«А дарэмна, няхай бабы ім вушы пазатыкаюць лаянкай», — са злараднасцю падумаў ён пра тых, хто ўсчынаў сёння гэтую сварку, і з ранейшай упартасцю сказаў:
— Не, склікайце людзей, раз на тое!
Ніхто вакол нават з месца не крануўся. Тады Зазыба ссунуў бровы, загадаў Івану Падзерыну:
— Пакліч сюды жанок! — І паказаў на гуцянскую дарогу: — Да і ўсім гаварыце, хто стаіць дзе!
Бачачы, як упарта цяпер стаяў на сваім Зазыба, мужыкі з сарамлівай вінаватасцю заплюскалі вачамі — маўляў, з гэтым Раманам заўсёды ані прышыць, ані залатаць, ані палец абгарнуць. Мікіта Драніца і той быццам занепакоіўся:
— Дак навошта, Яўменавіч? Раман, як тэй таго...
— Ета ён ляпнуў, бы з пастала,— палічыў патрэбным азвацца і Сілка Хрупчык.
— Ага, меле, як тэй таго, не падсяваючы.
Але Зазыба ўсё нібыта яшчэ не жадаў вырвацца з чортавых зубоў:
— Не, няхай ужо будзе па закону! — не слухаўся ён. Намесніку старшыні калгаса не тое каб вельмі хацелася распачынаць сярод поля сход ды хахлы вязаць у людзей, але матыліцу выгнаць з дапамогаю салдатак з такіх вось гарлапанаў, як Раман Сёмачкін, варта было б.
Тым часам Раман шаптаўся ўжо аб нечым ля капца з Рахімам, і той зіркаў, быццам запаленым позіркам, на верамейкаўцаў — маўляў, пакажы мне, каторага?!
Неразбярыха, пэўна што, зацягвалася ў полі, і Парфён Вяршкоў, ляніва кратаючы сківіцамі, сказаў мужыкам:
— Во дастаімся тута, пакуль не возьме каго за жывот.
— Дак, як тэй таго...
Тады ступіў наперад Сідар Раўнягін — ён трохі спазніўся, а цяпер падышоў і ціха стаяў у натоўпе.
— Трэба ўважыць Мікіту! — зусім як недарэчы ўсміхнуўся ён і міргнуў правым вокам Зазыбу.
— Дак, як тэй таго...
— Ува-а-ажыць!.. — загаманілі адным голасам мужыкі. — Канешне, уважыць!.. Трэба ўва-а-ажыць!..
Але ў іх выходзіла гэта неяк несур’ёзна — быццам усёй вёскай у кульгавага кій адбіралі.
Кузьма Прыбыткоў ажно паморшчыўся.
— Вам абы!.. — буркнуў ён і са злосцю торкнуў дубцом, бы казёл нагой, у пясок. — Пастойце во, дак дачакаецеся, пакуль, можа, і праўда, масол абрасце пер’ем у пячурцы.
— Гы-гы-гы...
Між тым жанчынам не застаялася адным на гуцянскай дарозе, і яны пачалі сыходзіцца купкамі, як у кірмашовы дзень, да капца.
— Што ж ета вы думаеце сабе сянні, мужчыны? — з дакорам загаварыла яшчэ здалёк Сахвея Меляшонкава — пасля таго як яна нарадзіла, салдатка была нібыта налітая нанава жыццёвай сілай. — Няўжо лічыце, што і ў нас часу багата?
— А куды табе цяпера дзяваць яго без Меляшонка? — кінуў ёй Іван Падзерын, — гэты заўсёды, можа таму, што некалі нажыў грыжу, пра якую ўсе ведалі ў вёсцы, не мінаў пры выпадку непрыстойна павыскаляцца з жанчынамі, быццам хацеў такім чынам пераканаць іх у адваротным.
Але Сахвея ссунула бровы:
— Ты не дужа клапаціся пра ета. Без цябе неяк патрачу. Лепей паласу во паказвай. А то мне яшчэ ж люльку трэба прыносіць да вешаць недзе!
— Бачыш, як ні круці, а папросіш...
— Дак ужо не цябе, — паспяшалася перабіць Падзерына Сахвея.
Услед за Сахвеяй пачалі абурацца кабеты:
— А і праўда, мужчыны, што ета вы сабе думаеце сянні?
Тады Зазыба ўзняў галаву, сказаў:
— Мужыкі от разважаюць, што сход калгасны трэба сабраць.
— Дак навошта?
— Бо не давяраюць праўленню.
— Чаму ета? — выйшла наперад Дуня Пракопкіна. — Мы ж сваімі вушамі чулі, бытта правільна зроблена!
— Правільна! Правільна! — узбурыліся навокал кабеты.
Зазыба пачакаў, пакуль яны сціхнуць, тады пачаў:
— Вы лічыце, правільна, а Сілка дак — не! — З усіх гарлапанаў ён выбраў чамусьці аднаго Хрупчыка.
— Етаму Сілку-мылку, — крыкнула з натоўпу Гануся Падзерына, — хоць урві, да падай!
— Яны во тута пааставаліся, дак ім, канешне, — заківалі галовамі маладыя салдаткі.— Не трэба слухацца іх! Як парашылі на праўленні, так няхай будзе!
— А можа?.. — сіліўся перакрычаць кабет намеснік старшыні калгаса.
— Што можа?
— Дак...
— Ты таксама ўжо іхні бок бярэш?
— Ладна, сціхніце, — нарэшце зажмурыў вочы і падняў угору растапыраную далонь намеснік старшыні калгаса.
Але ўжо не лёгка было суняць кабет.
— Цыцце, бабы! — пачаў памагаць Зазыбу Парфён Вяршкоў.
Нарэшце спакой быў усталяваны, і ўсе — мужыкі і бабы — сталі чакаць, што скажа Зазыба. Але перад тым сваё слова сказаў яшчэ Кузьма Прыбыткоў. Водзячы галавой па жытнёвым палетку, стары пакыхыкаў, быццам прачышчаў гэтым горла, пасля прамовіў:
— Ета ж во пакуля мы мак таўчом, як камары, дак жыта і сыплецца на зямлю па зярнятку. Вецер калыша яго, а яно сыплецца. І не чутно. Ета ж не звон, каб на ўсю ваколіцу чуваць было...