Выбрать главу

Багуновіч адзін з першых сярод афіцэраў перайшоў на бок рэвалюцыі, яшчэ больш чула ставіўся да салдат. І ў адносінах з Шатруном стараўся быць роўным, добрым. Але ў душы адчуваў як бы абразу, што камедыянт гэты больш чым год так дурачыў яго, чалавека з універсітэцкай адукацыяй. Каб не сутыкацца, папрасіў перавесці яго ў другую роту. Потым, пры Керанскім, Шатруна арыштавалі, пасадзілі ў мінскую турму. Цяпер яны зноў сутыкнуліся: Шатрун — камандзір роты. Неяк рота яго была ў баявой ахове, Багуновіч праехаў па перадавой, праверыў і выявіў, што ахова нясецца дрэнна. Такой яна была, бадай, ва ўсіх батальёнах, хіба акрамя трэцяга. Але незадаволенасць сваю ён выказаў Шатруну. Не крычаў. Не пагражаў. Чым ён мог пагразіць бальшавіку, члену салдацкага камітэта? Ён высмеяў яго рэвалюцыйнасць:

«Калі ўсе рэвалюцыянеры спяць так, як вы. Шатрун, сусветная рэвалюцыя ўпадзе з неба. Як дар божы».

Шатрун, які раней на ўсе праборкі бязуліў, раптам збялеў.

«Ну, ты, камандзір, на свае афіцэрскія жарты забудзь. Не той час».

На камітэце Шатрун сядзеў, як ніколі маўклівы, панура-сур'ёзны, пазіраў спадылба, Багуновічу здавалася — зларадна. Ад гэтых яго позіркаў, напэўна, і з'явілася ганебна-брыдкае адчуванне страху. Злавіў сябе на тым, што баіцца глянуць у той бок, дзе Шатрун. Глядзеў на Рудкоўскага, які ўсім сваім выглядам падбадзёрваў яго: маўляў, правільна паступіў, нічога не бойся.

Прыйшоў Рудкоўскі сам? Ці Сцяпанаў запрасіў? Ніколі ж раней старшыня мясцовага рэўкома на салдацкі камітэт не запрашаўся. Як бы там ні было, прысутнасць Рудкоўскага давала некаторае заспакаенне. Нядаўна байцы мясцовага атрада застрэлілі сына кулака, які хадзіў да немцаў. Можа, ён хадзіў за кантрабандай, можа, шпіёніў — невядома. Але звычайныя непісьменныя сяляне не маглі яму дараваць. То ці мог ён застацца абыякавым, што камандзір батарэі прадаў гарматы? Такі мог усё прадаць — аднапалчан, чэсць, айчыну.

Са спазненнем увайшоў учарашні госць — камісар пралетарскага палка новай арміі, латыш. Багуновіч не мог успомніць яго прозвішча, але з'яўленню яго ўзрадаваўся, хоць і здзівіўся. Якім чынам Сцяпанаў так хутка перадаў аб падзеі суседзям? І каго ён збірае? Суддзяў? Адвакатаў? Дзе ты, адвакат Валянцін Вікенцьевіч Багуновіч? Што б ты сказаў? Не было ў тваёй практыцы такога прэцэдэнта, не магло быць. Вайна і рэвалюцыя перакрэслілі ўсе нормы і законы, паляцелі да д'ябла і рымскае кананічнае права, і ўсе зводы законаў, усё, што напісана ў дзесятках тамоў, якія ззялі залатымі карашкамі на паліцах бацькавай бібліятэкі. Па якім жа праве, па якіх законах будуць судзіць яго? Трыбуналы распушчаны. Смяротная кара адменена. Што ж чакае яго?

Сцяпанаў натужліва кашляў, харкаў у брудную хусціну і не першы раз папрасіў:

— Не курыце, таварышы!

Ды просьбы яго мелі кароткае дзеянне: на колькі хвілін цыгаркі хавалі ў рукавы шынялёў ці кажухоў і курылі, як школьнікі старэйшых класаў, што яшчэ трохі тояцца ад настаўніка, але ўжо не баяцца яго. А Багуновіч і гэтага не рабіў, ён скручваў цыгарку за цыгаркай і курыў па-салдацку — цягнуў да таго часу, пакуль «бычок» не падсмальваў вусы, не абпякаў вусны і пальцы.

Адкрыўшы пасяджэнне, каротка паведаміўшы, з якой прычыны так паспешліва скліканы камітэт, Сцяпанаў, чалавек немнагаслоўны, гэтак жа каротка выказаў свае адносіны да таго, што здарылася:

— Рэвалюцыя нікому не дала права тварыць самасуд.

Потым гаварыў Пастушэнка, доўга і вельмі ўсхвалявана. Аб становішчы ў палку. Аб клопатах маладога камандзіра ўмацаваць баяздольнасць. Аб хітрасці і каварстве ворага — якраз пра тое, пра што часта думаў Багуновіч. Слухаючы начальніка штаба, ён на нейкі момант забыўся, што судзяць яго, што Пастушэнка выступае адвакатам, як бацька, і турбаваўся за адно — за хворае сэрца палкоўніка: не трэба старому так хвалявацца.

Але той пачаў гаварыць пра Межаня, пра аблічча чалавека, які мог пайсці на такое — прадаць гарматы немцам, і голас яго загучаў гнеўна:

— Як назваць такога чалавека? Як? Тарас Бульба застрэліў за такое роднага сына.

Багуновіч успомніў Назара Бульбу, той таксама даганяў роту, што знялася з пазіцый, але не стрэліў, стрэлілі ў яго, прабілі папаху — і зноў варухнуўся страх, словы Сцяпанава «рэвалюцыя нікому не дала права тварыць самасуд» здаліся прысудам. Няхай прысуд. Няхай хоць расстрэл. Шкада толькі... маці і Міры.

Пастушэнка дагаварыўся да прыступу грудной жабы. Яму зрабілася блага. Яго вывелі падыхаць чыстым паветрам.