Калі Брава-Жыватоўскі і Роза Самусёва нарэшце прыйшлі ў Паддубішча, мужыкі, якія наразалі палосы, паспелі прамінуць па спіску як не сярэдзіну вёскі і ўжо ці не дзялілі палетак на канаплёўскія двары.
Брава-Жыватоўскі адразу падышоў да Зазыбы, спытаў:
— Мо забыў, пра што ўчора з табой гаварылі?
— Дак... — Зазыба ўзяў у Івана Падзерына спіскі і стаў шукаць там, памагаючы пальцам, наступнае прозвішча. — Калгаснікі так самі вырашылі, — дадаў ён праз нейкі момант, але галавы на Брава-Жыватоўскага не падняў, быццам зусім ігнараваў таго.
— Ну што ж, наракай пасля на сябе, — пагразіў тады Брава-Жыватоўскі.
XIV
Сонца стаяла супраць верамейкаўскага кургана, а Чубару нейкі час здавалася, што яно меціла сесці ў тым месцы, дзе нядаўна ўзвышаўся маяк, таму нібыта спыніла свой рух па небе, як дзеля нядоўгай раўнавагі, каб потым лучыць акурат на жоўтую і бухматую седлавінку.
Жытнёвы палетак на схілах кургана быў скрозь пачапаны жнеямі, найбольш паўз гуцянскую дарогу, адкуль верамейкаўцы пачыналі мераць палосы, і цераз сухадол былі відны і снапы ў бабках, і кабеты, якія хапаліся жаць. Цікаваў Чубар з мыска таго лесу, што асланяў сухадол з усходу і што засціў верамейкаўцам адразу тры вёскі. Глядзець пад сонца з кожнай хвілінай рабілася цяжэй, бо гарачым бляскам ажно калола ў вочы, і Чубар, стоячы ў заценні дрэў, загароджаных спераду кустамі ядлоўцу, шкадаваў, што амаль немагчыма пры гэтакім святле адгадваць людзей — і тых, што былі ў Паддубішчы, і тых, што ўсё падыходзілі туды па дарозе з вёскі.
Калі Чубар гадзіну назад выйшаў на ўзлесак тут і вачам яго адкрыўся гэты, пакошаны яшчэ ў чэрвені, сухадол, а за ім — знаёмы курган з цяперашнім чалавечым мурашнікам, у яго было такое адчуванне, быццам ён вынырнуў на паверхню вады, тоўшчу якой, лічы, ад самага дна, давялося прабіваць без жывога паветра ў распёртых грудзях.
Хоць Чубар і не адважваўся пакуль ісці да верамейкаўцаў, аднак патроху ўжо адчуваў тую ўтульную, як праз сон, палёгку і тое душэўнае, няхай нават часовае, заспакаенне, якія, не зважаючы ні на што, прыходзяць пад канец доўгай і невядомай дарогі. Можа, якраз таму, што Чубар быў у такім стане, але вострага эгаістычнага пачуцця, якое ўзнікае тады, калі чалавек, вярнуўшыся нарэшце дамоў, раптам пачынае свядома разумець, што ў процівагу яго спадзяванню там усё ідзе, як і трэба, да таго ж без ягонага ўдзелу, — дык вось такога пачуцця ў Чубаравым сэрцы пакуль не было. Яно заварушыцца ўсярэдзіне пазней, як толькі стане да канца зразумела, што гэтым часам адбывалася ў вёсках па два берагі Бесядзі. А пакуль Чубар адно стаяў, углядаючыся наперад, ды быццам усё нанава і нанава перажываў сваю радасць, што гэтак шчасліва датупаў сюды. Калі ж пераставаў глядзець на жытнёвы палетак і пераводзіў позірк бліжэй, каб такім чынам расслабіць вочы, то кожны раз крокі за чатыры ад сябе бачыў, як трымцела, ажно ляскала круглай, нібыта бляшанай, лістотай маладая асіна, што вытыркалася сярод купы сасонак, якія не паспелі падняць над зямлёй натапыраныя крыжыкі сваіх першых лапін. Ветру, бадай, не было, прынамсі, тут, у гэтым зацішку, які ахоўвалі разам і кусты, і дрэвы, аднак асіна чамусьці ніяк не магла суняцца, быццам была жывая і баялася чаго — здавалася, на яе дзьмуў хтосьці, схаваны, з вялікай пашчы альбо, яшчэ горай, падпякаў агнём ці труціў ядам карані ў чорнай глебе. І кожны раз, як Чубар бачыў гэтую незразумелую ліхаманку няўдачлівага дрэва, яму рабілася не па сабе, карцела ступіць да яго і, шкадуючы, прытрымаць рукамі, каб памагчы супакоіцца...
Ужо зусім на сконе быў жнівень, бо тыя колькі дзён, якія заставаліся ў ягоным календары, ці маглі дадаць яшчэ што важкае на нябачныя шалі, на якіх і ўпрыкмет, і неўпрыкмет сіліліся падолець адно аднаго сёлетнія лета і восень, але ў наваколлі зноў было, як улетку, нават там, дзе не пашархала вакол кустоў прыткая каса, па-ранейшаму чырванелі, жаўцелі і сінелі ў высокай траве лугавыя краскі. Пахла мёдам, нібыта паблізу дзе была пасека, хоць Чубар ведаў, што ніводнага вулля за паўтара кіламетра на ўсе бакі не павінна стаяць, значыць, усё яшчэ паўнюткія і моцныя былі меданосы, што як нанава пачыналі духмяніць пасля нядаўняе золі.
Неяк самахоць успомнілася раптам, што недалёка адсюль, на пячышчы, дзе ў старыя гады гналі каланіцу з бяросты, была верамейкаўская лупільня — станок з зубчатым колам і невялікая, аршынаў на пяць, хатка. Будавалі лупільню пры калгасе, але да Чубара, калі ў Верамейках кіраваў Зазыба: тады якраз выйшла забарона смаліць свіней, каб кожны гаспадар здаваў скуру дзяржаве. Але ж ці гэта сала ў вёсцы, калі без паджоўклае шкуркі, прапахлай саламяным дымам? І вось паступова, азіраючыся двор на двор, але не выдаючы адзін аднаго, верамейкаўцы занядбалі гэтай забаронай, прынамсі, за свае гады, якія пражыў у Верамейках, Чубар не помніць, каб хто-небудзь з калгаснікаў прывозіў па сваёй ахвоце на лупільню хоць заняпалага парсюка. Што ж датычыла калгасных, то тут рабілася ўсё па закону, як і належыць... Цяпер недзе хатка тая стаяла вольная, і ў ёй, няйначай, можна было перабыць да вечара.