Выбрать главу

Але на гэтым пакуты не скончыліся...

І ўжо зусім як нешта надзвычай кашмарнае ўспаміналася Ганне тая вясенняя ноч, калі яна ішла ў вёску з хатомкаю бульбы на плячах. Тады яшчэ была жывая маці, і дачка ратавала яе як магла. Хоць верамейкаўцы і дужа спагадліва ставіліся да іх, аднак жа маці пасля бацькавай смерці ўвесь час хварэла сама, і на Ганне адной ляжаў клопат пракарміць дзве душы, асабліва калі ўлічыць, што вынікі галоднага года не адразу мінуліся. Даць у хатомку бульбы паабяцаў дзяўчыне з калгаснага кагату палявы вартаўнік Пахом Палабок. І яна, дурніца, пайшла ўначы па ломкім лядку да кагату, бо не здагадвалася, чым павінна была заплаціць за бульбу...

Калі ўжо Ганна зацяжарыла, Палабок спалохаўся, што ўсё можа высветліцца і наўрад ці даруюць тады яму ў вёсцы за гвалт над дзяўчынай, таму завербаваўся кудысьці на шахты і перавёз туды сям’ю.

Але Ганна не выдала, хто бацька яе большага хлопчыка, дарэчы, як не гаварыла таксама пазней, ад каго ў яе быў і меншы сын.

...У лямпе дарэмна выгарала газа, і Ганне шкада было яе, бо другім разам ужо не будзе чым нават пасвяціць дзецям за вячэрай, але яна не адважвалася тушыць святло: паліцай усё сядзеў на ўслоне, бы сыч, адно не кугакаў.

Няйначай, гэтая ноч была недзе на хуткім сконе, а Ганна яшчэ не прылягла нават на гадзіну. Але яна рада была, што хоць не захварэў меншы хлопчык — цяпер галава ў таго больш не гарэла, мусіць, усё ж перастаяў ён трохі на сонцы. Пасля ёй прыйшло ў галаву, што нядрэнна было б заўтра (калі ўжо не сягоння) таксама прачнуцца як раней ды разам з іншымі верамейкаўцамі пайсці ў поле... Чым больш галаву займалі звычайныя жыццёвыя турботы, тым далей яны адсоўвалі ад яе крыўду на лёс, які хвіліну назад здаваўся надта нелітасцівым; і неўзабаве Ганна неўпрыкмет забралася з нагамі на ложак і яшчэ больш неўпрыкмет заснула, хоць гэтаму працівілася ўсё, што было свядомага ў ёй. Яна не ведала, колькі праспала гэтак, але раптам пачала адчуваць, што на яе хтосьці наваліўся і душыць. Тады Ганна расплюшчыла вочы. Першае, што ўбачыла яна над сабой, быў Рахімаў твар. Але не гэта было самае жахлівае — яна не магла паварушыць рукамі, бо тыя былі прывязаны дзягай да ложка. Змагацца з татарынам, пэўна, ужо не было як. Нават закрычаць Ганна не мела магчымасці: з-за перагародкі тады на яе голас прыбеглі б дзеці, а яна не магла дапусціць, каб тыя пабачылі яе ў такім стане...