Выбрать главу

Падбіваў — ці, як гэта кажуць, вербаваў — на нячыстую справу Драніцу Злотнік, які быў раней начальнікам раённага аддзела НКУС. Невядома па чыёй падказцы выбраў той менавіта яго, але Мікіта пачаў выконваць нязвыклае даручэнне нават без усялякае мужыцкае хітрасці. Не перастаў ён дасылаць свае лісты ў Крутагор’е і тады, калі, нарэшце, знялі з пасады Злотніка — за злоўжыванне службовым становішчам і няправільныя адносіны да савецкіх і партыйных кадраў, а начальнікам раённага аддзела НКУС паставілі Шчамялёва. У Верамейкі Шчамялёў таксама наведваўся, але даносаў ад Мікіты не толькі не патрабаваў, а і ні разу не пагаварыў з ім — здавалася, Шчамялёў нават не здагадваўся пра Мікітаву дзейнасць, і Драніца па-ранейшаму працягваў «збіраць весткі» на аднавяскоўцаў альбо заезджых людзей, нібыта памеў салодкі смак да гэтага і ўжо не ставала сілы адвыкнуць ад яго; праўда, быў і другі бок у гэтай справе — адпісваючы ў раён на людзей, ён адчуваў над імі, бадай, упершыню, сваю вышэйшасць, нібыта ў выніку гэтага меў над імі патаемную ўладу...

Ды дарэмна Драніца чарнеў цяпер душой — гаворкі пра злашчасную торбу паміж ім і Брава-Жыватоўскім не адбылося: раптам грукнулі дзверы, і ў хату, следам за Параскай, зайшоў Сілка Хрупчык. Хоць яго і чакалі тут, аднак ніхто не спадзяваўся, што можна гэтак хутка прыйсці з другога канца вёскі. Брава-Жыватоўскі ажно пажартаваў:

— Ты, Сіланці, быццам нюхам аднекуль пачуў, што ў нас тут!

— Дак я ў праўленне хацеў, а Параска во перастрэла па дарозе. Ну, я й парашыў — дай, думаю, лепей да вас пакуль зайду.

— Няблага падумаў, — усміхнуўся Брава-Жыватоўскі. — Ён усім выглядам паказваў, што рады ў сваёй хаце новаму чалавеку, аднак Сілкава гаворка насцярожыла. — А што там, у праўленні? — спытаў ён, хоць і голас паспрабаваў захаваць абыякавы.

— Дак Зазыба нечага збірае ў кантору праўленцаў. І мужыкі нашы некаторыя падаліся ўжо туды.

— Ціка-а-ава! — наліваючы Хрупчыку ў шклянку спірт з бутлі і не ўзнімаючы ад яе вачэй, прамовіў Брава-Жыватоўскі.

Тады зварухнуўся Раман Сёмачкін:

— Праўда, ета ж некуды ці не ездзіў сянні Зазыба!

— Ездзіць-то ездзіў, — сказаў Брава-Жыватоўскі, — але ж не гаварыў, што думае збіраць праўленне.

— Дык вы што, разам з ім былі?

— З Бабінавіч ехалі.

— Ета ён, як тэй таго, вазіў у Латоку пляменніцу Марфіну.

— А табе ўсё ведама! — пакасіўся на зацкаванага Драніцу Раман.

— Баба, як тэй таго, казала.

— Ну, калі баба, — засмяяўся Раман. — У бабы ў твае дак, праўда, вочы, як у савы. Нават уначы бача.

Брава-Жыватоўскі тым часам сядзеў і думаў. Але вось ён бліснуў вачамі і назнарок зусім бесклапотна махнуў рукой:

— Ат, няхай сабе праўленцы рахуюцца там, а нам спяшацца няма чаго! — Аднак тут жа глянуў на Мікіту Драніцу і як успомніў: — Хоць што я кажу! Мы ж можам зрабіць па-другому. Няхай ад нас пойдзе туды Мікіта!

— Толькі каб слухаў тама на абодва вухі, — засмяяўся здаволены гаспадаровым рашэннем, Раман Сёмачкін.

Брава-Жыватоўскі падміргнуў Драніцу:

— Згода?

Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду ацеслы хлеб, спехам падаўся да парога: ён, бадай, з ахвотаю адмаўляўся ад далейшае выпіўкі, абы не даць магчымасці варушыць колішнія грахі.

Як не пад грукат дзвярэй выхлебтаў, быццам не ўмеючы, першую шклянку Сілка Хрупчык. Яму адразу налілі другую.

— Частуйся, частуйся, — не шкадаваў дармаўшчыны Брава-Жыватоўскі, а Сілку неяк нязвыкла было чуць таго гэтакім тараватым.

Адсутнасць Мікіты зусім не адбілася на «застоллі». Неўзабаве верамейкаўцы зрабіліся п’яныя — хоць Хвядос і разбаўляў спірт у Дзяржынні адзін да трох, але і гэтая прапорцыя моцна біла па галаве, асабліва калі ўлічыць, што наогул цяжка было вызначыць нейкую пэўную мерку для ўжывання. Як і заўсёды здараецца ў такіх выпадках, у хаце пачалася бязладная гамана, якую маглі слухаць усяго два чалавекі — Рахім ды Параска. Нават Брава-Жыватоўскі, які не дужа дазваляў сабе распускаць язык, і той пачаў расказваць Сілку Хрупчыку і Раману Сёмачкіну, як хадзіў першы раз да немцаў у Бабінавічы: яго ўжо нібыта чорт выклікаў на непатрэбную шчырасць, і ён стаў неўпрыкмет сабе пераказваць амаль слова ў слова тое, што апавядаў тады ў Бабінавічах каменданту. Брава-Жыватоўскі не бачыў, як усё большыя рабіліся ад здзіўлення вочы ў ягонае жонкі і як яна, нарэшце, схапілася за галаву і хістка выйшла...