Дзіўна. Ніколі ён не звяртаў увагі на машынку, якая ўдзень, што кулямёт, страчыла побач, за сцяной. А тут... Ці то начная цішыня гэтак абвастрыла гукі? Ці проста стомленасць? Нервы. Галава такі баліць.
Не дзіва было стаміцца.
Пазаўчора — адкрыццё і роспуск Устаноўчага сходу. Перад гэтым незвычайная работа ў сувязі з тым, што контррэвалюцыя рыхтавала выступленне ў абарону сходу. Толькі за апошнія два дні напісаў некалькі артыкулаў, многа разоў выступіў. На пасяджэнні ЦВК па Устаноўчаму сходу выступаў пяць ці шэсць разоў.
Сёння спадзяваўся на «ціхі» дзень, на спакойную работу. Ціхі! Гэты «ціхі» дзень прывёў да цяжкага эмацыянальнага ўзрушэння, да глыбокага абурэння, да таго, што ён сарваўся на лаянку. Нядобра. Але што зробіш, у яго нервы, як і ў кожнага чалавека.
...З раніцы Ленін прынімаў балгарскага сацыял-дэмакрата Рамана Аўрамава.
З ім Ленін быў знаёмы яшчэ па эміграцыі. Пасля Другога з'езда Аўрамаў стаў бальшавіком і некаторы час працаваў у бальшавіцкім ЦК членам гаспадарчай камісіі.
Але на прыём да Старшыні Саўнаркома ён з'явіўся не ад балгарскіх сацыял-дэмакратаў, а як прадстаўнік урада «цара балгар» Фердынанда Кабургскага, па волі якога ўдзячны Расіі народ быў уцягнуты ў вайну супраць братоў сваіх.
Аўрамава прызвалі ў армію і паслалі на фронт. У канцы семнаццатага года царскія служкі, якія пільна сачылі за сацыялістам і мелі дакладнае дасье на яго, успомнілі пра сувязь Аўрамава з Леніным і тут жа знайшлі яго, паднялі ранг — паслалі ў Германію ў камісію па абмену ваеннапалоннымі і ў камісію па эканамічных пытаннях, якую ўзначальваў знаўца Расіі граф Мірбах. Ад урада цара Фердынанда Аўрамаву было спецыяльнае важнае і далікатнае заданне — паспрабаваць дамовіцца з бальшавіцкім урадам аб закупе ў рускіх чарнаморскіх партах збожжа і карасіну. Вайна давяла Балгарыю да голаду, народ, салдаты ўзнімаліся на заклік: «Зробім, як рускія браты!» Трон хістаўся. Фердынанд хацеў уратаваць яго рускім хлебам, купленым з дапамогай балгарскага бальшавіка.
За дзень да гэтага Ленін гутарыў з Аўрамавым ажно дзве гадзіны.
Аўрамаў прыехаў з Берліна, працаваў у сумеснай з немцамі камісіі, быў даволі адукаваным эканамістам, меў вострае гаспадарлівае вока і, безумоўна, мог даць звесткі пра эканоміку Германіі больш шырокія, глыбокія і дакладныя, чым тыя, што змяшчаліся ў газетах. Ваенная цэнзура працэджвала падобныя матэрыялы праз такое густое педантычна-нямецкае сіта, якога, бадай, не мела ніводная з краін Антанты. У французскіх газетах часам яшчэ можна было прачытаць што-небудзь, вартае ленінскай увагі — увагі эканаміста і ваеннага стратэга. У немцаў — толькі хітрая дэзінфармацыя.
Акрамя сваёй работы ў камісіях, Аўрамаў меў кантакты з нямецкімі сацыял-дэмакратамі. Перад ад'ездам у Петраград сустракаўся з Кауцкім, з Гаазе, з Мерынгам. Яны перадалі Леніну «гарачыя прыветы», але Кауцкі даручыў сказаць, каб Ленін не разлічваў на рэвалюцыйную дапамогу з боку Германіі. «Нямецкі народ — не рэвалюцыйны народ»,— сказаў лідэр «незалежных».
З гэтага Аўрамаў пачаў гутарку.
Такі «прывет» Кауцкага ўзлаваў Леніна.
— Паўстанне арміі, голад народа ў іх на носе, а яны, гэтыя старыя бабы і баязліўцы, паклёпнічаюць на нямецкі народ, сцвярджаюць, што ён не здольны на рэвалюцыю.
Ленін лепш за Кауцкага ведаў, разумеў, што разлічваць на нямецкую рэвалюцыю ў бліжэйшы час нельга. Але нявер'е ва ўласны народ, у нямецкі пралетарыят яго моцна абурыла.
Увогуле для Леніна Аўрамаў быў найкаштоўнейшы субяседнік, інфарматар больш дасведчаны, чым Платэн. Раман Аўрамаў нанюхаўся ўсяго, на розных франтах і ў розных тылах, ён ведаў чацвярны хлеў і яго быдла знутры. Таму Ленін засыпаў яго пытаннямі.
«Я быў падвергнуты літаральна ўраганнаму абстрэлу,— успамінае Аўрамаў.— Ленін хацеў ведаць усё да самых падрабязнасцей». Што ў Германіі? У Балгарыі? У Аўстра-Венгрыі? У якім становішчы прамысловасць? Як з вугалем, з металам? Як з хлебам? Ага, немцы, дзякуючы ўліку і кантролю (іменна ўліку і кантролю!) за нарміраваннем, трымаюцца. Чэхі, венгры, балгары галадаюць. За авантуры Раманавых, гогенцолернаў, Габсбургаў і кабургаў разлічваюцца народы.
Рускія палонныя выкарыстоўваюцца на самых цяжкіх работах.
Ленін тут жа пазваніў Троцкаму:
— Леў Давыдавіч, вернецеся ў Брэст — заявіце ад імя Савецкага Урада немцам пратэст супраць бесчалавечнай эксплуатацыі нашых палонных. Рускія салдаты працуюць у шахтах па чатырнаццаць гадзін і маюць самы мізэрны паёк. У паўтара раза меншы, чым палонныя англічане. Скажыце, што гэта рабства. І мы заяўляем: ганьба рабаўласнікам! Адкуль звесткі? З вельмі надзейных крыніц. Так, так, з вельмі надзейных.