Выбрать главу

На маладых салдат, што не ведалі, як баліць сэрца, такое перажыванне адзінага сведкі зрабіла больш моцнае ўражанне, чым яго словы. Сцяпанаў сярдзіта кінуў папрок камітэтчыкам:

— Дакурыліся, такую вашу!..

Толькі пасля гэтага патушылі цыгаркі.

— Ваша слова, Багуновіч.

Ён падняўся па-вайсковаму. Выразна бачыў вочы кожнага. Добрыя ў латыша. Чамусьці спалоханыя ў камандзіра трэцяга батальёна Берасценя. Бліскуча-выразныя, што яўна выражалі падтрымку,— у Рудкоўскага. Па-ранейшаму спадылба, быццам бы хаваючы свае вочы, глядзеў адзін Шатрун. Ад гэтага яго позірку зноў захаладала ўсяродку.

— Я лічу, што выканаў свой абавязак...— яму хацелася сказаць «перад народам», «перад рэвалюцыяй», але ў апошні міг ён спалохаўся гэтых гучных слоў і, памаўчаўшы, дадаў: — Камандзіра.

— Дрэнна ты засвоіў абавязак рэвалюцыйнага камандзіра,— буркнуў Сцяпанаў, але ўжо без злосці.— Больш вам няма чаго сказаць?

— Калі яшчэ хто прадасць зброю немцам...

Сцяпанаў перапыніў яго:

— Ладна. Сядайце. Ваша слова, таварышы.

Усталявалася цішыня, здаецца, людзі нават перасталі дыхаць.

Багуновіч пачуў удары ўласнага сэрца і спалохаўся, каб іх не пачулі іншыя: вельмі ж гулкімі яны былі, як удары молата, ажно зазвінела ў вушах, закалола ў скроні.

Першым азваўся Рудкоўскі:

— Любы з нас застрэліў бы такога сукінага сына.

— Ты за сябе гавары! — чамусьці зноў узлаваўся Сцяпанаў і закашляўся.

— Я за сябе і кажу.

— Анархісты,— папракнуў Сцяпанаў і лагодна звярнуўся да камандзіра трэцяга батальёна:— Тваё слова, Берасцень...

Берасцень, заўсёды павольны, не адразу падняўся. Можа, таму, што ў гэты міг вярнуўся Пастушэнка, стаў у адчыненых дзвярах, адтуль пацягнула холадам, і ўсе прагна ўдыхалі свежае паветра.

Берасцень шкроб патыліцу і разважаў:

— Канешне, на самасуд права няма... Але як бы зрабіў я? Каб з майго батальёна... Не знаю. Тут яшчэ ўзрост трэба ўлічыць... Мне сорак... у мяне дзеці...

— Галубчык, мне шэсцьдзесят, а я даставаў рэвальвер... клянуся. Толькі Сяргей Валянцінавіч апярэдзіў мяне...

«Чаму стары так выгароджвае мяне? Ён жа лаяў мяне ўсю дарогу. Уздыхаў, ажно стагнаў!» — падумаў Багуновіч.

— Бугаенка.

— Перадаць штабу фронту. Няхай яны судзяць.

Камітэтчыкі незадаволена загудзелі: прызнавалі толькі свой суд, ніякіх штабоў!

— Шатрун.

Шатрун кінуў на падлогу патушаны недакурак, старанна расцёр яго ботам.

Гэты яго жэст асабліва спалохаў Багуновіча. Але Шатрун раптам падняў галаву, бадай весела і хітра бліснуў на падсуднага вачамі і гучна сказаў:

— Межань — контра. А з контрай — размова кароткая. Камандзіра апраўдаць!

І загучала гэтае слова:

— Апраўдаць.

— Апраўдаць.

Тады Багуновічу здалося, што флігель хіснуўся, пакой зноў напоўніўся густым туманам. Апанаваў іншы страх: не праявіць бы жаночую слабасць — не ўпасці ад галавакружэння, не страціць прытомнасць... ад шчасця.

Ды Пастушэнка, як бы ўбачыўшы, у якім ён стане, абняў яго і гэтым вярнуў сілу, адчуванне рэальнасці і здольнасць сказаць:

— Дзякую, таварышы. Да смерці не забуду...

Частка другая

УРОК ГІСТОРЫІ

Раздзел першы. НЯСПЫННАЯ БІТВА

1

Студзеньскія хваляванні рабочых у Германіі і Аўстра-Венгрыі, бурныя выступленні балгарскага народа за мір з Расіяй вымушалі дэлегацыі Чацвярнога саюза манеўраваць на перагаворах у Брэсце. Кюльману, Чарпіну, Папову і нават Талаат-пашы прыйшлося сказаць нямала, прыгожых прамоў аб імкненні іх урадаў да міру, аб павазе да іншых народаў, асабліва да тых, землі якіх тапталі боты кайзераўскіх салдат,— палякаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў (беларусаў, як нацыю, не ўспаміналі), аб праве гэтых народаў на дзяржаўнасць, на самавызначэнне. Словы, словы... Вялікі том таннай дэмагогіі.

Генералы гаварылі больш канкрэтна і рашуча. Прадстаўнік партыі вайны, выхаванец прускай ваеннай школы, у якой здаўна прывівалася нянавісць да славян, самаўпэўнены і ап'янелы ад перамог усходняга фронту, дзе ён быў начальнікам штаба (супраць іх фронту ў рускіх не знайшлося нават другога Брусілава), генерал Гофман на пасяджэнні палітычнай камісіі прад'явіў савецкай дэлегацыі карту, на ёй былі акрэслены землі, якія Германія «вымушана» ўтрымліваць за сабой. Гэта была нахабная анексія ўсяе Польшчы, значнай часткі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Беларусі з захаваннем жорсткага акупацыйнага рэжыму над народамі, ушчэнт разоранымі вайной, даведзенымі да галечы. Дыпламатычны туман, што, маўляў, такая лінія дыктуецца «ваеннымі меркаваннямі», нікога не мог увесці ў зман. Тым больш, што тут жа выступіў Кюльман і даў зразумець, што ад таго, як рускія паставяцца да апошніх нямецкіх прапаноў, будзе залежаць, ці ўдасца падпісаць мір.