— Гэта пры мне яшчэ было, — кіўнуў галавой Зазыба.
— Мая справа — пісаць, — быццам адхрышчваючыся ад чаго, сказаў Падзерын.
— Я таму пра работу, — сказаў Сілка Хрупчык, — што ўспомніў: засталіся ў лесе клёпкі мае. — Сілка трохі рабіў па бандарнай справе і дзён колькі назад паскяпаў асіну, а прывезці не паспеў. — Дак, можа б, каня ўзяць якога?
— Аднавочку, — жартам падказаў Іван Падзерын.
— Ета ўжо ты сам вязі на аднавокай! — не змоўчаў Сілка Хрупчык.
— Паглядзі сам, якога ўпадабаеш, таго і запрагай, — сказаў тады Зазыба. — Я цяперашніх коней не ведаю.
— А навошта табе, Сіланці, клёпкі? — пацікавіўся праз момант Іван Падзерын. — Бочак жа цяпера не будзе як збываць?
— Ета яшчэ паглядзець трэба, — сказаў Сілка Хрупчык.
— Раней дак на Ілью...
— А цяпера на звіжанне! У Мядзведзі паеду і прадам. Думаеце, цяпера дак і бочкі людзям непатрэбны будуць?
— Калі ета Ілья сёлета быў?
— Ён заўсёды прыходзіцца ў жніўні, на другі дзень, — падказаў Парфён Вяршкоў.
— Але такая мітрэнга, — уздыхнуў Іван Падзерын. — Тута забудзеш і пра святых.
— А то без етага дак ты дужа помніў пра іх! — засмяяўся Сілка Хрупчык. — Цяпера, даўжно, і папы добра не ведаюць, якое свята за якім ідзе. Я сам пра Ілью помніў, бо пільнаваў, каб на базар у Бабінавічы ехаць...
І раптам задзогалі нагамі хлапчукі — тыя ўсё-такі, на свой страх, збегалі на Драніцаў гарод.
На гародзе сапраўды была пакапана зямля, і яны хутка адшукалі схованку: пад дзірваном ляжала загорнутая ў падраны мяшок вайсковая торба.
Торба была нечым напакавана. Але хлапчукі не сталі трыбушыць, прынеслі, як ёсць, да стайні.
Іван Падзерын узяў торбу, паважыў на вялікім пальцы.
— Ого! — сказаў ён весела.
Мужыкі паўставалі з бёрнаў, абступілі Івана Падзерына, аднак глядзець пры гэтым адзін на аднаго не маглі. На месцы засталіся толькі Дзяніс Зазыба, якому непрыемна стала, што дарослыя раптам ледзь не пачалі блазнаваць, ды яшчэ Раманаў татарын Рахім, які, здавалася, абыякава ставіўся да ўсяго, што адбывалася вакол. Іван Падзерын расшпіліў торбу, сунуў туды руку і выняў цэлы жмут папер. Патрымаў у выцягнутай руцэ, пасля аддаў, расчараваны, Раману Сёмачкіну. Той таксама паглядзеў на паперы ў здзіўленні і па чарзе перадаў іх Парфёну Вяршкову.
— Вынімай усё! — сказаў Сілка Хрупчык.
Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. На зямлю пасыпаліся лісты.
— А я думаў, — расчаравана сказаў Сілка Хрупчык, — можа, грошы якія хавалі яны!.. Ажно во-о-о што! Бярыце, хлопцы, — сказаў ён падлеткам, — да нясіце етую пісаніну ў возера.
— Пачакай, Сіланці, — заступіў падлеткам дарогу Парфён Вяршкоў. — Можа, што важнае, дзяржаўнае. Трэба глянуць. Можа, якія дакументы з раёна. А ты ў возера! Яўменавіч,— гукнуў ён Зазыбу, — паглядзь, можа, што патрэбнае? — нагнуўся, грабянуў па зямлі растапыранай рукой і сам панёс паперы да Зазыбы.
Зазыба прыняў іх на ўлонне, пачаў распрамляць, каб пачытаць збольшага.
Парфён Вяршкоў стаяў, не адыходзячы, і назіраў, як Зазыба паступова хмурыў лоб, удаючыся ў паперы.
Астатнія верамейкаўскія дзядзькі таксама не зводзілі вачэй з намесніка старшыні калгаса. Нарэшце Зазыба падняў галаву на Парфёна Вяршкова і, вінавата ўсміхаючыся, сказаў:
— Глупства адно... Нічога дзяржаўнага няма тута... Можна ў возера кінуць.
— Тады навошта закопваць іх было? — не паверыў Раман Сёмачкін.
— І праўда, чаму? — сталі незразумелыя вочы і ў Сілкі Хрупчыка.
— Мабыць, Зазыба не ўсё прачытаў? — паглядзеў на мужыкоў Раман Сёмачкін.
— А што чытаць? — адмахнуўся Зазыба.
— Да тое, што напісана, — пачаў насядаць на Зазыбу Іван Падзерын.
— Урэшце, ты сам граматны, вазьмі да й чытай, — сказаў яму Зазыба. — Гэта пісьмы падмётныя.
— Цэлая торба?
— Можа, ёсць і яшчэ якія паперы, але мне трапіліся адны пісьмы.
— І ўсё на верамейкаўцаў? — як ашалела плюскаў вачамі Іван Падзерын.
— Мусіць, сабраны са ўсяго раёна, — заступаючыся за Зазыбу, разважаў Парфён Вяршкоў.
— Але на каго? — стаяў у неўразуменні Раман Сёмачкін.
— У кожным разе, не на цябе, — кінуў яму Зазыба.
— Але ж і не на цябе! — нібыта з зайздрасцю сказаў Раман Сёмачкін. — Ты Савецкай уласці служыў верай і праўдай. Ета што яна цябе трохі асадзіла, дак было дужа не старацца. Масея твайго таксама, мабыць, за дужую адданасць забралі. Не, на цябе пісьмаў не пісалі. Каму было пісаць?
— Няхай от пакапаюцца, — кіўнуў галавой Зазыба, — дак, можа, знойдуць і твае.