А як ён выхоўваў іх, дзяцей! Рабіў сам, загнаў працай у магілу жонку і патрабаваў ад дзяцей: працаваць дык працаваць, вучыцца дык вучыцца! Але, можа, найбольшую ўдзячнасць бацьку ён адчуваў за тое, што стары не адгароджваў іх ад народа, патрабаваў, каб яны гаварылі па-руску, па-ўкраінску.
Многа гадоў Давід Бранштэйн трымаў у маёнтку механіка Івана Васільевіча, але не проста служкай, а як члена сям'і: чалавек гэты заўсёды сядзеў з імі за адным сталом у будні і ў свята. Пазней Троцкі сцяміў, што бацьку трэба быў не толькі танны і добры механік, але і чалавек, які вучыў бы дзяцей рускай мове. Як гэта пасля спатрэбілася! Наколькі вышэй ён адчуваў сябе за шмат якіх сваіх калег і ў вучылішчы (заўсёды па рускай мове меў вышэйшы бал), і пазней, калі браўся за пяро і калі гаварыў з трыбуны.
Ён, юны Лёва, умеў сябраваць і з батракамі.
Іван Васільевіч і «маскалька» тая... «Як жа гэта яе імя? Здаецца, Аня. Недаравальна, брат, забываць тых, хто памагаў табе пазнаваць свет. Старэем»,— пасміхнуўся нарком. Аня тая, бадай, была лепшай настаўніцай рускай мовы, у непісьменнай сялянкі быў надзвычайны лінгвістычны талент, больш тонкі, чым у настаўнікаў рэальнага вучылішча. Здаецца, менавіта яна, тая дзяўчына, дала яму і ўрокі жаночай эмансіпацыі — пра вызваленне жанчын ён нядрэнна пісаў, калі яшчэ вывучаў матэматыку ў Адэскім універсітэце.
Бацька яго сапраўды ў пэўных адносінах быў прагрэсіўны: чытаў Талмуд, але кіраваўся логікай жыцця.
З уласцівым яму гумарам Троцкі падумаў: «Гэта адзінае, што звязвае мяне з капіталізмам — рамантыка маленства і юнацтва. Не баюся прызнацца. Неафіта з мяне нішто не зробіць; я верны адной рэлігіі — сацыялізму».
Троцкі пасміхнуўся са сваіх юнацкіх мар. Кім толькі ён не збіраўся стаць! Спачатку — мастаком. Безумоўна, вялікім. Як Рафаэль. У рэальным вучылішчы ён выявіў, што ніякіх мастацкіх здольнасцей не мае, і ўзненавідзеў урокі рысавання. Але ў гэты час паставіў сабе мэту стаць паэтам. Украінскім. Не меншым, чым Тарас Шаўчэнка. З той хіба розніцай, што яго цягнула да сатырычнага жанру. І ён начамі перакладаў на ўкраінскую мову байкі Крылова.
Пасля Лёва адкрыў у сабе «выдатныя» матэматычныя здольнасці. Паступіў вольным слухачом у Адэскі універсітэт. Здольнасці, здаецца, былі, але матэматыка патрабавала надзвычай цяжкай, цярплівай працы. «Ці стаў бы я вялікім матэматыкам, каб падаўся ў навуку? — зноў-такі не без гумару падумаў узбуджаны прыемнымі ўспамінамі ён і адказаў сам сабе зусім сур'ёзна, без усялякага гумару: — Не, другім Эйнштэйнам я магу стаць толькі ў палітыцы».
Але тут жа пазмрачнеў — успомніў Леніна. Геніяльнасць Леніна як тактыка рэвалюцыі нельга не прызнаць.
Занадта ўжо верыць у пабудову сацыялізму ў Расіі. Крайнасці змыкаюцца: залішне цвярозы рэаліст і ў той жа час рамантык. «Па пытанні міру мы дамо вам, таварыш Ленін, рашучы бой. Калі разумна падтрымаць «левых», няцяжка заваяваць большасць партыі. І вы застаняцеся з меншасцю...»
Ад такой, вельмі прыемнай для яго, перспектывы Троцкі задаволена пацёр ляжкі, жывот, зноў смачна пацягнуўся, як і ад успаміну пра Аню.
Ён распрацоўваў дэталі даўно прыдуманай ім палітычнай камбінацыі, асноўнай мэтай якой было адно: ультрарэвалюцыйным трэскам узняць уласную ролю ў рэвалюцыі, у партыі, прыцягнуць да сваёй асобы ўвагу сусветнай грамадскасці. Чым гэта можа скончыцца для народа, для краіны — пра гэта ён думаў даволі абстрактна, у плане сваёй схемы «перманентнай рэвалюцыі», у якой сялянству адводзілася месца за хлявамі гісторыі. Салдаты — гэта, безумоўна, сіла, якую з рахунку не скінеш. Але сілу гэтую проста нейтралізаваць — дэмабілізаваць армію, раззброіцца. Ленін палохае наступленнем нямецкага імперыялізму. Бухарын, які ў тэорыі нямала наблытаў, нядрэнна гальванізуе і ўздымае тэзіс аб «міжнароднай палявой рэвалюцыі».
«Гэта варта падтрымаць, таварыш Троцкі!»
Троцкі любіў свой псеўданім. Ён нярэдка ўспамінаў старшага наглядчыка адэскай турмы, прозвішча якога запазычыў, калі, уцякаючы з ссылкі, запаўняў чысты, перададзены яму сібірскімі сацыял-дэмакратамі бланк пашпарта. Былі ў яго пасля іншыя псеўданімы і клічкі — Акцыд, Ота, Пяро — але ад прозвішча турэмнага наглядчыка ён так і не адмовіўся.
Троцкі зноў узлаваўся на немцаў. Чортавы скупярдзяі, не маглі падключыць дынама-машыну, каб было святло. Пры гойданні вагона многа не напішаш, але некаторыя думкі варта выстраіць у пэўную сістэму, каб можна было апублікаваць. Праціўнік у яго сур'ёзны і з надзвычайнай працаздольнасцю. Ленін, безумоўна, пачне прапаганду міру ў прэсе. «Левыя» будуць яму адказваць. Але, акрамя хіба Радэка, у іх няма такіх палемістаў, як ён, Троцкі. З парадаксальнай віртуознасцю ён здольны аспрэчваць, што двойчы два — чатыры. Троцкі ганарыўся сваім аратарскім талентам. Але ўсведамляў, што нават пры яго красамоўнасці вуснымі прамовамі вялікай аўдыторыі не заваюеш, ды яшчэ пры такой сітуацыі, калі ён вымушаны знаходзіцца ў Брэсце. Там не выступіш. Патрэбна трыбуна ў партыйнай прэсе.