Тады Брава-Жыватоўскі кінуў вокам на абодвух:
— Нічога, што разведзены, булькае вось, як сапраўдны!
Падбадзёраны, Мікіта Драніца кінуў Раману:
— А ты, як тэй таго, не пі тады, раз лічыш!
Брава-Жыватоўскі яшчэ на падворку адчуваў, што паміж Драніцай і Раманам Сёмачкіным быццам чарцяня якое бегаць пачало, таму цяпер паспрабаваў злавіць таго за нябачны хвост.
— Нешта вы, як калгасныя пеўні, — засмяяўся ён, — лепей давайце вып’ем, пакуль дзяўбці адзін аднаго не пачалі.
Ён паказаў рукамі на поўныя шклянкі, а тады перанёс адну, чацвёртую па ліку, асцярожна цераз увесь стол, каб не скрануць кволы нават на вока каптарок, і паставіў перад Рахімам. Але той адмахнуўся. Зрэнкі яго вачэй пры гэтым загарэліся нейкай зусім нечалавечай злосцю. Брава-Жыватоўскі ажно збянтэжана ўскінуў бровы.
— Ты яго не руш з етым, — сказаў тады Раман. — У яго з етым... — І памахаў перад сабою рукой.
Брава-Жыватоўскі падняў сваю шклянку, пахмура сказаў:
— Нам болей будзе.
— Гы-гы-гы, — затрос галавой Мікіта Драніца.
— Ну, выпілі, — сказаў гаспадар.
Але Раман Сёмачкін быццам не пачуў гэтых слоў.
— Ты, вухаед, дужа не строй з сябе тута, — сказаў ён да Драніцы, — а то ж Рахім во не п’е, ён не паглядзіць, што твой спірт.
— Мусіць, танна ён абыходзіцца табе? — амаль ва ўпор, доўгім позіркам, паглядзеў нечага на Рамана Брава-Жыватоўскі.
— Не так мне, як Адольфу, — пажартаваў той.
— Ну-ну, — кіўнуў галавой Брава-Жыватоўскі. — Выпілі, Мікіта!
— Угу, як тэй таго...
Раман таксама не захацеў адставаць ад верамейкаўцаў.
— Во, хоць пап’ём цяпера сабе, — хукнуў ён ротам.
— А ты не дужа, як тэй таго, хукай, — параіў яму Драніца, — бо спірт.
— Ад спірту таго тута ўжо і пахнуць не пахне, — засмяяўся Раман.
— Але недарэмна гаварылі, — спаражніўшы сваю шклянку, успомніў Брава-Жыватоўскі, — на спіртзаводзе ў Бялынкавічах і на самай справе шмат хто...
— Блым-блым, як тэй таго, — па-блазенску апярэджваючы гаспадара, захітаў галавой Драніца.
А Раман дык ажно пазайздросціў:
— Во недзе раскашуюць цяпера ў Бялынкавічах! Мікіта Драніца не мог дараваць за «вухаеда» Сёмачкіну, таму адразу ўчапіўся:
— А ты б, як тэй таго, не сядзеў на столі да таксама з вядром збегаў у Бялынкавічы.
Якраз гэтым Драніца, здавалася, даваў вялікі козыр Раману Сёмачкіну.
— Што ты плявузгаеш? — зрабіў той пагардлівую грымасу на твары. — Адкуль табе што вядома? Антон во таксама сядзеў, дак і пра яго будзеш? Ета табе...
Аднак Раману дагаварыць не дазволіў Брава-Жыватоўскі. Яму раптам не спадабалася, што той пачаў ківаць на яго.
Не перастаючы чаўкаць гурком, сказаў Сёмачкіну, каб адбіць на далей ахвоту:
— Толькі не трэба чапаць мяне — не блытай хрэн з... І наогул, што ў вас сёння за размова? Мы ж ці не збіраліся аб справах пагаварыць?
— З ім пагаворыш, з етым шпегам! — буркнуў тады Раман Сёмачкін.
Брава-Жыватоўскі паморшчыўся і нездаволена паціснуў плячамі:
— Не трэба так!..
— Дак, можа, яшчэ і не ведаеш тады? — усхапіўся ўжо Раман.
— Чаго не ведаю?
— Да пра тое, што еты Мікітка твой, можа, пра цябе калі адпісваў у раён?
— Каму? — перавёў незразумелы позірк Брава-Жыватоўскі на ўнуранага Драніцу.
— Няхай сам скажа! — ужо ледзь не з радасцю крычаў Раман Сёмачкін.
— Дык на каго ты пісаў і каму? — спытаў у Мікіты Брава-Жыватоўскі.
Драніца злякнуўся:
— Не бойся, як тэй таго, на цябе я нікому не пісаў...
Але Брава-Жыватоўскі не верыў.
— Ну, до-о-о-обра-а, — неяк нутраным горлам выдыхнуў ён. — Зараз вось вып’ем яшчэ па адной, а потым ужо ты, Мікіта Ляксеевіч, усё па парадачку і раскажаш!
— Во-во! — не пераставаў злараднічаць Раман Сёмачкін.
Тады Мікіта Драніца, здаецца, пайшоў на апошняе — памкнуўся нагадаць Раману Сёмачкіну пра Домну Вароніну:
— А ты, а ты, як тэй таго!.. — Але ўголас усё ж не адважыўся ўспомніць пра забойства.
Брава-Жыватоўскі зноў пачаў наліваць з бутлі. Але рукі яго чамусьці цяпер былі не такія ўпэўненыя, як раней, і спірт з шырокага рыльца плёхкаўся на абрус.
Драніца тым часам лавіў здаровым вухам, як булькала вадкасць у шклянках, а сам быццам астываў і пакутліва думаў, што гэтак недарэчы ўшчаў спрэчку са звяглівым чалавекам: спярша ў іх абыходзілася аднымі кепікамі, а тады перайшло ў зацятае недалюбства, і вось, нарэшце, Раман нагадаў за сталом пра... ягоныя лісты. Нездарма ў Верамейках кажуць — лепей з Меляшонкам згубіць што, чым з Раманам знайсці дзе тое самае. Але гаворкі з Брава-Жыватоўскім, якая мелася адбыцца неўзабаве, Мікіта дужа не палохаўся. Перад Брава-Жыватоўскім ён быў усё ж невінаваты. Мікіта не пісаў на яго, бо Брава-Жыватоўскі ў Верамейках ніколі не вытыркаўся, каб звярнуць на сябе чыю-небудзь увагу, і таму ніколі не быў патрэбны. Іншая справа Зазыба, Чубар, Ягор Піліпчыкаў, дырэктар сямігодкі Бутрыма, нават участковы міліцыянер Ляўшоў. А гэты!.. І тым не менш Мікіту вывелі з раўнавагі Раманавы словы пра «шпега» — дужа не хацелася, каб цяпер, пры двух паліцэйскіх, пачалася гаворка пра торбу і пра тое, што ў ёй... Ну, няхай бы крычаў у прысутнасці аднаго Брава-Жыватоўскага, гэта б яшчэ так сабе, бо Жыватоўшчык, урэшце, свой чалавек, зразумее, а вось навошта было плявузгаць пры гэтым недарэку-татарыну? Мікіта ўжо гатовы быў варсануць чым душагуба. Разам з тым не мог дараваць ён і сабе, што нечага прынёс торбу з паперамі ў Верамейкі, нібыта ёй і папраўдзе не знайшлося іншага месца.