Калі тыдзень назад Робінс, уручаючы тэкст прамовы Вільсана, звярнуў увагу Леніна на гэтыя словы, Ленін адразу ж парыраваў: «Пан Робінс, рабочым і сялянам Расіі не патрэбны гарантыі для свайго самастойнага палітычнага развіцця ні ад якіх добрых і багатых дзядзькоў. І не ім гарантуе самастойнасць развіцця пан Вільсан. Ён падбадзёрвае, заахвочвае рускую контррэвалюцыю. Так я разумею словы, ад якіх вы прыйшлі ў захапленне».
Робінс ажно разгубіўся тады ад такога «недыпламатычнага адказу». Але Ленін прымусіў яго прачытаць словы Вільсана з іншых пазіцый — з пазіцый людзей, якія ўзялі ў Расіі ўладу.
Троцкі адказаў інакш:
— Я вывучыў гэты пункт прамовы прэзідэнта, як і ўсе іншыя. Тут ёсць аснова для дыялога.
— Робінс задаволена каўзануўся на канапе: о, якая істотная розніца паміж думкамі кіраўніка ўрада і чалавека, якому даручана знешняя палітыка і які вядзе перагаворы з немцамі!
Выкарыстоўваць яго настрой трэба з ходу. Робінс добра ведаў уплывовасць Троцкага, яго лідэрства ў немалой групе членаў ЦК.
— Пан Троцкі, я не дыпламат, як вам вядома. Я — прадстаўнік дзелавых колаў. Пракляты імперыяліст. Я ніколі не любіў дыпламатычных хітрыкаў. Але заўсёды, з-за сваёй «праклятаму» быў чалавекам слова і справы. Магчыма, пры нашых ранейшых сустрэчах я стараўся быць дыпламатам. Сёння ж хачу спытаць у вас, як кажуць, адкрытым тэкстам. Што дасць Расіі мір з Германіяй? Страту значных тэрыторый? — Робінс раскрываў сваю дасведчанасць.— Уплату кантрыбуцыі? А ў выніку яшчэ большы развал, анархію і голад. Голад! Пан нарком, голад — страшнейшы вораг любога ладу... любой манархіі і любой рэвалюцыі. Місія Чырвонага Крыжа склала карту раёнаў Расіі, дзе ўжо галадаюць. Гэта вялікія раёны. Не хапае не толькі хлеба. Няма вугалю. Солі. Запалак. Карасіну. Тканіны. Абутку. Дзе вы можаце ўсё гэта ўзяць, каб накарміць, абагрэць і адзець мільёны людзей? Хто гэта ў сённяшнім свеце мае? Толькі мая краіна. Амерыка патрабуе нямнога — трымаць фронт супраць немцаў, нават без наступальных аперацый. Прыміце нашых ваенных саветнікаў. І нашых спецыялістаў. За два месяцы мы наладзім вам здабычу вугалю ў Данбасе, здабычу нафты ў Баку. Арганізуем работу чыгунак. Дамо пшаніцу. І закідаем вашых мужыкоў дабротнымі таварамі. Дайце нам толькі карты...
Троцкі не спускаў вачэй з Робінса, як бы жадаючы пераканацца, наколькі ўсё гэта шчыра і сур'ёзна.
— Ад імя каго робяцца такія прапановы? Ад Чырвонага Крыжа?
— Пан народны камісар, я мог бы пакрыўдзіцца як кіраўнік місіі за такое стаўленне да самай гуманнай арганізацыі.
— Прабачце.
— Але я не ўніжаюся да пустой амбіцыі. Я не скажу, што раблю такія адказныя прапановы ад імя прэзідэнта. Але магу запэўніць вас, што такі план падтрымаюць вельмі ўплывовыя колы Злучаных Штатаў.
Троцкі зрабіў выгляд, што глыбока задумаўся.
Робінс далікатна памаўчаў, даючы магчымасць яму падумаць.
— Мы абмяркуем вашы прапановы.
— Для людзей, якіх я павінен інфармаваць, важна асабістая думка чалавека, які накіроўвае знешнюю палітыку ўрада.
Троцкі самалюбіва засмяяўся.
— О, вы не «пракляты імперыяліст». Вы — вялікі дыпламат, пан мільянер.
— Дзякую за камплімент, пан камісар.
— Я сказаў вам упачатку: асабіста я ніколі не падпішу недэмакратычнага міру. А немцы прад'яўляюць ультыматум. Думаю, што мы вымушаны будзем прыняць ваш план. Я баюся сказаць за Уладзівасток. А Мурманск і Архангельск мы можам даць пад ваш... часовы кантроль.
Для Робінса гэта была перамога. Можна было біць у барабаны. Але палкоўнік быў не з тых людзей, любую перамогу ён умеў замацоўваць. Трэба націснуць на самалюбства Троцкага. Якім чынам?
— Мне здаецца, вам нялёгка будзе пераканаць вашага прэм'ера. Пан Ленін залішне захоплены ідэяй міру з немцамі. Я не хацеў бы, каб вы перадалі... але ў мяне такое ўражанне, што ён аслеплены гэтай ідэяй і не бачыць, што робіцца навокал.
— У сацыялістычным урадзе рашэнні прымаюцца калегіяльна.
Сапраўды патрэбны барабаны! Але не, лепш яшчэ чуць-чуць націснуць:
— Гаварыць з вашым прэм'ерам цікава, але нялёгка. Калі я сказаў яму пра нашу гутарку аб арганізацыі работы Транссібірскай чыгункі і аб вашай згодзе ўзяць буйнога амерыканскага спецыяліста ў памочнікі наркома шляхоў зносін, ведаеце, што адказаў мне пан Ленін?
Троцкі насцярожыўся.
— Ён сказаў: наш нарком вялікі гумарыст.
Робінс убачыў, як перасмыкнулася ў Троцкага левая шчака. Здаецца, пацэліў ён трапна. Але Троцкі не выдаў сябе: каб паказаць, што ён сапраўды не пазбаўлены гумару, весела засмяяўся.