Выбрать главу

Аксюта нібы пільнавала Зазыбаву Марфу з чужога гарода, а як убачыла, то заспяшалася, топчучы грады, да лескі.

— Як тэй таго, — узрадавана пачала яна, — нешта вас етыя дні няма нідзе.

Марфа ўсміхнулася, як сама сабе, сказала:

— Дажджы ж...

— А мы з Мікітам, як тэй таго, падумалі... можа, баіцёся чаго? Яно ж, новая ўласць...

— Ат, неяк пражывём і пры новай уласці, — з выразнай абыякавасцю ў голасе сказала Марфа.

— А мой, як тэй таго, кажа, што вас з Дзянісам не зачэпяць. — Аксюта глядзела на былую старшыніху нечага лісліва. — Можа, калі германец забярэ ўсё пад сябе, дак Масей ваш яшчэ начальнікам стане, як тэй таго... Во, цяпера ж і Брава-Жыватоўскі... Учора ў нас, як тэй таго, былі. Цяпера ўсё, як даўней, пры царах было, і паліцыі, і воласць. Дак, можа, і ваш пает, калі жывы дзе, таксама... Германец жа, няйначай, распусціць астрогі.

— Няхай дае бог, — уздыхнула Марфа.

— А Вяршкова Куліна казала, што ў вас цяпера, як тэй таго, пляменніца жыве, — не пераставала сыпаць Аксюта.

— Жыве.

— Чыя ж ета?

— Наша.

— Я не пра ета, як тэй таго. Раз у вас, значыць, ваша. Я пытаюся, чыя яна — па Дзянісу, як тэй таго, ці твая. Але ж у Дзяніса, здаецца, не было ў Латоцы нікога?

— Майго дваюраднага дзеўка. Ідзе з Магілёва. Вучылася. Дак ад Бялынкавіч, са станцыі, да нас бліжэй, чымся да Латокі. От і засталася, пакуль на дарогах неспакойна. Няхай перажджэ.

— Дак ці ж месца хто, як тэй таго, пашкадуе, — кіўнула галавой Аксюта і выдала самую апошнюю вясковую навіну: — А Сахвея Меляшонкава радзіла!

— Глядзі ты, а я і не чула! Ці ж пара ета ёй была?

Марфа нацягвала за край брэдзень на расадніцу, прывязвала мацней да калкоў і гаварыла пад сябе, а Драніцава Аксюта тым часам, як вялікая птушка, трымалася чорнымі ад зямлі рукамі за ляшчыны — рассунула іх трохі, каб прыпасці тварам, і лыпіла вочы на Зазыбаў гарод.

На дварэ і папраўдзе распагоджвалася — ужо не надта цяжкія былі хмары на небе, і хоць плылі яшчэ спрэс, але нябачнае сонца прабівала іх тоўшчу.

У наваколлі быццам пасвятлела.

Аднекуль прыляцела на Зазыбаў гарод мухалоўка-белашыйка і села на макавінку. Тая ажно закалыхалася пад чорна-белым жывым камяком. Птушка апусціла паласатыя крылы, а хвост, кароткі і таксама паласаты, задрала ўгору. Хоць яна і не вельмі самавітая была па сабе, але нораў пражорлівы мела. Уласна, на гарод мухалоўка прыляцела яшчэ толькі з надзеяй — адчула раптам, што выясняецца і сушэе, тады і заспяшалася сюды, каб лавіць пчол, якія лётаюць звычайна па гурковых і гарбузовых косах. Але пчол на гародзе пакуль не відаць было, яны хаваліся ад слоты па вуллях... Таму мухалоўка пасядзела на макавінцы і пачала, ад няма чаго, спяваць — спярша як нясмела: «пік-пік», пасля з большым працягам: «пі-і-ік, пі-і-ік, пі-і-ік...»

Марфа, пачуўшы птушыны галасок, ажно выпрасталася і пашукала вачамі па гародзе птушку.

— А якраз на спасаўку, як тэй таго, і павінна быча радзіць, — сказала Аксюта пра Меляшонкаву Сахвею. — Але без Меляшонка цяпера паспрабуй выгадуй адна. Ета ж як рабіць, дак Меляшонак тута, а як расціць, дак яго няма!

— Што ты гаворыш, Аксюта! — як ад болю, паморшчылася Марфа. — Чалавек жа не сабакам сена косіць, а ваюе!

— Дак... Але ж вон Сёмачкін Раман дак не сплахаваў. Затое дома цяпера. А Меляшонак, можа, галаву паклаў.

— Яно так, — сказала Марфа няпэўна — ці то пагадзілася з Аксютай, ці то падумала пра нешта сваё.

Расадніца нарэшце была папраўлена, і Марфа адышлася, пачала ламаць на градзе бураковае лісце.

Аксюта таксама адступіла ад лескі.

На ядраны бурачнік Марфа кінула два гуркі-насеннікі, што ляжалі дагэтуль, быццам пасмаленыя парсюкі, на градзе, і той жа сцежкай вярнулася на двор.

Зазыба ўжо не майстраваў. Пад павеццю ў іх быў адгароджаны абапалкамі высокі закутак, дзе звычайна Масей — як наязджаў дамоў і ляпіў скульптуры — складваў сякі-такі інструмент, таксама матэрыялы, а больш за ўсё розныя гліняныя альбо гіпсавыя недаробкі, і Зазыба нечага цяпер корпаўся там.

Некалі ўсе Зазыбы, якія жылі ў Верамейках, дужа здзівіліся, што адзін з іхняга роду выбраў сабе гэтакі занятак. А пачалося як бы з забавы. У дваццатым годзе ў хату да Яўмена Зазыбы на пастой трапіў чэх з інтэратрада, што накіроўваўся на польскі фронт, і малы Масей пабачыў тады, як той ляпіў з гліны і воску чалавечыя галовы. Вылепіў чэх і галаву старэйшага Зазыбы. Але Масееў дзед незалюбіў — маўляў, гэта, няйначай, нячыстая сіла! Давялося чэху перарабляць чалавекаву галаву на... дыню.