Выбрать главу

Па сутнасці, гэта быў ультыматум, хаця і замаскіраваны яшчэ.

Карта абурыла членаў савецкай дэлегацыі. А кіраўнік яе — Леў Троцкі, майстра лагічных камбінацый, адразу сцяміў, што немцы далі яму моцны козыр супраць Леніна, для абароны тэзіса «ні вайны, ні міру».

Ленін змагаўся за мір без анексій і кантрыбуцый. Як прапагандысцкі лозунг, думаў Троцкі, гэта выдатна. Але трэба лічыць наіўнымі імперыялістаў, каб спадзявацца, што яны калі-небудзь згодзяцца на такі мір. Хто ж большы рэаліст у палітыцы — ён, Троцкі, ці Ленін? Якой жа тактыкі вам цяпер трымацца, Уладзімір Ільіч? Прыняць нямецкія ўмовы, анексіянісцкі мір? Вядома, што вы гатовы пайсці і на гэта ў імя сваёй фантастычнай ідэі перамогі і ўмацавання рэвалюцыі ў адной краіне — у адсталай Расіі. Але ідэя гэтая — падпісанне такога міру — не завалодала, як вы вучылі, масамі. Што вам скажа партыя, калі вы прапануеце падпісаць такі рабаўніцкі мір?

Троцкі афіцыйна выказаў абурэнне «картай Гофмана», але ўпотай паціраў рукі ад задавальнення. Лёс народаў, якія застануцца пад кайзераўскай акупацыяй, яго мала турбаваў. Што б ні здарылася ў палітычнай барацьбе, у рэвалюцыі, якімі б ахвярамі і стратамі падзея ні пагражала, але калі яна працавала на яго «тэорыю рэвалюцыі» — ён тут жа падхопліваў любы такі факт і жангліраваў ім з майстэрствам фокусніка, штукара.

Троцкі ведаў гісторыю дыпламатыі і трымаўся правіла: аб усім інфармаваць свой урад. Але ва ўмовах рэвалюцыі ён выкінуў прэч другое правіла дыпламатыі: гэтак жа дакладна выконваць указанні свайго ўрада. Гэтае правіла ён лічыў феадальна-буржуазным. Анархіст па сваёй чалавечай сутнасці, Троцкі прысвоіў сабе права па-свойму вытлумачваць інструкцыі і ўказанні Савецкага Урада, Старшыні Саўнаркома Леніна.

Па заканчэнні пасяджэння Троцкі адразу ж пайшоў да тэлеграфнага апарата. На час перагавораў немцы наладзілі лінію прамой сувязі з Петраградам. Але ў дэлегацыі ўжо ведалі, што для адкрытага тэксту немцы давалі канал неадкладна, шыфроўкі ж трымалі па многа гадзін.

Троцкі паведаміў адкрыта аб нямецкіх патрабаваннях, выказаў сваё абурэнне, але тут жа развіў свой «план», сутнасць якога даўно была вядома: ад падпісання міру адмовіцца, вайну спыніць, армію дэмабілізаваць.

Не, Троцкі зусім не збіраўся пераконваць Леніна і яго аднадумцаў. Ён «іграў» на публіку. На савецкую прэсу — з мэтай падбадзёрыць «левых». І на нямецкую прэсу, а праз яе — на сусветную. Пра яго пазіцыю павінны ведаць французы, амерыканцы... Асабліва амерыканцы.

Ленін, атрымаўшы «асобае пісьмо», нават не абурыўся: даўно пазіцыя кіраўніка дэлегацыі не была тайнай ні для ЦК і Саўнаркома, ні для немцаў. Але Ленін ведаў надзвычайную актыўнасць Троцкага, яго анархічнасць: паведаміў і будзе лічыць пытанне ўзгодненым, каб вырашаць яго па-свойму.

Ленін адказвае шыфроўкай, упэўнены, што тэлеграма будзе прачытана немцамі. Трэба астудзіць Троцкага і збіць з панталыку Кюльмана і Гофмана.

«Ваш план мне ўяўляецца дыскутабельным. Ці нельга толькі адкласці некалькі яго канчатковае правядзенне, прыняўшы апошняе рашэнне пасля спецыяльнага пасяджэння ЦВК тут?»

Ленін дае зразумець: калі вам, Троцкі, мала інструкцый Саўнаркома — пытанне выносіцца ў ЦВК.

«Мне б хацелася параіцца спачатку са Сталіным, перш чым адказаць на Ваша пытанне».

Ленін падкрэслівае, наколькі гэта сур'ёзна — пытанне аб тэрыторыях, аб лёсе народаў, якія жывуць на іх, таму і лічыць неабходным параіцца з наркомам па справах нацыянальнасцей. І тут жа, у гэтай сувязі, пра самае галоўнае, што мае дачыненне да перагавораў,— аб прадстаўніцтве Украіны:

«Сёння выязджае да Вас дэлегацыя харкаўскага ўкраінскага ЦВК, якая запэўніла мяне, што кіеўская Рада дыхае на ладан». Каб Троцкі і немцы ведалі, што дэлегацыя Рады ў Брэсце нікога ўжо не прадстаўляе!

Ленін перадаў гэты тэкст а пятай гадзіне дня. Апоўначы, параіўшыся з іншымі членамі Саўнаркома, Ленін тэлеграфуе:

«Перадайце Троцкаму. Просьба назначыць перапынак і выехаць у Піцер».

Троцкі хмыкнуў на тэлеграму — на подпісы: «Ленін. Сталін». З Леніным ён не мог не лічыцца. Але каб яму, другому чалавеку ва ўрадзе, як ён лічыў сваё месца, загадваў Сталін, калі назначаць перапынак у рабоце дэлегацыі і калі выязджаць у Петраград! Гэта біла па яго самалюбстве. Сталіна Троцкі не прызнаваў за марксіета-тэарэтыка. Практык. І ўвогуле ігнараваў: бурсак, недавучка. Ігнараваў ён не толькі Сталіна, з таго ж лідэра «левых», з якім сябраваў у Нью-Йорку і з якім цяпер уступіў у блок,— з Бухарына здзекаваўся: выскачка. Пасля ён напіша: «Я ніколі не прынімаў Бухарына сур'ёзна». Адукаванымі марксістамі ён лічыў толькі сябе і Зіноўева. Мог бы яшчэ быць Каменеў, ды гэты балбатун і франдзёр моцна падмачыў сябе ў гісторыі з Вікжэлем. Без яго, Троцкага, падказкі нічога разумнага не могуць зрабіць. Сваёй авантурай толькі ўмацавалі пазіцыі Леніна ў ЦК. Ленін любую прамашку праціўнікаў адразу бачыць і выдатна ўмее павярнуць супраць саміх арганізатараў акцыі. У адносінах з Леніным трэба вуха трымаць востра, не аслабляць пільнасці. Ленін далікатны: «Просьба назначыць перапынак».