— Многа ты знаеш!
— А тута няма чаго знаць. Тута ўжо ўсё ясна.
— Значыць, у нас цяпера будзе камандаваць татарын Рахім? — спытаў Рамана Парфён Вяршкоў.
— А чым ён горшы за Чубара ці Зазыбу? — паглядзеў на Вяршкова Раман Сёмачкін.
— Дак я не кажу. Але ж як раптам Дзяніс возьме да не захоча аддаць Рахіму ўлады?
— Ну, пра ета, дапусцім, пытацца ў яго не будуць. Цяпера вордзен Зазыбаў не йграе.
Вяршкоў зірнуў на Зазыбу:
— Ты, Раман, як відаць, прадумаў ужо ўсё.
— Дзіва што, — засмяяўся Іван Падзерын. — Часу ж хапала, пакуль недзе на столі хаваўся!
— Але позна, — сказаў раптам Парфён Вяршкоў.
— І праўда, позна ўжо, — заварушыўся Сілка Хрупчык. — Трэба дахаты ісці, а то мы нешта сянні разгаварыліся.
— Я не пра ета, — стрымаў яго Парфён Вяршкоў, — я думаю, што Раман з Рахімам, мабыць, ужо спазніліся. Брава-Жыватоўскі апярэдзіў іх. Яшчэ на досвітку ці не ў Бабінавічы пайшоў. Можа, з немцамі дамаўляецца недзе.
— Дак і Брава-Жыватоўскі ў Верамейках? — здзівіўся Сілка Хрупчык.
— А ты думаў, адзін я? — здзекліва ўсміхнуўся Раман.
— Ну-у-у, — развёў рукамі Сілка.
— Яны з Раманам з адной курасадні зляцелі, — засмяяўся Іван Падзерын.
— Усе мы тута з аднае курасадні, — запярэчыў Раман Сёмачкін, — ета, мабыць, толькі Зазыба з другой. — Дужа хацелася неяк супрацьпаставіць вясковых мужыкоў былому старшыні калгаса.
— Але ж Брава-Жыватоўскі! — як у захапленні прамовіў Іван Падзерын.
— Было не сядзець Раману доўга, — сказаў тым часам Парфён Вяршкоў. — Цяпера не быць Рахіму начальнікам у нас. Усё Брава-Жыватоўскаму немцы аддадуць.
Тады падаў голас нехта з падлеткаў:
— А Жыватоўшчык не адзін у Бабінавічы пайшоў. Па Мікіту Драніцу заходзіў.
Мужыкі пераглянуліся.
— Праўда, як ета мы не падумалі? — сказаў Іван Падзерын. — Сядзімо ўжо колькі, а Мікіты няма. Етага ж яшчэ не бывала з ім. Мабыць, падаўся-такі ў Бабінавічы з Брава-Жыватоўскім. Ну-у-у, асэсара адхопіць! Новая ўласць не пашкадуе! Але ж не, ета ж, мусіць, за перакладчыка ў Брава-Жыватоўскага «як тэй таго» пайшоў!
Усе засмяяліся — Мікіта ведаў багата слоў па-нямецку: навучыўся ў свайго цесця, які прабыў колькі часу ў германскім палоне ў тую вайну, задаваўся ў вёсцы гэтым, асабліва перад школьным настаўнікам нямецкай мовы.
— Пацягнула Мікіту на валакіту, — сказаў Сілка Хрупчык. — Цяпер да яго носа і з кукішам не падступішся. Але дзіва, надоечы яшчэ ж таксама кудысь бегаў. Пасля бытта хаваў нешта на гародзе. Баба мая кажа, паглядзі, што ета яны з Аксютай па гародзе ходзяць.
— Дак яны і праўда нешта захавалі там, — загаманілі падлеткі.
Дарослыя сціхлі, быццам злоўленыя на чым, тады Парфён Вяршкоў спытаў строга, але з выглядам абыякавым:
— Хто ета бачыў?
— Хведзька Гаўрылішын, — адказаў Іван Гаманькоў, які паперад Зазыбы прынёс на стайню хамут ды так і застаўся з дарослымі. — Мы яго пасылалі падглядаць.
— Таксама шпіёны! — ссунуў бровы Парфён Вяршкоў.
— Дзе ваш Хведзька? — паглядзеў вакол сябе Сілка Хрупчык.
— Дак ён дома, — засмяяліся нечага дзеці.
Мужыкі загаманілі, і Падзерын кіўнуў Раману Сёмачкіну:
— Бачыш, як некаторыя робяць!
— А ён рот нараспашку да язык на плячо, — ужо зусім нязлосна сказаў Парфён Вяршкоў пра Рамана Сёмачкіна. — Ранні зайчык заўсёды цярэбіць зубкі, а позні вочкі прадзірае.
— Нічога, — паклаў Раману руку на плячо Сілка Хрупчык, — табе ета, можа, і добра, што ў Бабінавічы пайшлі Драніца з Брава-Жыватоўскім, таму як па цяперашнім часе ісці туды, дак усё роўна што ісці па попел — кажуць жа, пайшоў па попел, а чорт па дарозе і ўхопіў.
— Разумныя ўсе сталі! — нібыта з дакорам, але палагаднелым голасам, сказаў Раман: ён рады быў, што паступова ўвага скіроўвалася на другое.
— Але што ета сябра твой? — раптам быццам успомніў Сілка Хрупчык. — Мы во плявузгаем абы-што, а ён ці то языка не мае, ці на вус матае?
— Ці ж не бачыш — татарын, — падміргнуў Парфён Вяршкову. — У іх заўсёды адно: твая — мая, мая — твая, а што — дак і не зразумееш.
Тады Раман Сёмачкін сказаў:
— Затое Рахім усё аб вас разумее. — І гэта прагучала як пагроза наперад, хоць Раман рабіў выгляд, што, няйначай, жартуе.
Сілка Хрупчык пазяхнуў, паклаўшы абедзве рукі і хворую, і здаровую — далонямі на патыліцу.
— Дак ці будзем мы сянні рабіць што ў калгасе? — спытаў ён, паглядаючы на неба.
— Хмарыць жа во пачало, — прыжмурыў вочы Іван Падзерын.
Але Сілка Хрупчык быццам не пачуў, працягваў:
— Ці загадвалі сянні куды?
— Ета па Дзянісавай часці, ён павінен ведаць, — сказаў Іван Падзерын.
— Так і па тваёй жа, — Сілка Хрупчык перавёў позірк на Зазыбу. — А можа, Дзяніс, пакуль ганяў тых кароў, дак і не ведае, што Іван цяпера таксама ў начальніках у нас. Рахункаводам стаў.