— Ну, дэрварт зіх дэм, шалапаі? — І ўжо другім голасам дадаў: — Ану гіб а кук, вос із дорт айерэ, аніт вэт дыр уйскумэн гейн он гейзн...*********
Тыя паслухмяна, як наперагонкі, кінуліся падбіраць транты.
Сыркін смаркануўся на траву, паглядзеў прыжмуранымі вачамі на Чубара, які ўвесь гэты час стаяў крокаў за пяць ды спакойна, з усмешкаю на твары назіраў за ўсім. Сказаў:
— Можаш і ты сабе ўзяць што...
Чубар ад такой прапановы зарагатаў. Затым, ужо быццам спахапіўшыся, падышоў да Сыркіна, пакратаў рукамі за плечы.
— Пара ісці, Хоня! — І дадаў зусім весела: — Былі б жывыя косці, а на іх ужо што-кольвеч ды мусіць нарасці!
Сыркін уздыхнуў, але словам не азваўся. Пасядзеў, пакуль Чубар не зняў свае рукі з ягоных плячэй, тады падхапіў за самы вузельчык той хатыль, які браў апошні з воза, і пачаў прыспешваць сыноў.
...З тае паляны дарогу сюды, да Верамеек, паказаў ужо Хоня Сыркін: ездзіў той некалі ад вёскі да вёскі недарэмна, бо цяпер мог ісці за правадніка ў каго хочаш. Знаёмых у Сыркіна таксама хапала ў вёсках, але патрэбы пакуль не было ў іх, і яны — двое дарослых і двое падлеткаў — паспелі прайсці за першую палавіну дня нават нямераных трыццаць кіламетраў. Чубару падабалася, што Сыркін гэтак дасканала ведае мясцовасць — акурат мог спатрэбіцца і яшчэ калі. І Чубар спакваля пачаў гаварыць яму пра гэта. Аднак Сыркін з першага ж разу з недаверам паглядзеў на свайго спадарожніка, нібыта баяўся падману, хоць па вінтоўцы ў Чубаравых руках ужо мог бы здагадацца, што верамейкаўскі старшыня не так сабе заводзіць гаворку...
Перад самымі Верамейкамі яны пайшлі рознымі шляхамі: Чубар напрасткі, праз лес, каб выйсці на гуцянскую дарогу пасля і непрыкметна, а Сыркін павёў туды хлопцаў зусім у абход гэтага лесу.
Як прыйшло ў галаву, што недалёка, на пячышчы, ёсць хатка — лічы, гатовае прыстанішча, Чубару карцела падацца туды. Тым не менш ён, пакуль не рушыў з месца, нібыта раздумваў ці шкадаваў, што не ўсё за гэты час згледзеў у Паддубішчы. І чым надаўжэй ён затрымліваўся, чым больш углядаўся ў знаёмыя краявіды, якія, бадай, упершыню па-сапраўднаму ўсхвалявалі яго, тым хутчэй забывалася, што было з ім у дарозе ад самага першага дня, прынамсі, ужо аддалялася яно на такую адлегласць, пры якой нават неадчэпны ўспамін пра забойства ваенурача не прымушаў скалынацца...
Неба сёння было чыстае. Гэта Чубар помніў яшчэ ад таго, як стаялі ў лесе, край паляны, а бабінавіцкі Хоня махаў ля воза сякерай, рашаючы сваё дабро. Але цяпер Чубар здзівіўся, калі задраў галаву і ўбачыў над сабой замурзаны белымі пісягамі блакіт: акурат мастак паклаў там лёгкую грунтоўку на палатне.
Недзе ўжо Хоня Сыркін павінен быў вывесці на гуцянскую дарогу сыноў, ды пакуль не відаць было за лесам, і Чубар падумаў, што таксама пойдзе адсюль, як толькі пабачыць іх. Але раптам штосьці хруснула за дрэвамі. Чубар крута павярнуў у той бок галаву.
І нічога падазронага не ўбачыў. Тады зусім блізка, можа, за пятнаццаць крокаў, задзогалі ногі — яўна ішоў міма вялікі звер альбо тупала капытамі жывёліна. Чубар выцягнуў шыю, адарваў абцасы ад прымятага балотнага моху. На луг выходзіў рагаты лось. За ім, неяк бокам, быццам на моцны вецер, тупала па зялёнай атаве маленькае ласянё. Дасюль сахаты вадзіў яго за возерам, па імшарах, а колькі дзён таму адшукаў дарогу і сюды, у гэты змешаны лес. Чубару не даводзілася бачыць жывых ласёў... А ласі тым часам узышлі на сцежку, якая вяла да бульбянога поля. Там, у неглыбокай лагчыне, біла з зямлі, узятая ў дубовую кадушку, крыніца, і яны, няйначай, хацелі напіцца з яе. Па тым ужо, як вёў сахаты па сцежцы ласянё — зусім не насцярожваючыся — можна было меркаваць, што рабіў ён гэта не першы раз тут.