Выбрать главу

Нарэшце гаспадары павячэралі. Марыля падзякавала і не затрымалася на гэтай палавіне хаты — пайшла на сваю, набраўшы на прыслоненую да грудзей руку чырванабокіх яблыкаў з каша. На парозе яна яшчэ азірнулася, каб удзячліва ўсміхнуцца Вяршкову. Зазыбава Марфа тым часам пачала маліцца на покуць. Мужчыны пасядзелі дзеля прыліку колькі моманту ў маўчанні, тады Парфён Вяршкоў зноў загаварыў. Але цяпер Зазыбу нібыта хто падмяніў. Ён нават адным словам не перапыніў госця. І той збольшага нарэшце пераказаў усё, як было ў Бабінавічах. Здавалася, Зазыба спярша не паверыў яму — раптам ускінуў у здзіўленні галаву і доўга глядзеў прыжмуранымі вачамі, як прымерваўся. Затым на ягоным твары з'явілася разгубленая ўсмешка, якая змянілася трывогай, што была выклікана, пэўна, сумятнёй пачуццяў, бо тое, аб чым паведаміў Вяршкоў, не ўкладвалася ў прывычны парадак рэчаў. Нават з газет — а на працягу амаль двух месяцаў, пакуль каціўся да Бесядзі фронт, людзі мелі магчымасць чытаць газеты кожны дзень — вядома было, што акупанты павінны распускаць калгасы на захопленай тэрыторыі. І вось у Бабінавічах яны раптам павялі сябе іначай.

— Дак от, што б ведаў, Яўменавіч, — з несхаванай злараднасцю сказаў Парфён Вяршкоў. — Не адзін ты цяпера стаіш за калгас. Ну, чаму ты за калгас, ета ясна. А от чаму нямецкі камендант у Бабінавічах таксама бароніць калгас, дак ета ўжо вельмі дзіўна. Мабыць, і ён мае ў калгасе нейкі інтарэс.

— Але сапраўды дзіва, — гледзячы кудысьці як у самога сябе, адчужана ўсміхнуўся Зазыба. — Сапраўды дзіва, — паўтарыў ён.

— Да ўжо большага дзіва, бадай, і не дачакаешся.

— Што б гэта значыла?

— Ета ўжо ты ў каменданта спытай, — развёў рукамі Парфён Вяршкоў. — Але табе, Яўменавіч, як намесніку старшыні ёсць над чым падумаць.

— Да ўжо ж...

— А як на мой розум, дак па такім часе нічога разумнейшага не прыдумаеш, як падзяліць усё па дварах, бо не можа быць, каб Адольф Карлавіч таксама па шчырасці за калгас стаяў. Тута нешта ёсць такое, чаго мы яшчэ пакуль не бачым. Таму не трэба думаць, што мы нешта благое зробім.

Вяршкоў разважаў, а Зазыба ўжо не мог прымусіць сябе з патрэбнай увагай слухаць яго — раптам чалавек нібыта ў прастрацыю ўпаў: адно паціраў рукой кончык носа і з затуманенай недаўменнасцю пазіраў то на госця, то на сваю Марфу, якая прыбірала пасля вячэры са стала.

У той вечар спаць у Зазыбы ў хаце клаліся рана. Гаспадар толькі праводзіў за вароты Парфёна Вяршкова, сказаўшы напаследак памяркоўным голасам:

— Парахуемся, Парфён, падумаем...

З галавы не выходзіла пачутае ад Вяршкова пра бабінавіцкія падзеі. Ён намагаўся растлумачыць сабе, што адбылося ў мястэчку і чым кіраваўся камендант Гуфельд, калі падаў голас за калгасы. Зазыба паступова перабраў у галаве ўсе магчымыя варыянты, якія хоць трохі пралівалі святло на гэта. І нарэшце, ужо нібыта ў тумане якім, прыйшоў да дзіўнай, але суцяшальнай думкі, якая здалася яму прымальнай, можа, таму, што была... наіўная па сваёй сутнасці. Але абумоўлена яна была таксама і падсвядомым жаданнем — вельмі хацелася, каб сапраўды было так: раптам Зазыбу падумалася, што бабінавіцкі камендант Гуфельд можа аказацца камуністам; зыходзіў ён у сваіх меркаваннях з таго, што ў Германіі некалі дзейнічала шмат камуністаў і гітлераўцы наўрад ці здолелі ўсіх перасадзіць у канцлагеры.

V