Па зорцы на рукаве Чубар здагадаўся, што перад ім сядзеў камісар, аднак у высокіх вайсковых званнях, асабліва палітсаставу, ён не вельмі разумеў што. Але цяпер гэта нават не мела значэння — хапала таго, што на рукаве была камісарская зорка.
І тым не менш камісар сказаў:
— Прадстаўляцца не буду. Маё — усё на мне. — Ён паказаў вачамі на зорку, затым — ужо рукой — на шпалы. — Праўда... Але слова гонару, пад гімнасцёркай таксама свая, айчынная бялізна. Фашысцкага нічога няма.
Чубару яшчэ невядома было, што немцы часам пераапраналіся дзеля правакацый, таму апошнія камісаравы словы ў яго разуменні здаліся непатрэбнымі, нават нявартымі.
— А вось пра вас, — працягваў гаварыць палкавы камісар, — хацелася б даведацца больш падрабязна. Дакументы ёсць?
Чубар пакорпаўся ў кішэні, падаў камісару ўсе, якія меў пры сабе, паперы.
Палкавы камісар паставіў збоч кацялок, наважыўся правяраць Чубаравы дакументы. Але спахапіўся, кіўнуў на кацялок:
— Калі жадаеце і не грэбуеце, можаце даесці.
Чубар хацеў устрымацца.
Але па вачах яго палкавы камісар здагадаўся, што чалавек галодны.
— Ды вы не саромейцеся, — сказаў ён. — Давайце па-простаму. Кухні ў нас няма. Харчоў таксама небагата. — І засмяяўся: — Лічыце, што вам у нейкай ступені пашанцавала нават. Я памарудзіў вось, дык цяпер давядзецца падзяліцца з вамі харчам. Але сядайце.
Чубар паслухмяна апусціўся на мох. Тады палкавы камісар падаў яму кацялок. Чубар ажно пачырванеў — стала няёмка браць вячэру ў чалавека, які, можа, таксама хацеў есці.
У кацялку быў крупнік, але густы, як павярнуць лыжкай. Пахла мясной прыправай. Але Чубар есці не спяшаўся.
Капітан схадзіў да вогнішча, прынёс адтуль акраец сялянскага хлеба.
— Ешце, — сказаў і ён Чубару, — а то мы ведаем, як можна галадаць!..
Палкавы камісар тым часам пачаў правяраць Чубаравы дакументы.
— Ну, спавядайцеся, — сказаў ён пасля таго, як Чубар апрастаў недаедкі ў кацялку, і пасунуў рукамі трохі ўбок параненую нагу.
Чубар падзякаваў за ежу і пачаў апавядаць, але таксама збольшага, пра свае вандроўкі. Тады камісар папрасіў не спяшацца, гаварыць падрабязна. Калі Чубар паступова дайшоў у расказе да таго месца, як яны са Шпакевічам і Халадзілавым апынуліся ў Пёкліне, камісар раптам заварушыўся і кінуў маўкліваму капітану, што стаяў крокі за два:
— Карту!
Той хуценька дастаў з перакінутай цераз плячо планшэткі тапаграфічную карту, паклаў камісару на калені, а сам укленчыў побач.
— Мы прыкладна так і меркавалі, — паглядзеў палкавы камісар на задумлівага і стараннага капітана.
Капітан зрабіў на сваім твары нешта падобнае на ўсмешку, кіўнуў галавой.
— М-да, — задумліва прамовіў тады палкавы камісар, — па сённяшняй кананадзе можна было меркаваць...
Абое — і палкавы камісар, і капітан — колькі часу не адводзілі вачэй ад разгорнутай карты.
— Значыць, у Пёкліне нашы? — удакладніў палкавы камісар.
— Былі нашы, — адказаў Чубар.
Палкавы камісар выставіў руку. Капітан выняў з планшэткі металічную лінейку. Палкавы камісар памераў ёю нешта на карце, задумаўся.
— Ну што ж, — паглядзеў ён на Чубара, — калі вашы звесткі дакладныя, то мы ўжо, лічы, дома!
— Вы заходзілі ў вёскі? — спытаў Чубара капітан.
— Ён жа конна ехаў! — пажартаваў палкавы камісар.
— Не, больш давялося ісці, — з адценнем сарамлівасці ўсміхнуўся Чубар.
— А конь?
— Гэта так... — памуляўся Чубар.
— А мы з табой, капітан, колькі тупаем, а вось не дадумаліся, — зноў з усмешкай сказаў палкавы камісар.
— Дык я хачу спытаць, — меў сваё ў галаве капітан, — вы калі ішлі праз вёскі, немцаў там не бачылі?
— Я абмінаў вёскі. Таму дакладна не ведаю.
— Вось што, — сказаў палкавы камісар капітану, — няхай байцы адпачываюць ужо. Заўтра выступім на самым світанні. І вам, таварыш Чубар, таксама трэба адпачыць. Вы сваё заслужылі... Ужо нават тым, што многа памяклі сёння на дажджы.
Капітан пайшоў да вогнішча аддаваць адпаведныя распараджэнні. Палкавы камісар паплюскаў стомленымі вачамі, пасунуў рукамі для зручнасці параненую нагу і зноў сказаў Чубару:
— Вы далучайцеся пакуль да маіх байцоў і адпачывайце. Думаю, што яны прымуць вас. А яшчэ лепей, лезце ў мой будан. Бярыце коўдру і накрывайцеся. Будзеце пакуль як у бога за пазухай. А мы з капітанам пасядзім. Трэба распрацаваць на заўтра маршрут. — І дадаў: — З вамі мы пасля таксама пагаворым яшчэ. Вы не супраць?