Выбрать главу

Было вельмі накурана. Твары салдат, якія сядзелі ля акна, расплываліся, што ў тумане. Увогуле для Багуновіча пасля таго, як Пастушэнка скруціў яму рукі з такой нечаканай для старога сілай, што правае плячо балела і цяпер, усё здавалася, як у тумане, як у сне. Выразна помнілася толькі брыдкае адчуванне ад уласнай блявоціны, адчуванне было такое, што ён забрудзіў, загадзіў сябе на ўсё жыццё не чым іншым — толькі гэтым ганебным ванітаваннем. Некалі ў чатырнаццатым, калі ён, малады, гарачы, ашалелы ад патрыятычных пачуццяў і гонару, павёў ва Усходняй Прусіі свой узвод у штыкавую атаку, выхапіў у параненага салдата вінтоўку і закалоў штыком нямецкага салдата, такога ж маладога, як сам, тады яго таксама ванітавала. Але тады яму было проста сорамна за сваю слабасць, ён з усяе сілы стараўся, каб слабасці яго не ўбачылі салдаты, не даведаліся пра яе афіцэры. Тады яго поўніла пачуццё выкананага абавязку, адчуванне, што ў ім нарадзіўся воін, а роды заўсёды пакутлівыя, тут не толькі будзеш ванітаваць, але і крывёю можаш сцячы.

Цяпер нічога падобнага не было — ніякага пробліску высокіх пачуццяў, адна брыдота. Смерцяў ён бачыў занадта многа і звыкнуўся, што паміраюць ад нямецкай кулі, ад рукі свайго салдата; у рэвалюцыю двух афіцэраў іх палка салдаты паднялі на штыкі. Не мог уцяміць, чаму так брыдка ад смерці, учыненай ім самім. Пакут сумлення не было, учынак свой ён апраўдваў, адчуваў: каб зараз сказалі, што яшчэ нехта, нават з прысутных тут, на судзе, прадаў немцам гарматы, ён, не задумваючыся аб сваім лёсе, гэтак жа пусціў бы кулю ў такую падлюгу. Ён абураўся, калі прадавалі кажухі, шапкі, махорку, коней, але ў тых дурняў ці дробных зладзеяў страляць яму не хацелася. Судзіць — мог судзіць, але не на смерць. За лрадажу гармат меншайкары не прызнаваў. Як за здраду, за шпіянаж.

Толькі ў нейкі міг, чамусьці ўспомніўшы маці, ён падумаў яе сэрцам: «Божа, няўжо так ачарсцвела твая душа на гэтай праклятай вайне? Ён (Межань) быў чалавек, і яму хацелася жыць». Адказаў маці: «Мама, я цябе разумею, магчыма, калі-небудзь я буду, як ты. Але цяпер я не мог інакш, не мог, табе гэтага ніколі не зразумець».

Было яшчэ адно вельмі непрыемнае адчуванне — страх, якога ён даўно не ведаў. Гэта быў не страх смерці, так, ва ўсялякім разе, вызначыў сам Сяргей Багуновіч, а страх ад таго, што яго асудзяць свае, людзі, якія сталі яго таварышамі не па форме звароту, а па сутнасці, па духу — па тым, што і ён, афіцэр, душой і сэрцам прыняў іх таварыства.

Страх гэты агідненькі з'явіўся тады, калі Пастушэнка, цяжка ўздыхаючы ўсю дарогу, прывёз яго, абмяклага, спустошанага, у штаб і Сцяпанаў, пачуўшы аб здарэнні, раптам моцна ўзлаваўся. Сцяпанаў, які рэдка лаяўся, бязлітасна мацюкаў яго.

«Зброю здай! Сапляк! Навучылі вас страляць... А ў каго страляць... Трэба ведаць, у каго страляць і калі страляць!»

Не, страх з'явіўся не ад слоў, не ад лаянкі, хутчэй за ўсё ад таго, што яго, камандзіра палка, абяззброілі, як злачынцу. Не ворагі абяззброілі. Свае. Таварышы.

І цяпер, перад салдацкім камітэтам, страшок гэты, як змяя, час ад часу лізаў халодным джалам ягонае сэрца. Не пусціла б змяя яд.

Здараецца гэта, як толькі ён сустракае позірк салдата Аляксея Шатруна. З гэтым салдатам у яго складаныя адносіны. Шатрун быў у яго роце ўвесь шаснаццаты год. Прыкідваўся зусім непісьменным, блазнаваў — гэткі ротны прыдурак, з якога ўсе смяяліся. Але Багуновіч першы «раскусіў», што не такі гэта дурань, што робіць ён знарок так, каб з яго смяяліся: усе вайсковыя статуты, устанаўленні, усю службу даводзіць да абсурду, калі сапраўды і дурню становіцца зразумелым, якія ганебна недарэчныя загады паступаюць, якой недарэчнай з'яўляецца ўся патрыятычная прапаганда, ды і ўвогуле ўсё, што робіцца на вайне. Такія дурыкі Шатруновы вельмі падрывалі дысцыпліну.

Багуновіч разумеў адкрытых агітатараў супраць вайны і, як умеў, ахоўваў іх ад палявой жандармерыі, нават неаднойчы ішоў на рызыку і заступаўся за арыштаваных. Разлажэнне дысцыпліны Шатруном яго раздражняла. Армія ёсць армія, і вайна ёсць вайна. А ён камандзір баявой роты. Раздражнёнасць перарасла ў непрыязь, і ён даволі часта караў непакорлівага салдата, караў часам жорстка — выстаўляў без чаргі на небяспечныя пасты, уласна кажучы, пад нямецкія кулі. Пасля яму было сорамна за гэта.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі «прыдурак» Шатрун размаскіраваўся. Перш за ўсё выявіў, што чалавек ён пісьменны, раскрыў і тое, што ён перакананы сацыял-дэмакрат, хітры агітатар; рукапісныя пракламацыі супраць вайны, што хадзілі ў роце і за якія камандзіра роты неаднойчы цягалі ў жандармерыю і нават у контрразведку, пісаліся Шатруном, які, так лічыў не толькі Багуновіч, «не ведаў» нават азбукі і прасіў каго-небудзь іншага напісаць пісьмо дадому.