёрдая, не хісталася, не плыла, ногі не слізгалі на праторанай дарозе.

Не адразу яна сцяміла, што яе падхапілі, падтрымалі ласкавыя рукі, з аднаго боку — мацярынскія, з другога — сястрынскія.

Юстына выскачыла адразу за маці і Мірай, нягледзячы на пярэчанні бацькі. Альжбета ўбачыла дачку, калі яна следам за ёй, з другога боку, падхапіла Міру, таму не запярэчыла, каб яна ішла з імі, парадавалася Юстынінай чуласці да чужога гора.

Цяпер дачка і маці трымалі дзяўчыну, якую яшчэ нядаўна не хацелі прызнаваць, пад рукі і, па сутнасці, неслі яе, маленькую, лёгкую.

На паўдарозе ад станцыі да маёнтка іх сустрэў знаёмы салдат — нярэдка прыходзіў пасыльным са штаба — і са сваёй сялянскай прастатой адразу бухнуў навіну, зусім іншую, чым тая, якую прынёс начальнік станцыі, бліжэйшую да ісціны, хоць перабольшаную, як перабольшваецца любая сенсацыя:

— Пастраляў камандзір батарэйцаў. Цяпер яго камітэтчыкі судзяць.

— Ён жывы? — закрычала Міра.

— Жывы. Але судзяць...

— Ён жывы! — прашаптала Міра... і павісла на руках у Альжбеты і Юстыны.

Салдат спачатку спалохаўся, пасля, атрымаўшы загад ад Альжбеты бегчы і вярнуцца з канём, на санях, мацюкнуўся:

— Калі б я быў царом, то і блізка баб да вайны не падпускаў бы.

5

У вялікім пакоі флігеля, дзе працаваў начальнік штаба і дзе рэдка калі было цёпла, на гэты раз ад духаты цяжка было дыхаць. Ва ўсялякім разе, так здавалася Багуновічу, ён пацеў і раздражнёна думаў: «На якога д'ябла напалілі?»