Уладзімір Ільіч перайшоў да акна, з якога відзён быў галоўны пад'езд Смольнага. Цьмяна гарэлі газавыя ліхтары. Хадзілі чырвонаармейцы, з-за калон выглядвалі дулы гармат. Гэтая зусім ваенная карціна — гарматы, чырвонаармейцы (Ленін не ўпершыню ўжо байцоў рабочага атрада, што ахоўваў Смольны, называў чырвонаармейцамі) — як бы адкрыла самую шырокую перспектыву.
Ленін мысленна напісаў:
«На стварэнне сапраўды трывалай і ідэйна моцнай сацыялістычнай рабоча-сялянскай арміі патрэбны, па меншай меры, месяцы і месяцы»,— і тут жа спытаў: — Няўжо такая простая ісціна не зразумелая вам, таварыш Бухарын?
Пастаяў каля акна — трохі сцішыўся боль у галаве. Але не пакідала пачуццё трывогі. Яно так рэдка было ў яго, ён заўсёды супраціўляўся такому настрою: ніколі і ні ў чым не дазваляў сабе раскісаць.
Аднак ад чаго яно, гэтае пачуццё? Што здарылася?
Гадзіну назад скончылася пасяджэнне Саўнаркома.
Леніну здалося, што цэнтральным стане пытанне аб мірных перагаворах. Але яно прайшло звычайным сярод мноства іншых, нічым асаблівым не выдзелілася.
Троцкі зрабіў кароткі і падазрона аб'ектыўны даклад аб ультыматуме Гофмана — усё тое, што толькі што лягло на паперу ў аснову аднаго з тэзісаў. Троцкі не выказаў нават сваёй пазіцыі. Толькі Каменеў, якога Троцкі прывёз з сабой — навошта? за ад'ютанта? — з незразумелай мэтай паведаміў аб «левых» поглядах членаў дэлегацыі Іофе і Радэка. А якая пазіцыя ў самога Каменева, каторы ўжо неаднойчы шкодзіў рэвалюцыі? Наркомы, якія ў пытанні вайны схіляюцца да «левых», таксама змаўчалі, ніякай дыскусіі не пачалі, толькі высветлілі ў кіраўніка дэлегацыі некаторыя працэдурныя пытанні перагавораў.
Праўда, Ленін бачыў, як у членаў урада пазмрачнелі твары ад паведамлення, што ў Германіі яўна перамагае партыя вайны. Але які вывад з гэтага зробяць «левыя», іх малады лідэр Бухарын? Дзе яны збіраюцца выступіць супраць яго, Леніна, дзе дадуць бой? У ЦК? На заўтрашняй нарадзе бальшавікоў — дэлегатаў Трэцяга з'езда, якую «левыя» хочуць ператварыць у партыйную канферэнцыю? Так, безумоўна, заўтра.
«Што ж, я і мае аднадумцы... мы прымем гэты бой. І мы выйграем яго, таварышы і панове!» — звярнуўся Ільіч у думках і да членаў сваёй партыі, і да ворагаў — да ўсіх, каму хочацца ўцягнуць рэспубліку ў вайну.
Але да бою, як і ўвогуле да вайны, трэба рыхтавацца! Тэзісы! Да заўтрашняй нарады яны абавязкова павінны быць гатовыя! Гэта тая зброя, якая паможа згуртаваць армію прыхільнікаў, абаронцаў міру.
Ленін не сумняваўся, што сярод радавых членаў партыі такіх людзей абсалютная большасць, але левыя крыкуны збіваюць іх з панталыку. Трэба ў тэзісах разбіць усе «тэорыі» Бухарына, Радэка, левых эсэраў. І Троцкага. Ён пакуль што не выступіў публічна, але настойліва і хітра праводзіць не менш авантурную лінію. Усёй партыі трэба даказаць, што марксізм патрабуе ўліку аб'ектыўных умоў і іх змен. А карэнная змена — у стварэнні Рэспублікі Саветаў. Таму ўся наша тактыка павінна быць падначалена аднаму прынцыпу: «Як больш правільна і надзейна можна забяспечыць сацыялістычнай рэвалюцыі магчымасць умацавацца...»
Гэта адказ вам, «тэарэтык» Троцкі. Чакаць склаўшы рукі рэвалюцыі ў Германіі, у Францыі — гэта значыць пахаваць сваю ўласную. А таму абсурдна адкрыць немцам фронт. Вільгельм і Гіндэнбург толькі гэтага і чакаюць. Аднак пісаць. Трэба пісаць. У галаве думак — вадаспад. Але яны стануць зброяй, калі лягуць на паперу.
Уладзімір Ільіч вярнуўся да стала. Прачытаў напісанае. Не, логіка разважанняў патрабуе, каб менавіта пра гэта было сказана раней, чым пра факт нямецкага ультыматуму, чытач павінен асэнсаваць ультыматум тэарэтычна ўзброеным. Адзіна правільны марксісцкі вывад такі:
«Становішча спраў з сацыялістычнай рэвалюцыяй у Расіі павінна быць пакладзена ў аснову ўсякага вызначэння міжнародных задач нашай Савецкай улады».
Ленін узрадаваўся, што думка паплыла звыкла хутка і хораша выстройвалася. Пяро проста ляцела, здавалася, не датыкалася да паперы, аднак пакідала словы, сказы, абзацы, навечна занатоўвала ленінскую думку.
«Наша прапагандысцкая дзейнасць наогул і арганізацыя братання ў асаблівасці павінны быць узмоцнены і развіты. Але было б памылкай пабудаваць тактыку сацыялістычнага ўрада Расіі на спробах вызначыць, надыдзе еўрапейская і асабліва германская сацыялістычная рэвалюцыя ў бліжэйшыя паўгода (або падобны кароткі тэрмін) ці не надыдзе. Паколькі вызначыць гэтага нельга ні ў якім разе, то ўсе падобныя спробы, аб'ектыўна, звяліся б да сляпой азартнай ігры».
Раптам думка перапынілася. Адцягнуў увагу дзіўны гук: недзе, не ў прыёмнай, далёка недзе, магчыма, у бяссонным 75-м пакоі, пачала кляцаць машынка.