Конь тупаў паціху, плёхкаючы капытамі па калдобінах, у якіх стаяла вада.
Чубар не здагадваўся, але наперадзе па дарозе быў чырвонаармейскі пост, яго сапраўды паставілі акружэнцы, калі адчулі, што настае вечар. У вёсцы чырвонаармейцы заначаваць не адважыліся, адно папрасілі ў сялян печанага хлеба: мяса — каніну — яны неслі з сабой, а бульбы можна было накапаць на калгасным полі. Цяпер гэтак рабілі ўсе, хто рухаўся да фронту.
Чубара аклікнулі адразу як ён наехаў на пост.
Непадалёку, крокаў за пяць ад дарогі, паміж дзвюх бяроз, якія вылучаліся сваёй бяростай сярод хвойных дрэў, стаялі чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Адзін, з насупленым тварам, у акулярах, ступіў на дарогу, перастрэў конніка:
— Хто такі?
— Ды...
Дзіва, але Чубар не ведаў, што адказаць. Сапраўды, хто ён? Тады, каля Белай Гліны, Чубар не бянтэжыўся, бо ведаў, што гаворыць пра сябе чырвонаармейцам. Там ён быў амаль дома. Урэшце, для Шпакевіча і Халадзілава было ўсё роўна, што Белая Гліна, а што Верамейкі. Галоўнае, Чубар — старшыня мясцовага калгаса. А цяпер, у гэтай незнаёмай мясцовасці, ён быў ні больш ні менш як звычайны бадзяга. І тыя, каму ён меўся гаварыць аб сабе, маглі паставіцца да ягоных слоў па-рознаму, прымаючы іх напавер альбо не. Але і хлусіць яму таксама не было сэнсу: ён сам не меў нічога супраць неспадзяванай сустрэчы. Чырвонаармеец між тым чакаў адказу. Збольшага, каб не зацягваць размовы і не злоўжываць цярплівасцю, Чубар пачаў расказваць чырвонаармейцу пра сваё вандраванне ад Бесядзі да абараняльнага рубяжа, што недзе паміж вёскамі Пёкліна і Журынічы, пасля — сюды... Чырвонаармеец спачатку слухаў сапраўды цярпліва, але як толькі высветліў для сябе, што чалавек на кані зусім не тутэйшы, а таксама закінуты ў гэты лес вайной, занёс яго ў разрад падазроных і рашыў затрымаць.
— Хопіць, — перапыніў ён Чубара, — пра далейшае раскажаце дзе трэба.
Міма другога чырвонаармейца, які па-ранейшаму заставаўся паміж бярозамі, яны рушылі ў лес: Чубар на кані, а канвойны яго — трохі побач і пеша.
— Толькі не ўздумайце выкінуць якую-небудзь штуку, — папярэдзіў Чубара канвойны чырвонаармеец. — Уцячы ўсё роўна не ўдасца. Пасты кругом.
— Я не ўзброены, — каб супакоіць чырвонаармейца, сказаў Чубар.
Але сам тым часам глядзеў вакол неспакойнымі вачамі — хоць і была пэўнасць, што гэта напаткаліся свае і што няма чаго вельмі асцерагацца, аднак ледзь не звярынае адчуванне перасцярогі прымушала ўнутрана напружвацца і быць, як кажуць, напагатове.
Конь раптам спыніўся, расставіў ногі і, выгінаючыся, пачаў мачыцца. Гэтая акалічнасць нечага раззлавала канвойнага чырвонаармейца. Той пачаў прыспешваць:
— Хутчэй, а то надумаліся тут!..
Тады Чубар з усмешкай сказаў:
— Няхай ужо аблегчыцца.
Ён скарыстаў момант і саскочыў на мох.
— Куды вы мяне? — нарэшце пацікавіўся Чубар, размінаючы ногі.
Чырвонаармеец не адказаў.
Тым часам да лагера, які размясціла ў незнаёмым лесе група байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, што выходзілі з акружэння, заставалася ўжо крокаў з паўсотні.
Людзей у лагеры небагата. Гарэла вогнішча. Вакол яго сядзела некалькі чырвонаармейцаў. Трохі воддаль стаялі тры буданы, скіданыя з яловых лапак. Пры ўваходзе ў бліжэйшы да вогнішча будан, але меншы па памеры, ляжала разасланая коўдра. На шынялі, прыхінуўшыся спіной да невысокага пня, сядзеў з забінтаванай да калена нагой грузны камандзір з чырвонай зоркай на рукаве. На пятліцах яго былі па чатыры шпалы. То быў палкавы камісар. У левай руцэ ён трымаў салдацкі кацялок і еў з яго алюмініевай лыжкай. З будана, на ўсіх чатырох, вылез другі камандзір. Гэты адразу ўбачыў каня, а пры ім незнаёмага чалавека ў суправаджэнні чырвонаармейца. Падаўся насустрач. Чубараў канвойны далажыў дакладна па форме:
— Таварыш капітан, на дарозе затрыманы... — і гэтак далей.
Капітан — высокі, з упалымі шчокамі — даслухаў чырвонаармейца, змераў Чубара зачэпістым позіркам.
— Мне трэба пагаварыць з вамі, — першы сказаў, хвалюючыся, Чубар.
Капітан кіўнуў галавой і моўчкі адышоўся да будана. Там ён перагаварыў аб нечым з палкавым камісарам і махнуў Чубару рукой. Палкавы камісар перастаў есці, але кацялок не паставіў.
— Хто вы? — спытаў камісар.
Чубар адказаў.
Камісар расплыўся ва ўсмешцы і з цікавасцю агледзеў незнаёмага чалавека.
— Аднак прозвішча ў вас!..
Чубар таксама ўсміхнуўся.
— Непаразуменняў не бывае?
Чубар паціснуў плячамі.
Камісар зразумеў гэта, як — здараецца...
Быў ён з вялікай лысінай, якая амаль клінам сыходзіла на самай макаўцы галавы. Нягледзячы, што чалавеку, мусіць, нярэдка даводзілася стаяць проставалосым і на сонцы, і на дажджы, лысіна была зусім белая. Валасы на скронях і на патыліцы пасівелі да самых каранёў. Твар хоць і шырокі быў, але не азызлы і загарэлы. Няпэўнага колеру — ці то карыя зусім, ці то наогул чорныя — вочы глядзелі дапытліва, аднак не жорстка, нават трохі ўсмешліва.