Выбрать главу

Пасля хвіліны раздражнёнасці подпісам Сталіна Троцкі задаволена пасміхнуўся.

Зацягванне перагавораў — не на карысць Леніну. Любая адтэрміноўка дае час аб'яднацца прыхільнікам «рэвалюцыйнай вайны», якіх ён, Троцкі, тайна натхняе. З Брэста, дзе немцы перахопліваюць кожную тэлеграму, ды і дыпкур'ерам даверыцца нельга, уплываць на ход барацьбы, згуртоўваць аднадумцаў сваіх цяжка. Некалькі дзён прабывання ў Петраградзе пры яго энергіі, актыўнасці і пры яго памочніках дазволяць яму нямала зрабіць для прапаганды сваёй тэорыі рэвалюцыі і міру. Памочнікаў у розных савецкіх органах у яго нямала. Зноў узлавана падумаў пра Каменева, што той авантурай у Вікжэлі выпусціў са сваіх рук ЦВК. Са Свярдловым кашы не зварыш. Цяпер прыходзіцца Каменева выцягваць — з трудом удалося пераканаць членаў Саўнаркома ўключыць яго ў склад дэлегацыі.

Нягледзячы на позні час, Троцкі даручыў сакратару дэлегацыі Льву Міхайлавічу Карахану неадкладна звязацца з ад'ютантам Гофмана: калі немцы могуць даць паравоз і адкрыць лінію для спецпоезда, у якім кіраўнік дэлегацыі павінен выехаць для кансультацыі са сваім урадам?

Здаралася, што трэба было патраціць нямала часу і энергіі, каб паслаць кур'ера з поштай.

Для Троцкага паравоз далі праз гадзіну-паўтары, не больш, пасярод ночы.

Спецпоезд з двух вагонаў на павышанай хуткасці імчаў на ўсход. Была глухая зімовая ноч. Другая палавіна яе. За акном у заснежанай прасторы мільгалі рэдкія цьмяныя абрысы нейкіх будынкаў, мабыць, вясковых хат, гумнаў. Але ніводнага жывога агеньчыка. Мёртвая зямля. Як пустыня. Можа, праўда яна амярцвела, гэтая зямля, адкуль многія, ратуючыся ад немцаў, падаліся ў бежанцы ў цэнтральныя губерні Расіі?

Думка такая бліснула на міг. Доўга не затрымалася. Троцкі многа гаварыў і пісаў пра народ, але ўвогуле больш аб пралетарыяце, сялянства ж ён лічыў рэакцыйным класам, таму думаць пра нейкіх адсталых беларусаў, палякаў ці літоўцаў — дарэмна траціць разумовую энергію, якая патрэбна для больш важных лагічных пабудоў — на выпрацоўку стратэгіі сусветнай рэвалюцыі.

Так ён паступаў заўсёды. Суадносіў сваю персону толькі з глабальнымі сусветнымі падзеямі. А ў сапраўднасці, як усялякім смяротным, валодалі ім самыя звычайныя чалавечыя пачуцці, і думкі былі пабытовыя, сумбурныя і дробныя.

Салон-вагон на спецыяльных рысорах пагойдвала мякка, прыемна, але хістала з боку ў бок больш, чым у звычайным поездзе.

Троцкі трохі баяўся гэтага гойдання. Дарэчы, баяўся ён і перагона ад Брэста да лініі фронту, да першай сваёй станцыі, дзе падавалі рускі паравоз. У поўнай бяспецы, больш таго — гаспадаром, ён адчуваў сябе толькі ў Расіі, нягледзячы на тое, што там яшчэ бурліла рэвалюцыя і зусім не было такога парадку, як у немцаў. Там кожны салдат, кожны чыгуначнік адчувае сябе гаспадаром. Чаму ж яму, наркому, не адчуваць сябе гаспадаром?

Але ўвогуле, лежачы ў халаце на мяккай міністэрскай канапе, Троцкі адчуваў асалоду ад язды, ад камфорту. Ён любіў камфорт. Што зробіш — прывычка, як кажуць, другая натура. Ён смачна і сытна павячэраў, у Петраградзе так не павячэраеш, нават дома, у сям'і,— не панясеш прадукты з запасаў дэлегацыі; дэлегацыя ўсё ж забяспечана па асобых нормах. Ды і ў Брэсце пры іншых членах дэлегацыі прыходзілася стрымліваць сябе, падаваць прыклад: трэба эканоміць, Расія галадае.

Раздражняў пах стэарыну — непрыемны смурод нямецкай хіміі. Гэта не тое што руская васковая свечка, ад якой пахне мёдам і полем, тым стэпам у Таўрыі, дзе прайшло яго маленства.

Лаяў немцаў: далі паравоз без дынама-машыны. Ці знарок не падключылі? Хацелася пачытаць нямецкія газеты, каб у Петраградзе паказаць сваю дасведчанасць перад Леніным, членамі Саўнаркома.

Прыгадаў Амерыку. Пашкадаваў, што жыць ў Нью-Йорку прыйшлося нядоўга, усяго тры месяцы. А яму падабалася там. Упершыню ён меў на кватэры тэлефон, рэфрыжэратар. Еўропа яшчэ да такога камфорту не дайшла. А Расія і за сто гадоў не дойдзе. Ён, Троцкі, з цікавасцю вывучаў палітыку, эканоміку самай багатай імперыялістычнай дзяржавы.