— І ты, як тэй таго, тута? — казаў ён Парфёну Вяршкову.
— І я, — адказаў той.
— І ты, як тэй таго? — называў далей Мікіта Кузьму Прыбыткова.
— Як бачыш, — ківаў галавой стары.
Усе, каго Драніца надзяляў сваёй увагай, адказвалі яму з вясёлай прыжмуранасцю ў вачах, быццам распачыналі гульню і чакалі ад яе нейкай асаблівай уцехі. Нарэшце чарга дайшла да Зазыбы. Але Мікіта чамусьці не адважыўся папытацца ў таго — ці то сумеўся раптам, ці, можа, захрасла што ў горле. Тады Зазыба па-змоўніцку падміргнуў Мікіту і сказаў сам, маючы ў гэтым патаемны сэнс:
— Мы, бачыш, тута, а вы дзе?
— Мы? — ныкнуў галавой Драніца.
— У Брава-Жыватоўскага?
— Дак...
— Хто ж тама?
— Ну, Брава-Жыватоўскі, як тэй таго...
— Гэта мы ўжо знаем.
— Раман Сёмачкін...
— І пра гэта мы маглі здагадацца.
— Сілка Хрупчык...
— Гэта ўжо нешта новае!
— Тады, як тэй таго, Рахім, што ў Бабінавічах паліцаем. Дак прыйшоў, як тэй таго, у госці. Раман казаў, што да Ганны во начаваць павядзе яго.
Ганна, пачуўшы гэта, не ўзбурылася, адно сказала, як пра нешта зусім вясковае:
— Няхай толькі напалохаюць мне дзяцей, тама, дак!..
— Значыць, цябе яны паслалі сюды? — не зводзіў з Мікіты насмешлівых вачэй намеснік старшыні калгаса.
— Чаму ета яны? — незалюбіў Мікіта. — Сам ішоў міма, дак бачу, як тэй таго, цяпло ў вокнах.
— Не хітруй ужо, Мікіта, прызнавайся, — кінуў тады з лаўкі сваю заўвагу Парфён Вяршкоў.
Мікіту яўна прыпіралі да сценкі. Ён гэта адчуваў. Таму сказаў на ўвесь голас, бы вельмі пакрыўджана:
— Ну, як хочаце, — і павярнуўся ісці да парога.
Але над сталом падняўся вялікім ценем Зазыба.
— Нікуды ты не пойдзеш, раз прыйшоў сюды! — Ён не хацеў выпусціць Драніцу з канторы, каб той не ўзварушыў сваіх сабутэльнікаў раней часу. — Сядай во з мужчынамі да таксама пагавары. Ты нават не здагадваешся, чаму мы сабраліся тут?
— Дак усе праўленцы!..
— А Кузьма во?
— Дак...
— А Парфён?
— Дак...
— Сядай, сядай! — ужо ледзь не хапаючы Драніцу за крыссё, казаў Зазыба. — Будзеш таксама голас мець, калі што якое.
Драніца муляўся, але не паслухацца не мог.
— Калі трэба, як тэй таго, — робячы выгляд, што з неахвотай даецца на ўгаворы, паціснуў плячамі ён.
А мужыкі, наадварот, засмяяліся — маўляў, не шлындай ад кампаніі да кампаніі.
Праз нейкі момант Парфён Вяршкоў падначыў Драніцу:
— Ты б расказаў, як тама ў Бабінавічах вам было з Брава-Жыватоўскім? Як немцы?
Але Драніца сцяўся ўвесь на лаўцы:
— Ніяк, як тэй таго...
— Чаму ета?
— Таму!
— Ладна, Мікіта, не будзь!..
— Што вы ка мне прысталі, як тэй таго? Вон Зазыба таксама ехаў праз Бабінавічы, дак і ён бачыў немцаў!
— Ён расказваў ужо.
Драніца недаверліва цыўкнуў вачамі — мусіць, яму не надта хацелася апавядаць пра свой добраахвотны паход у занятае немцамі мястэчка. Але ён добра ведаў верамейкаўскіх мужыкоў: раз тыя прычапіліся ўжо, то ўсё роўна на чым-небудзь заблытаюць. Напрыклад, на той жа торбе, якую выкапалі вясковыя хлапчукі тады на гародзе. А якраз гэтага Мікіта сама больш баяўся. Таму нічога не заставалася, як зрабіць згаворлівы выгляд.
— Дак мы тама кожны па сабе-е-е, — яўна адмяжоўваючыся ад Брава-Жыватоўскага, пачаў Драніца. — Ён жа мяне за перакладчыка, як тэй таго, браў. Але тама адзін пайшоў да каменданта, бо Адольф, як тэй таго, сам разумее па-нашаму. Я застаўся ля ганка. На вуліцы грузавікі нямецкія стаялі акурат. Дак я і застаўся, як тэй таго. Спярша боязна было — а раптам, як тэй таго, які дурны герман возьме да трахне ў жывот з аўтамата. У іх жа ва ўсіх аўтаматы, не тое, што ў нашых салдат, як тэй таго. Дак і я, думаю, мабыць, дарэмна, як тэй таго, увязаўся за Брава-Жыватоўскім! Лепей дома б сядзеў! Але бачу, як тэй таго, немцы нават не зважаюць на мяне. Сядзяць сабе на мураве паўз платы, гяргечуць, як тыя яўрэі, бывала нават і мне зразумець цяжка, да ядуць нешта ў золаце. Ну, я тады, як тэй таго, і пасмялеў. Балазе, галодны пабег з Брава-Жыватоўскім.
— Няўжо ў немцаў чаго папрасіў? — як не злякаўся Іван Падзерын.
— Так бы яны яму і далі! — ажно з зайздрасцю сказаў на гэта Кузьма Прыбыткоў.
Але Драніца запярэчыў: