Ленін размашыста падкрэсліў вядомыя нам словы, сабраў раскіданыя па стале лісткі, падняўся з крэсла, трымаючы лісткі ў руцэ. Яўна задаволены, паказаў іх Бонч-Бруевічу.
— Тэзісы аб міры. Партыі трэба зброя супраць левых фразёраў. Супраць пазіцыі Троцкага.
Склаў лісты, беражліва, як важнейшы дакумент, схаваў іх ва ўнутраную кішэню пінжака. З ласкавай прыжмуранасцю агледзеў кіраўніка спраў. Мабыць, трохі адчуваў няёмкасць за ранішнюю гнеўную ўспышку сваю.
— Уладзімір Дзмітрыевіч, у вас выгляд вучня, якога паставілі ў кут. Не трэба, баценька. Сядайце і расказвайце, што зроблена камісіяй.
Бонч-Бруевіч пачаў расказваць аб выніках следства.
— Спачуванне сем'ям нябожчыкаў вынеслі? Сказалі, што віноўныя будуць пакараны па ўсёй строгасці рэвалюцыйнага закона? Прасачыце за пахаваннем. Кадэты і эсэры могуць выкарыстаць пахаванне для дэманстрацыі супраць Савецкага Урада. Вы кажаце: арыштаваны падазроныя матросы. На чым грунтуецца падазронасць? Абавязкова вочная стаўка з персаналам бальніцы! За самасуд — суровае пакаранне. Але каб ніхто не пацярпеў з невіноўных. Перадайце Штэйнбергу, што ён нясе персанальную адказнасць за вядзенне следства. Матросам гвардзейскага экіпажа, пра анархічны настрой якіх вы толькі што расказалі, перадайце ад імя ўрада, што яны адказваюць за жыццё арыштаваных афіцэраў і за самасуд панясуць суровую кару. А ўвогуле пашліце ў экіпаж надзейных бальшавікоў. Аддзяліце здаровую частку матросаў ад анархістаў. Анархістаў раззбройце.
Атрымаўшы ўказанні па розных пытаннях, не толькі наконт анархістаў, хоць забойства Шынгарова і Какошкіна, відно было, усё яшчэ моцна хвалявала Уладзіміра Ільіча, Бонч-Бруевіч на развітанне спытаў:
— Ці не пара вам адпачываць, Уладзімір Ільіч? Поўнач.
— Я яшчэ павінен прыняць Грымлунда.
— Уладзімір Ільіч, я вымушаны буду паставіць на Саўнаркоме пытанне аб рэжыме работы старшыні.
Ленін нахмурыўся, але тут жа пасміхнуўся.
— Таварыш Бонч-Бруевіч! Не рабіцеся бюракратам. Адпачываць, баценька, будзем, калі завяршым рэвалюцыю, умацуем уладу рабочых.
— А мяне вы адаслалі ў «Халілу».
Ленін засмяяўся.
— Вы немагчымы чалавек, Уладзімір Дзмітрыевіч.
3
«Левыя» адчувалі сябе пераможцамі. Пасля сканчэння нарады лідэры «левых» не разыходзіліся. Яны стоўпіліся ў пярэднім кутку залы, за сталом для прэзідыума, вакол Бухарына і шумна, са смехам, з жартамі, працягвалі размову. Праўда, у прысутнасці Леніна яны не выказвалі сваёй радасці вынікамі галасавання, яны вялі як бы абстрактную размову — размову людзей, якія адпачываюць пасля напружанай працы. Але радасць іх адчувалася ва ўсім — як яны гаварылі, аб чым гаварылі, як смяяліся, якім выглядаў Мікалай Іванавіч Бухарын. Ён стаяў у цэнтры групы, даволі кругленькі для сваіх трыццаці гадоў і галоднага часу, расчырванелы ад узбуджанасці — ад задаволенасці, мабыць, сваёй палымянай, глыбокай, як ён лічыў, прамовай, якая, безумоўна, згуртавала прыхільнікаў рэвалюцыйнай вайны і дала ім перамогу над самім Леніным. Трыццаць два чалавекі прагаласавалі за яго, Бухарына, і толькі пятнаццаць — за пазіцыю Леніна. Шаснаццаць галасоў сабраў Троцкі. Але Троцкі, тэорыя яго, бліжэй, значна бліжэй да іх, «левых», з Троцкім можна аб'яднацца і ў ЦК, і на канферэнцыі, склікання якой яны будуць патрабаваць, паколькі не ўдалося ператварыць у канферэнцыю гэтую нараду ЦК з дэлегатамі Трэцяга з'езда Саветаў і кіраўнікамі буйных партыйных арганізацый.
Ленін таксама затрымаўся ў зале, у другім канцы, каля дзвярэй. Затрымалі яго не столькі аднадумцы, колькі тыя «левыя», якім, магчыма, стала сорамна за бестактоўна-шумную рэакцыю Бухарына, Ломава, Асінскага, Касіёра... і ўсіх тых, што як бы, пасля нарады, захапілі прэзідыум. Безумоўна, ленінцам таксама хацелася падтрымаць, падбадзёрыць правадыра партыі.
Першым па-рабочаму проста і шчыра пра гэта сказаў Фёдар Андрэевіч Арцём:
— Не перажывайце, Уладзімір Ільіч. Гэтым наша барацьба за мір не канчаецца.
Ленін у праходзе паміж бязладна рассунутымі венскімі крэсламі з удзячнасцю сціснуў локаць свайго вернага аднадумца, якога любіў за яго рабочы гарт, сказаў ціха:
— Таварыш Арцём, я перажываю не за сябе. За іх. Чаму яны радуюцца? Магчымасці пахаваць Савецкую ўладу?