Выбрать главу

Па шырыні і смеласці, з якой ён, кіраўнік місіі Чырвонага Крыжа, узнімае пытанні амерыкана-рускіх адносін, робіць прапановы, відаць, наколькі значны яго ўплыў, калі не непасрэдна на дзяржаўны дэпартамент, на Вільсана, то на тыя колы Амерыкі, у якіх ёсць сродак скіраваць знешнюю палітыку свайго ўрада ў інтарэсах гэтых колаў, а інтарэсы іх у Расіі даўнія. Адным словам. Робінс дзейнічае, як дзелавы чалавек. Недарэмна ён з бедняка стаў мільянерам.

Робінс падабаўся Троцкаму. Самалюбства падказвала, што Робінс той чалавек, праз якога можна заявіць пра сябе не толькі Амерыцы, але ўсяму свету: няхай ведаюць, хто робіць знешнюю палітыку Савецкай рэспублікі! Была ўпэўненасць, што ў Робінса ёсць каналы сувязі з Амерыкай паміма тых, якімі карыстаецца асцярожны пасол Фрэнсіс. Ва ўсялякім разе, рашучасці і смеласці ў яго больш, чым нават у сацыяліста Садуля.

Робінсу таксама вельмі патрэбны быў Троцкі. Усе даволі энергічныя кантакты палкоўніка з членамі Савецкага Урада дыктаваліся не жаданнем сабраць сенсацыйны матэрыял для мемуараў аб рускай рэвалюцыі, хоць часам ён маскіраваў сваю дзейнасць такой вузкай цікавасцю. Але гэта разлічвалася на наіўных і даверлівых.

Герой Кландайка быў занадта практычным чалавекам, каб траціць столькі энергіі дзеля будучых мемуараў. Кіраўнік місіі Чырвонага Крыжа ўзяўся за больш складаную задачу: любым чынам перашкодзіць Савецкаму Ураду заключыць мір з немцамі. Не, Робінс не быў крыважэрным імперыялістам. Чалавек ён быў гуманны, у Яго балела сэрца, калі ён бачыў галодных дзяцей. Але ён, як, між іншым, і сацыяліст Садуль, лічыў, што ўдзел Расіі ў вайне да поўнай перамогі Антанты наблізіць гэтую перамогу і паможа ўратаваць жыцці тысячам амерыканскіх, французскіх, англійскіх, нямецкіх, аўстрыйскіх, рускіх салдат, а рускі народ уратуе яшчэ і ад голаду, які ўжо хапае кашчавай рукой мільёны людзей.

Сустрэчы з Леніным пераканалі Робінса, што бальшавіцкі прэм'ер непахісна стаіць за мір, толькі ў міры бачыць уратаванне Савецкай рэспублікі. Робінс выказаў захапленне такой пераконанасцю, але для сябе зрабіў вывад, што гэтага чалавека пераканаць немагчыма.

Іншая рэч — Троцкі. Размовы з Троцкім, пры наяўнасці розных думак у бальшавіцкай партыі па пытаннях вайны, міру і сусветнай рэвалюцыі, давалі Робінсу надзею, што яго дыпламатычныя захады не дарэмныя, што ён можа аказаць паслугу прэзідэнту Вільсану большую, чым той думае.

Вось чаму палкоўніка асабліва цікавіла асоба Троцкага і перагаворы, якія ён вёў у Брэсце. Але да Брэста не дабярэшся. Нечаканы прыезд Троцкага ў Петраград — гэта дарунак божы. Прабыванне яго можа быць кароткім. Таму — сустрэцца абавязкова і як можна хутчэй!

Калі Ленін прапанаваў наркаматам перабрацца з надзвычай перапоўненага Смольнага ў будынкі адпаведных былых міністэрстваў, Троцкі на Саўнаркоме выказваў сумненні, разважаў: ці не аддаліць гэта народныя камісарыяты ад народа? Рабочым, салдатам ненавісныя міністэрскія асабнякі. Але была гэта звычайная дэмагогія. У сапраўднасці Леў Давыдавіч радаваўся такому перасяленню. Па-першае, далей ад Леніна, які меў звычай нечакана зайсці да таго ці іншага наркома, унікнуць у яго справы. Троцкі не любіў гэтых наведванняў Старшыні Саўнаркома. Лічыў, што парады, падказкі патрэбны іншым членам урада. Ён жа, Троцкі, здольны ва ўсім разабрацца сам.

Па-другое, Міністэрства замежных спраў — гэта прастор, камфорт. Праўда, пампезную сазонаўскую мэблю нарком загадаў замяніць на простую, дэмакратычную, адаслаў у Эрмітаж усе дарагія габелены. Але вялікі персідскі дыван на падлозе застаўся. Багатыя шторы таксама.

Менш мэблі, меншыя сталы, дываны, крэслы, безумоўна, сапсавалі інтэр'ер, эстэтычнаму густу Троцкага даспадобы было старое, але яго ультрарэвалюцыйныя прынцыпы патрабавалі руйнаваць усё старое. Мадэрнізацыя зрабіла кабінет яшчэ больш прасторным. Стадыён з зялёна-залацістым полем дывана. А вялікі кабінет узвялічвае яго гаспадара. З адчуваннем сваёй велічы Троцкі хадзіў па мяккім дыване, заклаўшы рукі за спіну. Майстра экспромтаў, да размовы з Робінсам ён, аднак, рыхтаваўся. Нават думаць стараўся па-англійску, шліфуючы найбольш значныя фразы, якія належала сказаць. Спыніўся перад кніжнай шафай, узяў руска-англійскі слоўнік, праверыў значэнне некаторых спецыяльных слоў, пагартаў англійскую энцыклапедыю.

Пасля нецярпліва стаяў каля акна, выглядаючы, калі падыдзе знаёмы «форд» са сцяжкамі — Чырвонага Крыжа і амерыканскім, паласатым.

Раймонд Робінс знешне быў павольным чалавекам. Ніякай мітуслівасці. Спакой і разважлівасць. Хоць, напэўна, у маладосці шукальнік золата меў іншы тэмперамент. Гады і становішча наклалі свой адбітак.