Зазыбава Марфа закутала юшку — вуголле было загрэбена і пабралася ўжо белым попелам у пяколках, — але пастаяла ў хаце, слухаючы, ці запахне чадам. Сёння яна добра-такі напаліла печ, бо Дзяніс паскардзіўся ўначы, што стынуць ногі, і яна падумала тады, што ў гэтыя дажджлівыя дні трэба не пашкадаваць дроў — і самім будзе лацвей, і хата дарэмна не стане сырэць. А яшчэ Марфа чула, як паціху, нібыта скардзячыся, кашляла на той палавіне хаты Марыля. Марфа неяк непрыкметна, але хутка прыкіпела душой да гэтай негаваркой дзяўчыны, якую нечага патрэбна было выдаваць за пляменніцу з Латокі. Гэтая патаемнасць прымушала ажно шкадаваць дзяўчыну і ні на хвіліну не забываць пра яе — нібыта варушылася хворае сумленне ці нейкая несвядомая боязь была за Марыльчыну будучыню. Аднак за час, пакуль жыла дзяўчына ў іх, Зазыбава Марфа адно разы са два зачапілася гаварыць з ёй. І кожны раз Марыля пачынала прыгадваць пра сваю маці, якая недзе таксама жыла на зямлі...
Чаду не было чуваць.
Супакоеная, Марфа выйшла ў сенцы, узяла ў цёмным куце сплецены з маладога сасновага карэння кош і вытрасла з яго на падлогу бураковае лісце. Пакуль не ліло з неба, можна было наведацца на грады, і Марфа, як толькі пачысціла кош, падалася да тыну, дзе паміж хатай і хлевам была ў іх фортка на гарод.
Зазыба ляпаў сякерай пад павеццю — ад самае зімы там стаяла драўляная калгасная мялка-казёл, якую прывозілі да Зазыбавай лазні, калі сушылі лён, і ён цяпер рабіў новы асінавы шпунт, што трымае ў жолабе мяла, а сам з галавы не выпускаў учарашнюю размову з Парфёнам Вяршковым. Усё яшчэ загадкавым здаваўся яму бабінавіцкі камендант Гуфельд. Ужо праз адно гэта быў сэнс як хутчэй наведацца ў мястэчка, каб глянуць на ўсё, што адбывалася там, сваімі вачамі, тым больш што Бабінавічы і Верамейкі зноў, як і даўней, сталі адной воласцю. Да таго ж Зазыбу ўвесь час непакоіла, каб адвезці ў Бабінавічы Марылю — як вырашыў, да краўца Шарэйкі.
Марфа ляснула нячутна клямкай на фортцы і спынілася адразу за дошкай-завальнёй — там была здзірванелая пляцоўка, якая ніколі не заворвалася. Гарод — тут была большая частка іхняй сядзібы — увесь панікаў пад цяжарам дажджу: кацелкі, што раслі на бульбоўніку, сагнулі свае шыі і ўтаропіліся неабшалушанымі тварамі ў зямлю, быццам чакалі, што сонца выныраць гэты раз будзе не за вёскай, а тут, паміж градаў; мясцовага, можа, нават верамейкаўскага гатунку кукуруза, якую вырошчвалі па ўсім забесяддзі яшчэ з незапомных часоў, нясмела вытыркала з-пад шырокага і настылага, таму ажно крохкага лісця чорна-рыжыя кудлы сваіх кароткіх, але таўсманых кіяхоў; ля самай лескі, што аддзяляла Зазыбаў гарод ад сядзібы Аўхіма Касперука, плакаў ад дажджу, як свінцовымі слязамі, разбабелы свойскі мак. Паўсюды была вада — і ў бульбовых разорынах, і на сцежцы, і ў межах, а больш за ўсё было вады на расліннасці, здавалася, зрабі толькі адзін крок па гародзе і адразу намокнеш па вушы. Але Марфа не пабаялася макрэчы. Падаткнула падол спадніцы і пахлюпала ў гумавых ботах па коўзкай сцежцы. Вада пырскала адусюль і ледзь не цурком лілася ў халявы.
Паўз леску ў Марфы была расадніца, накрытая парваным брэднем, і Марфа павярнула туды, каб паглядзець высадкі. На Касперуковым гародзе таксама ўжо нехта корпаўся на градах. Спярша Марфа падумала, што гэта сама Касперукова жонка, Варка, але Касперучыха была жанчына маленькая, высахлая, а гэта ўзвышалася на градах капой; на жанчыне быў накінуты ад дажджу палаплены мяшок башлыком на галаву, які хаваў твар, да таго ж жанчына гэтая не разгіналася — нейкі час латашыла цыбулю, пасля (і таксама не выпростваючыся) пачала ламаць кроп. Але вось жанчына нарэшце ўзняла галаву, і Марфа пазнала Драніцаву Аксюту.
У Драніцы, можна лічыць, не было свайго гарода — здаецца, і зямля аднолькавая, такая, як у суседзяў, і соткі кожны год заняты пад гуркі, буракі, а на градах нічога не расло, нібы там стойла конскае было, і Аксюта звычайна хадзіла пазычацца: то сама напрошвалася на гарод да каго, то людзі запрашалі яе, бо ў гаспадарцы не заўсёды спажывалі ўсё, што было на градах. Мусіць, гэтак вось Аксюта апынулася і на Касперуковым гародзе, балазе, недалёка ёй — Мікіта Драніца жыў каля выгану. У Верамейках жартавалі з Драніцаў, мужа і жонкі, казалі, што нячысты, пэўна, не адну пару лапцей стаптаў, пакуль звёў іх: Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць і апускаць левае плячо; Аксюта, наадварот, была мажная, з заплылым тварам, на якім вызначаліся савіныя вочы. Браў яе Мікіта з Гаўрылінскай Буды, яшчэ амаль ад жывога мужа — не прайшло шэсць тыдняў пасля смерці таго, як пасватаўся Мікіта. Аксюта са сваім удовіным скарбам пераехала ў Верамейкі і неяк хутка, можа, ёй не прывыкаць было, узяла Мікіту ў рукі, і хоць гаспадара з яго не зрабіла, каб раскашаваць за ім, затое магла беспакарана камандаваць ім.