Балгарына крануў ленінскі клопат аб яго рэпутацыі і бяспецы: Уладзімір Ільіч не называе яго прозвішча, разумеючы, што ён ваенны чалавек і яму, у выпадку чаго, лёгка могуць прышыць разглашэнне сакрэтаў.
Аўрамаў таксама праявіў чалавечую тактоўнасць: не стаў пасля такой шчырай сяброўскай размовы аднадумцаў змешваць зусім розныя свае місіі — тое, што ішло ад пераканання, з тым, што належала зрабіць па абавязку афіцэра і дыпламата краіны, якая ваявала з Расіяй.
Абавязак свой Аўрамаў выканаў сёння. Папрасіў прадаць Балгарыі хлеб.
Уладзіміра Ільіча просьба такая здзівіла.
Галодным балгарам варта было памагчы. Але Балгарыя не падпісала яшчэ нават міру, а Фердынанд хоча ўмацаваць сваё становішча за кошт рускага хлеба. Ці не занадта цынічна? А хто паможа галодным рускім рабочым? Пакланіцца Амерыцы, як прапануе Робінс і з чым, здаецца, згаджаецца Троцкі? Нарком па замежных справах гатовы нават аддаць пад амерыканскі кантроль Транссібірскую чыгунку. Які гандляр народным дабром! Занадта вялікі кавалак — ад Уладзівастока да... Да якога пункта, Леў Давыдавіч, вы хочаце ўстанавіць гэты кантроль? Ці не да Петраграда?
Ленін падняўся з крэсла, на якім сядзеў насупраць Аўрамава. Цяпер перад ім быў не госць-аднадумец, а дыпламат варожай дзяржавы. Што ж адказаць пасланніку цара Фердынанда?
Ленін прайшоўся па кабінеце і раптам адчыніў дзверы ў пакой сакратарыята, якія заўсёды шчыльна зачыняліся, калі ў старшыні быў наведвальнік. Паклікаў:
— Таварыш Кізас!
Увайшла супрацоўніца.
— Анна Пятроўна,— звярнуўся да яе Уладзімір Ільіч.— Прынясіце нам з буфета па порцыі хлеба. Калі ён ёсць там.
— І чаю?
— Так, і чаю.
Аўрамаў, да якога не дайшла яшчэ ленінская думка, збянтэжана маўчаў.
Ленін прайшоў да свайго рабочага месца за сталом, сеў у крэсла. Спытаў з афіцыйнай далікатнасцю:
— Ў гасцініцы не холадна?
— Холадна, Уладзімір Ільіч.
— Суровая зіма. Вельмі суровая зіма. А вугалю няма. Я скажу таварышам, каб вам знайшлі цяплейшую кватэру.
— Дзякую. Прашу вас не турбавацца.
Кізас увайшла, несучы талерачкі, на якіх стаялі шклянкі бледнага чаю і ляжалі тоненькія скібкі чорнага, пад колер бурага вугалю, хлеба.
Жанчына паставіла хлеб і чай перад Аўрамавым.
— Калі ласка,— сказаў Ленін госцю.— Прашу пакаштаваць хлеб, якім харчуецца пралетарыят Петраграда. Не выключаю, што рабочыя пякарні, з якой бяруць хлеб для Смольнага, стараюцца выпякаць яго лепшым, чым іншыя пякарні.
Аўрамаў зразумеў, што гэта адказ Леніна на яго просьбу прадаць хлеб, і яму зрабілася сорамна за нахабства людзей, што даручылі яму такую місію. Ацеслівы хлеб комам стаяў у горле.
Ленін еў хлеб з апетытам. Але чай яму не далі дапіць.
Зазваніў тэлефон. Уладзімір Ільіч узяў трубку. І раптам Аўрамаў угледзеў, як змяніўся ў Леніна твар — уміг наліўся гнеўнай чырванню, такога Леніна ён яшчэ ніколі не бачыў, у самых гарачых дыспутах, якія вяліся ў Жэневе.
Старшыня ўрада закрычаў у трубку:
— Таварыш Урыцкі! Што ў вас творыцца ў горадзе? Вы старшыня камісіі па ахове Петраграда. І вы мне спакойна дакладваеце аб такой подлай правакацыі. Так, так спакойна... Неадкладна знайдзіце і арыштуйце гэтых анархістаў! Неадкладна!
Паклаўшы трубку, Ленін тут жа паклікаў сакратара.
— Бонч-Бруевіча да мяне! Дзе Бонч-Бруевіч? Чаму старшыня камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй дагэтуль не ведае, што ў Марыінскай бальніцы адбылося гнюснейшае забойства? У бальніцы! Савецкая ўлада нікому не дазволіць чыніць самасуды! Неадкладна знайдзіце мне Бонч-Бруевіча! Звяжыце мяне з Дыбенкам! Рэвалюцыю топча анархія, а ім — хоць бы што!
Ленін быў настолькі ўзбуджаны, што забыўся на прысутнасць Аўрамава. Аўрамаў, збянтэжаны, што мімаволі стаў сведкам незвычайнай падзеі, але і зацікаўлены — што ж здарылася? — адышоў у дальні куток кабінета да акна.
Колькі дзён назад спецыяльнай пастановай Саўнаркома былыя міністры Часовага ўрада кадэты Какошкін і Шынгароў, якія захварэлі, былі пераведзены з Петрапаўлаўскай крэпасці ў бальніцу. У мінулую ноч матросы-анархісты ўварваліся ў бальніцу і забілі іх там.
Забойства гэтае надзвычай уразіла і абурыла Уладзіміра Ілыча. Ён ніяк не мог супакоіцца. Званіў па тэлефоне. Некага інфармаваў. Некага лаяў. Патрабаваў тлумачэнняў, дзеянняў.
У кабінет шпарка ўвайшоў Бонч-Бруевіч.
Уладзімір Ільіч накінуўся на яго:
— Чым вы заняты? Чым занята ваша камісія? Вы ведаеце, што здарылася?