Выбрать главу

Такога не скажаш гучна, на поўны голас, тым больш афіцыйна, з трыбуны. У яго вялікае пачуццё адказнасці за свае словы. І тактоўнасць. А галоўнае — пры любой, самай вострай палеміцы нельга сказаць такога, што дало б гэтым маладым і гарачым галовам повад для расколу. Нельга забываць, што людзі гэта розныя і не надта разбіраюцца ў тэорыі. Ва ўсёй групы «левых» ёсць адна добрая якасць — іх маладосць. Урэшце трэба разумець, што рэвалюцыйны гонар маладых не дазваляе ім змірыцца з нахабнымі прыцязаннямі імперыялістаў.

Уладзімір Ільіч быў удзячны Арцёму, іншым аднадумцам за падтрымку не толькі з трыбуны, але і за шчырую сяброўскую спагаду. Але ён зусім не адчуваў сябе пераможаным. Наадварот. Ён радаваўся свайму настрою. З'явілася ранейшая ваяўнічасць байца — тая, якой ён заўсёды вызначаўся ў эміграцыі. Толькі яго цяперашняе становішча вымушае да большай дыпламатыі. Аднак тэзісамі ён пачаў новы этап прапаганды ў партыі за падпісанне міру. А вынікі галасавання на гэтай прыватнай нарадзе роўна нічога не значаць, ні для каго яны не з'яўляюцца абавязковымі. Асабіста для яго яны толькі прасвятлілі настрой некаторых кіраўнікоў Маскоўскай і Петраградскай арганізацый. Таго ж Бубнава, Касіёра, Бронскага. А настрой трэба ведаць.

Затрымаў яго на выхадзе, між іншым, Бубнаў. Мабыць, яму хацелася хоць неяк апраўдацца.

— Уладзімір Ільіч! Я стаю на старой пазіцыі Леніна! — выгукнуў Андрэй Сяргеевіч.

— У тым і бяда, што вы хочаце стаяць на старой тактычнай пазіцыі і ўпарта не жадаеце бачыць, як стварылася новая аб'ектыўная пазіцыя. Паўтараючы старыя лозунгі, вы не ўлічваеце нават, што мы, бальшавікі, цяпер усе сталі абаронцамі. Адбылася карэнная перамена — створана рэспубліка рабочых і сялян. Рэспубліка Саветаў.

Дзяржынскі праз усю сваю рэвалюцыйную дзейнасць быў верным ленінцам і ненавідзеў апазіцыю. Ён не прымыкаў да Бухарына, не ўступаў у саюз з «левымі»... Фелікс Эдмундавіч перажываў недарэчнасць становішча, якое складвалася. Аднак ён шчыра быў пераконаны, што рэвалюцыя павінна развівацца толькі так — шляхам рэвалюцыйнай вайны пралетарыяту, які першы перамог, супраць імперыялізму, у даным выпадку нямецкага. Акрамя таго, яму больш, чым каму іншаму, балела, што той мір, які заклікае падпісаць Ленін, аддае нямецкім імперыялістам на гвалт Польшчу, Беларусь, Літву.

Дзяржынскі не выступаў на нарадзе. Многія з ленінскіх тэзісаў аб міры зрабілі на яго моцнае ўражанне. Але з апошнім тэзісам, які Уладзімір Ільіч не зачытваў — тлумачыў вусна, ён не мог ніяк згадзіцца.

Каля Леніна быў і Троцкі. Ён не радаваўся ні перамозе «левых», ні сваёй перамозе. Троцкі, можа, адзін з усіх апанентаў Леніна зразумеў, які гэта сур'ёзны дакумент — ленінскія тэзісы аб міры. Бухарын сорак хвілін трубіў пра рэвалюцыйную вайну экспромтам. Сам ён, Троцкі, таксама звыкла практыкаваўся ў красамоўстве. Паланіў слухачоў сваімі доказамі. Але слухачоў было менш сямі дзесяткаў. Што з яго доказаў яны запомнілі? Ленін жа напісаў грунтоўную тэарэтычную работу, якую прачытае, будзе вывучаць уся партыя. Калі толькі паспеў пры яго занятасці? Троцкі папракнуў сябе, што ў Брэсце ён мала напісаў, хоць палітычная камісія засядала адну-дзве гадзіны, ды і то не кожны дзень.

Троцкі думаў, якім чынам нейтралізаваць уздзеянне ленінскіх тэзісаў. Падбіць Леніна, каб ён хутчэй апублікаваў тэзісы. Вось што трэба. Тады такія груганы, як Бухарын, Асінскі, Радэк, пачнуць аспрэчваць кожны сказ, кожнае палажэнне, заблытаюць, зацьмяць простыя і ясныя ісціны настолькі, што звычайнаму радавому члену партыі, рабочаму, які з марксісцкай тэорыі засвоіў хіба толькі лозунг рэвалюцыі, а тым больш непісьменнаму селяніну будзе немагчыма разабрацца, хто ж большы рэвалюцыянер — Ленін ці Бухарын. А ў выніку большасць можа падтрымаць яго, Троцкага, пазіцыю. О, як яму хацелася, каб хоць адзін стратэгічны напрамак рэвалюцыі быў вызначаны яго тэорыяй! Пакуль што на ўсіх этапах, ад лютага да кастрычніка і пасля, у перыяд свайго пераможнага шэсця, як называе гэта Ленін, рэвалюцыя развіваецца па ленінскай тэорыі, па ленінскім плане. А яму, Троцкаму, адводзілася роля практыка, выканаўцы. Ён павінен сваёй рукой падпісаць мір, неабходнасць якога так горача і — нельга не згадзіцца — абгрунтавана даводзіць Ленін.

Дзяржынскі слухаў Леніна, не перапыняючы, было відно, як Старшыні ВЧК хочацца зразумець усю логіку ленінскіх доказаў. Дзяржынскі, практык і рэаліст, з адным згаджаўся: з тымі ўзброенымі сіламі, якімі валодае рэспубліка (а іх, па сутнасці, няма), ніякай вайны, тым больш рэвалюцыйнай, весці нельга, гэта сапраўды абсурдна.

— Таварыш Дзяржынскі, наязджайце на фронт... напрыклад, на Мінскі ўчастак... да сябе на радзіму... і паглядзіце на армію — што ад яе засталося. Думаю, вы не станеце, як Асінскі, крычаць, што я хачу адаслаць вас на фронт?