На крайняй дошчачцы, насупраць якой спыніўся Чубар, было выведзена бліскучай фарбай: «Werner Holzmacher, Leutnant,Kompanienführer, des Grenadierrgiments»********. Нават не ведаючы нямецкай мовы, Чубар разабраў па напісанні лацінскіх літар, што пад трыма іншымі крыжамі ў першым радзе ляжалі два Гансы, пасля Макс.
«Хто ж пабіў іх тут?» — з помслівай зайздрасцю падумаў Чубар і пачаў старанна азірацца, каб адшукаць яшчэ якія-небудзь сляды нядаўняга бою, а тады рушыў пад дуб, што стаяў наўскасок ад падбітай бронемашыны. Першае, што прыкмеціў Чубар, падыходзячы да дрэва, — гэта вялікую, з няроўнымі краямі адтуліну, якая глядзела, быццам акно ў хаце, на бальшак. Праз яе магла вольна праляцець птушка і не зачапіцца крыламі. У дрэве было дупло.
Чубар заглядзеўся на дуб і не заўважыў, як наступіў правай нагой на мяккі грудок зямлі. Грудок быў насыпаны таксама нядаўна і акурат па чалавечым росце, калі палажыць таго ды выпрастаць. Мусіць, тут і знайшоў сабе спачын той, хто напаў на гэтым бальшаку на немцаў.
Чубар нагнуўся, зруйнаваў неасцярожны свой след на грудку і на колькі хвілін нібы схаладнеў над магілай. Хацелася ўведаць хоць што пра чалавека, які ляжаў у ёй. Але дарэмна. Ніякіх адзнак не было, па якіх можна зрабіць гэта. І тады Чубар падумаў, што гэтым часам неяк лёс дужа несправядліва паварочваецца да герояў: ворагаў, якія прыйшлі захапіць краіну і заняволіць яе народ, нават і ў зямлю хаваюць па-чалавечы, а людзі, якія абараняюць гэтую зямлю ад іх і гінуць у жорсткіх баях, застаюцца безыменнымі, добра яшчэ, калі захаваюцца сведкі ці ўдзельнікі гэтых баёў...
У дубе сапраўды было дупло. Але Чубар убачыў яго толькі тады, калі абышоў дрэва вакол. Дупло мела незвычайны выгляд — быццам хто выбраў цяслом у дубе сяродак ад поля, і цяпер там мог вольна стаяць чалавек. Зямля пад дубам ці не на два вяршкі ўгору была засыпана гільзамі, а той бок, якім дрэва стаяла да бальшака, быў пасечаны скрозь кулямі — як кажуць, не хапіла б нават дзятлу дзе стукнуць дзюбай.
Чубар колькі часу патаптаўся на гільзах, а тады разважыў сабе — значыць, нейкі герой вёў па фашыстах агонь менавіта адсюль, і гэтая адтуліна з няроўнымі краямі служыла яму амбразурай.
Здавалася, апроч васьмі крыжоў, кучы страляных гільзаў ды магільнага грудка, нічога ўжо нельга было прыкмеціць тут. Але хапіла Чубару адно прайсці па ўзмежку, як у жыце трапілася на вочы жалезная ламачына. То быў ручны кулямёт сістэмы Дзегцярова. Перш чым закінуць яго сюды, нехта ў лютай злосці біў ім па зямлі і па дрэве, бо кулямёт ляжаў пагнуты, а каторых дэталяў, напрыклад, дыска-магазіна, спускавой рамкі з ручкай кіравання, правай сошкі, дык і зусім не было. Крокаў за пяць ад пакарабачанага кулямёта — і таксама ў жыце, раскінуўшы крылы, бы вялікая птушка, чарнела казацкае сядло. Чубар падышоў і стаў перад ім на калена, каб адшпіліць вайсковую торбу, прытарочаную да сядла, сунуў туды руку. У адной з перагародак пальцы намацалі прыліплую да адсырэлай скуры паперку. Асцярожна, каб не пакамячыць і не падраць, Чубар выняў яе і, прытуліўшы ствалом на сагнуты локаць вінтоўку, разгарнуў перад сабой. Літары, напісаныя хімічным алоўкам, зацяклі ў торбе, і прачытаць збольшага можна было толькі першы сказ, але таксама не цалкам, затым амаль усю сярэднюю частку тэксту ды ўвесь апошні сказ. Быў тут і подпіс. Аднак і ён зацёк у торбе, акрамя аднаго радка зверху: «Старшы палітрук...» Чубар пачаў разбіраць почырк. Гэта было, няйначай, баявое данясенне ніжэйшага па званню камандзіра вышэйшаму альбо проста лісток з запісной кніжкі. «Пасля таго, — сляпіў вочы Чубар, — як, па непацверджаных дадзеных, дэзерціраваў Мануйла, я прыняў камандаванне батальёнам, які на 10.00 6.8.41 г. займаў абарону...» — на гэтым першы сказ станавіўся неразборлівы, і Чубар зноў меў магчымасць чытаць тэкст з сярэдзіны: «...вызначыліся камрот 1, 2, 3 — Салаўёў, Зазуля, Рагімаў, чырвонаармейцы Прыходзька, Кажанаў, Леўчык, Боня, Гайдук, Аношкін...» — прозвішчаў пералічана было ажно колькі радкоў. Пасля іх тэкст зноў зусім не прачытваўся. Нарэшце, ішоў апошні сказ, пад подпісам: «Па дадзеных праведзенай разведкі можна меркаваць: праціўнік заўтра з надыходам раніцы пачне наступаць у паласе абароны батальёна на населеныя пункты Чудзяны, Вушак, у квадраце 62—35».