Чубар доўга глядзеў на заплямлены подпіс, сіліўся хоць што прачытаць, але дарэмна. Нарэшце склаў нанава паперку, сунуў назад у торбу, бо не адважваўся распарадзіцца ёю.
Зарупіла яшчэ, але ўжо быццам па абвязку, схадзіць да грудка, і Чубар неўзабаве патупаў туды, а там зняў з галавы мяккі, пашыты з зялёнага сукна, картуз і стаў над магілай, месцячы ў сэрцы чалавечы сум па загінуўшым.
Можа, таму, што ўжо столькі часу думалася пра адных забітых, зноў наперакор жаданню згадаўся ваенурач, нават не згадаўся, а быццам з туману выплыла ягоная кашчавая постаць. Галава доктарава за гэты час яшчэ больш пабралася ясвамі і стала зусім сівая, акурат у таго ваўка, што ляжаў на дарозе. Гэта было ўжо, няйначай, насланнё, быццам паступова сілу браў страх перад немінучай расплатай за нядаўні стрэл. Чубар падумаў пра гэта і скалануўся. А тады паспешліва накрыў сваю галаву картузом і вярнуўся паўз дуб у жыта. Яму можна было ісці адсюль і па бальшаку, каб затым павярнуць на паўночны ўсход і ўжо не аддаляцца зашмат ад ракі. Аднак бучная збажына пакуль найлепш магла схаваць ад чужога вока.
Крокаў праз дваццаць Чубар убачыў на камлюкаватай зямлі чалавечыя сляды (нехта паклычыў жыта, пазначыўшы ледзь прыкметную сцежачку), а між слядоў — кроплі счарнелай крыві. Чалавек, які пакінуў гэтыя сляды, чамусьці наступаў больш на наскі, калупаючы імі, бы капытамі, закарэлы пясок.
Чубар падаўся па слядах.
Заўважыў ён чалавека не адразу: давялося нямала паўглядацца, да таго ж ляжаў той у зялёнай і кволай траве, якая кучомілася па самым нізе ў жыце, і адзенне яго колерам амаль зусім не адрознівалася ад гэтай травы.
Там, дзе ляжаў чалавек, — то быў чырвонаармеец, жыта было ўсё выкачана. Няйначай, небарака доўга пакутаваў перад тым, як да яго назусім падступілася смерць.
Зямля вакол таксама была заліта чорнай крывёю.
Ляжаў чырвонаармеец на баку, падкурчыўшы ногі ў абмотках, рукі, запэцканыя крывёю, ён трымаў на жываце, дакладней, учапіўся імі за скрываўленую гімнасцёрку на жываце, а галава з расплюшчанымі і нібыта здзіўленымі вачамі, у якіх застыла, можа, учарашняе неба, была вымазана ў шэры, як глей, пясок.
Зброі пры чырвонаармейцу не было. Але затое з кішэняў тырчалі пучком доўгія макароніны, і кроў на іх мела яшчэ першародную і палохаючую чырвань.
«Значыць, старшы палітрук не адзін біўся там?» — азірнуўся Чубар на дуб і ўспомніў адразу пра ямкі ад выбухаў на бальшаку, што былі засыпаныя зямлёй: аднаму чалавеку, бадай, сапраўды не па сіле вытрымаць такі бой!..
Сёння Чубар, здаецца, першы раз на свае вочы бачыў вынікі вайны. Нават не вынікі, а ўжо, бадай, сапраўдную вайну з яе ахвярамі, бо дагэтуль — і тады, як пачалася яна, і тады, як дакацілася ад Сажа да Бесядзі, і, нарэшце, тады, як ужо даганяў сам, ідучы са Шпакевічам і Халадзілавым следам за фронтам, — ён пазнаваў яе нібыта здалёку. Але свежы могільнік, што вырас раптам ля бальшака, чыясьці безыменная магіла недалёка ад дуба, пасля гэты чырвонаармеец, які памёр ад ран, атрыманых у баі на бальшаку, а больш, мусіць, уласны стрэл на тым схоне гаварылі за тое, што Чубар ужо самым непасрэдным чынам сутыкнуўся з вайной. Цяпер яна станавілася і жахліваю яваю, і пачварным успамінам для яго.
XIII
Сходу не склікалі.
Як толькі раззлаваны Зазыба загадаў збіраць да капца народ, што сышоўся к таму часу ў поле, Раман Сёмачкін і тыя, хто яго падтрымліваў, схамянуліся: галасы на сходзе ў сваёй большасці, напэўна, былі б пададзены за праўленцаў, бо рашэнне, якое прынялі праўленцы, адпавядала багата каму як у саміх Верамейках, так і на пасёлках.
— Дак ета тады, як хочаце, — разгублена паціснуў плячамі Раман Сёмачкін і, нібыта наеўшыся якой мыльнай травы, падаўся да Рахіма, няйначай, шукаючы абароны ў таго.
Ціток таксама як не закрычаў на Зазыбу:
— Да не трэба таго сходу! — Тым больш што старому і сапраўды ж аднолькава было б хоць са сходам, а хоць без яго.
Іншая справа — Сілка Хрупчык. У гэтага была вялікая сям’я, і яму хацелася неяк ускаламуціць ваду, каб паспрабаваць злавіць у ёй калі не цэлага шчупака, то ўжо хоць балабку тады. Але і Сілка даволі хутка адчуў, як можа абярнуцца справа на сходзе — мёду пэўна што не накатаеш, адно да астатку пчол раззлуеш, і адразу панікнуў, зніякавеў, ажно змяніўся ў твары, быццам пачаў прыслухоўвацца да нечага забалелага ўсярэдзіне.
Астатнія мужыкі, таксама і Мікіта Драніца, які нечага ў сваёй нязвыклай маўклівасці быў сёння як не падобны на сябе, зарагаталі — тады навошта было дарэмна на хвост станавіцца!
Але Зазыбу, здавалася, гэтай перамены ў паводзінах верамейкаўцаў мала ўжо было.