— От упіра, — сказаў у злосці Чубар і саскочыў на мурог — рашыў ужыць спачатку самае надзейнае: вывесці каня на дарогу.
Набрынялы мурог непрыемна зачмякаў пад падэшвамі ботаў. Але наваксаваная скура, нягледзячы на тое што амаль не прасыхала ўжо колькі дзён, яшчэ не прапускала да анучаў вады.
Улагоджваючы каня, Чубар мякка паляпаў рукой па ягоным шырокім ілбе, пачаў зноў «коськаць». Тады выцягнуў са штаноў рэмень і накінуў каню на шыю, заціснуўшы ў руцэ абодва канцы.
— Хадзем, — сказаў ён каню, як пасля дамоўленасці, патузаў за канцы.
Нарэшце конь, мусіць, адчуў над сабой уладу чалавека, перастаў натурыцца. Тады Чубар ціха засмяяўся, здаволена сказаў:
— Даўно б так!..
Але на дарозе Чубар яшчэ ўтрапёна падумаў, што без аброці конь, няйначай, паспрабуе павярнуць не ў той бок. Толькі дарэмна. Конь больш не паказваў нораву — як угнуўся пад цяжкім седаком, дык адразу патрухаў па дарозе. Ехаць на кані хоць і было мулка ды парна, асабліва сыспаду, аднак праўду кажуць дасціпныя людзі, што лепей дрэнна ехаць, чым добра ісці. Чубар лічыў, што з канём яму пашанцавала, нават задужа. Гэтага шанцу ўжо ставала, каб не думаць, што конь можа зусім неўпрыкмет паблытаць знаёмыя яму дарогі і правазіць седака да наступнае раніцы вакол аднаго і таго ж месца. Вядома, конь быў крадзены.
Але на гэты кошт Чубар меў заспакойваючае апраўданне — ён разумеў сабе справу так, што конь, няйначай, калгасны, значыць, па цяперашнім часе амаль нічыйны.
Як і ў мінулы вечар, калі Чубар ішоў з Пёкліна ў Журынічы, цямнела, здаецца, пачынаючы ад самага ранняга пасляабеддзя. Над зямлёй вісеў туманны паўзмрок. Але ў мінулы дзень Чубар быў поўны спадзяванняў і нязведанага прадчування — гэта ж не жарты, выйшлі сюды яны, лічы, з самага нямецкага тылу! Учора ўсё складвалася як нельга лепш, адно да аднаго. А сёння тое самае нібыта пачало пракручвацца на зварот. Другі раз за апошнія колькі дзён — першы раз у Верамейках, затым у Белай Гліне, калі ён апынуўся ў жахлівым няведанні, а другі раз цяпер вось — перад ім паўставала задача са шматлікімі невядомымі, якую патрэбна было рашаць. Але тады на шляху ў яго апынуліся Шпакевіч з Халадзілавым — акалічнасці склаліся нечакана так, што адпала неабходнасць рашаць менавіта яму тыя невядомыя. Цяпер жа зноў усё складвалася, як да сустрэчы з Халадзілавым і Шпакевічам. Чубар павінен быў зноў асабіста турбавацца пра ўсё. Ды адзін ён ужо не мог нічога прыдумаць — не хапала не толькі здатнасці, але, здаецца, нават фізічных сіл. Разумеючы гэта, Чубар паступова траціў ранейшую ўпэўненасць і ранейшае жаданне, у ім брала верх нешта падобнае на абыякавасць да ўсяго, што магло мець значэнне ў ягоным становішчы.
Канём Чубар зусім не кіраваў — гэтага нават не вымагала дарога, бо яна была пакуль адна тут.
Кіламетраў праз колькі пачаўся лес.
З вопыту свайго вандравання Чубар ведаў, што тутэйшыя лясы былі невялікія — хутчэй, звычайныя пералескі, таму ён падумаў, што гэты таксама павінен неўзабаве кончыцца.
Дарога хутка прывяла на раскрыжаванне — адсюль пачыналіся яшчэ дзве: адна, торная, была, уласна, працягам ранейшай, па якой ехаў Чубар, а другая толькі адгаліноўвалася, але была зарослая травой і закіданая апалым лісцем. Такія дарогі, як гэта, звычайна нікуды з лесу не выводзяць, яны канчаюцца часцей за ўсё жураўліным балотам, дзе сяляне з навакольных вёсак скубуць доўгі і мяккі мох на розныя свае будоўлі. Таму Чубар пусціў каня на торную дарогу.
Скрозь густую імжу, якая ў лесе нагадвала ўжо звычайныя пацёмкі, Чубар неўзабаве ўбачыў на дарозе чалавечую постаць. Дзіва, але Чубар нават не ўзрадаваўся сустрэчы, якая мелася адбыцца. Па дарозе тупаў мужчына. Гэта адразу кідалася ў вочы па хадзе. І чым хутчэй яны набліжаліся адзін да аднаго, тым выразней станавілася, што чалавек меў сялянскі выгляд — ужо нават па тым, што быў дужа рухавы і насіў армяк з накінутым на галаву башлыком.
— Ці не бачыў ты цёлкі чмарай? — гукнуў ён наўперад, калі паміж Чубарам і ім заставалася не больш за дзесяць крокаў.
Але Чубар не адказваў да самага таго моманту, пакуль не параўняліся.
— Не, не бачыў, — пільна ўзіраючыся ў чалавека, пакруціў галавой Чубар.
Чалавек глядзеў на конніка насцярожана, вочы яго ажно жмурыліся.
— Ці то сама сышла куды, ці хто звёў, — па-сапраўднаму шкадуючы, сказаў ён. — Уранні не знайшлі, цяпера вось цэлы дзень па дарогах бегаю.
— А яна тым часам, можа, дзе на мурагу распірае бакі, — усміхнуўся Чубар.
— Каб жа знаццё...
— Ты адкуль? — спытаў Чубар.
— А ты?
— Ды я адтуль, — паказаў Чубар рукой за плечы.
Чалавек падступіўся бліжэй, сказаў: