Амерыканскія сацыялісты яму не спадабаліся. Сустракаўся з імі мала. Большую сувязь меў з газетамі, яны ахвотна друкавалі яго, давалі заробак. Асабліва спадабалася, як прэса пісала пра яго ролю ў рускай рэвалюцыі.
Але, шмат чаго можна пабачыць у той праклятай Амерыцы! Якая тэхніка! Які камфорт! Расіі да такога ўзроўню трэба будзе тупаць дзвесце гадоў. Таму смешнымі здаюцца пераконанні Леніна, што ў Расіі, у адной Расіі, без сусветнай рэвалюцыі, якая дала б магчымасць размеркаваць прадукцыйныя сілы, можна пабудаваць сацыялізм.
З высокай матэрыі думкі спаўзлі да грубага матэрыялізму. Троцкаму было трыццаць восем гадоў — мужчына, поўны моцы. А тут яшчэ добры харч, вячэра з паўпляшкай кахецінскага. І ўжо амаль два тыдні, як ён выехаў з Петраграда, ад сям'і. Смачна пацягнуўшыся, так, што трэснулі суставы, ён падумаў пра сустрэчу з Наталляй, жонкай; ён адбіў яе ў таварыша па эміграцыі, кахаў, быў удзячны, што яна нарадзіла двух сыноў — Лёву і Сярожу, якімі ён ганарыўся: добрыя хлопцы растуць!
Ды тут жа грэшныя думкі папаўзлі ў мінулае. Слабы чалавек, што зробіш! А ўрэшце, нельга ўвесь час жыць у свеце высокіх матэрый: рэвалюцыя, сацыялізм, мір. Чалавек ёсць чалавек. Троцкі ўспомніў сваю першую жонку, Аляксандру Львоўну. Ён ажаніўся з ёй у маскоўскай турме, калі ім было па дваццаць гадоў. Менш як праз два гады ён пакінуў маладую жанчыну з дзвюма дзяўчынкамі-немаўлятамі ў суровай Сібіры, на Лене, а сам уцёк з ссылкі і пасля кароткай супынкі ў Самары, у сям'і Кржыжаноўскага, агента «Іскры», які зрабіў яму замежны пашпарт, лёгка, без прыгод, дабраўся да Вены.
(Пасля ў мемуарах Троцкі абалье Глеба Максімільянавіча і яго жонку брудам.)
Успамінаць Аляксандру Львоўну і дзяўчат ён раней не любіў — лішнія эмоцыі; усю сваю любоў ён аддаў сынам. Але цяпер яны ў Петраградзе, улетку семнаццатага года ён пабачыў дачок, яны захоплена слухалі яго выступленне; добрыя дзяўчаты выраслі, адной семнаццаць год, другой — шаснаццаты.
Цяпер, у вагоне, Троцкі падумаў, што трэба ўзяць іх пад свой уплыў: такім чынам можна выканаць і свой бацькоўскі абавязак, і мець верных памочнікаў.
(Сапраўды, яму ўдалося зрабіць з Ніны і Зіны зацятых трацкістак і гэтым скалечыць ім жыццё.)
Але ў тую ноч і пра дзяцей сваіх ён думаў нядоўга. Больш прыемнымі былі ўспаміны пра далёкае мінулае.
З асаблівай асалодай прыгадаў першае юнацкае каханне — да тамбоўскай дзяўчыны, што батрачыла ў маёнтку бацькі. Ап'янілі мацней за кахецінскае ўспаміны пра спатканні з той дзяўчынай у стэпе. Ляжаў І ўдыхаў пах пшаніцы, спелых кавуноў і яблыкаў, адчуваў смак дзявочых вуснаў, гарачыню яе грудзей. Пасля ён прызнаецца, што «прырода і людзі мала займалі месца ў маім жыцці», аднак юнацтва сваё любіў успамінаць.
Разам з тамбоўкай усплылі з глыбіні гадоў многія іншыя ўспаміны. Даўно ўжо ён з такім замілаваннем не прыгадваў Яноўку — маёнтак пад Херсонам. Райскі куток, дзе сапраўды можна было стаць паэтам. Такі стэп, такі прастор! І такая вольнасць, нягледзячы на бацькаву ашчаднасць: нідзе бацька не выкінуў лішняй капейкі. Але ім, дзецям, не адмаўляў ні ў чым, хоць выхоўваў сурова, у працы.
Маёнтак Бранштэйн купіў у польскага пана, які прайграўся ў карты. Купіў танна — дом стары, сотня дзесяцін запушчанай зямлі. Але Яноўка хутка расквітнела. «Мудры чалавек мой бацька»,— з усмешкай падумаў Троцкі.
Сапраўды мудры. Пачаў са ста дзесяцін, а праз трыццаць гадоў, перад рэвалюцыяй, меў шэсць тысяч. Магнат!
Але Троцкі думаў не пра гэтую мудрасць. Калі ён зрабіў сябе рэвалюцыянерам, то тады, у маладосці, яму часам рабілася сорамна, што бацькавы батракі — беззямельныя з Магілёўшчыны, Арлоўшчыны, Чарнігаўшчыны — улетку, пад гарачым украінскім сонцам, у краі, адкуль вывозіліся тысячы пудоў пшаніцы, кавуны, дыні, яблыкі, хварэлі на цынгу і курыную слепату.
Ды пазней сумленне яго змоўкла. Бацька, безумоўна, быў эксплуататар. Але і заводчык Марозаў быў эксплуататар, а памагаў праз Горкага сацыял-дэмакратам. Бацька памог яму заняць віднае месца сярод галодных эмігрантаў. З бацькавай дапамогай яму ўдалося арганізаваць у Вене сваю газету і праз яе заявіць пра сябе ўсёй Еўропе.
Троцкі пад стук колаў, гойданне вагона ў заснежанай безлюддзі беларускай зямлі думаў пра іншую мудрасць бацькі. Сам ён хадзіў у сінагогу, а дзяцей хрысціў — каб адкрыць ім дарогу ва універсітэт. Аляксандр, Вольга, Лізавета...