— Ты, Пішчык, сапраўды, можа, дарэмна гэта, — пачаў ушчуваць ён Ягора, — можа, і праўда тыя не чапалі цёлкі твае. Я сам бачыў іхняга начальніка. Са звяздой такі, на рукаве звязда. Дык наўрад ці дазволіць ён займацца свавольствам. Хоць і нямоглы, на насілках, а не дазволіць. Не можа быць, каб такі вялікі начальнік ды дазвол даў.
— Быццам мне не ўсё роўна — тыя ці другія! Галоўнае, каровы, лічы, няма на двары!
— Ну, на карову яна не скора падобная стала б, — спакойна запярэчыў дзядок.
— Можа, яшчэ знойдзецца твая цёлка, — паспачувалі Ягору ледзь не хорам астатнія дзядзькі.
— Ат, — махнуў рукой Ягор: яму ад крыўды ўжо не хацелася глядзець не толькі на Чубара, але і на сваіх.
Наставаў момант, калі гаворка магла абярнуцца непажаданым бокам, таму Чубар спытаў, ні да кога пэўна не звяртаючыся:
— Значыць, немцаў у вас няма?
Мужыкі пераглянуліся, заўсміхаліся.
— Ды вось, — сказаў адзін, — самі стаім, нібыта чакаем. Кароў даўно пагналі ў лес, а свіней каля вёскі трымаем. Як толькі награнуць немцы, так і пагонім таксама ў лес.
— Дык я і кажу, што глупствам займаецеся, — паморшчыўся Ягор Пішчыкаў. — Гэта яшчэ хто ведае, як яно лепш. Я вон каб з пуні не пускаў сваю, дык напэўна б цяпер цэла была.
— Але чаму ты лічыш, што тваю цялушку, няйначай, чырвонаармейцы зарэзалі? — не ўтрымаўся, каб пераканаць Ягора Пішчыкава, Чубар.
— А я і не кажу, што чырвонаармейцы, — зусім ужо гыркаючы, адказаў Ягор. — Цяпер хапае... і чырвонаармейцаў і нечырвонаармейцаў. Адзін каня звядзе, другі цёлку.
— А немцаў ты нават у разлік не бярэш?
— Ахвота немцам цёлкай займацца! Ім пакуль гусей ды курэй хапае. Ды і красці яны не будуць. Прыйдуць на двор ды забяруць што трэба.
— Ягор тут праўду кажа, — беручы бок аднавяскоўца, прамовіў жвавы дзядок.
— Ага, — пацвердзілі мужыкі.
— Заўчора яны тут пагойсалі трохі на матацыклах, дык паказалі сябе, — зноў сказаў стары. — А самі хто будзеце? — паглядзеў ён Чубару ў вочы.
— Партызан. — Чубару захацелася адразу паказаць шыраеўскім дзядзькам, што перад імі не абы-які чалавек.
— Во-во! — пачуўшы Чубараў адказ, усклікнуў Ягор Пішчыкаў.
— Так, партызан, — падкрэслена, быццам насуперак, паўтарыў Чубар і адчуў, як паспакайнеў адразу, бо ў гэты момант для яго, можа, адбылося самае важнае: ён ужо сам упарта называў сябе ў новай якасці, на якую пакуль не меў, як і яму здавалася, падстаў.
Хоць шыраеўскія дзядзькі і да гэтага бачылі, што Чубар не проста туляга, а чалавек са зброяй, значыць, мае калі не ўладу, то дачыненне да нечага вельмі важнага, але адказ ягоны здзівіў іх: слова «партызан» для тутэйшых сялян было пакуль не толькі нязвыклае на слых, аднак і не зусім зразумелае. Вядома, яны чулі пра партызан яшчэ з грамадзянскай вайны, але тады ў гэтай мясцовасці партызаны не дзейнічалі, таму ўяўленне пра іх складвалася пераважна па чутках.
— Дык як гэта цяпер будзе? — спытаў гаваркі дзядок. — Здаровых мужыкоў забралі ў армію. Значыць, ваююць на фронце. А ў партызаны, мусіць, будуць набіраць тых, хто не падпаў пад мабілізацыю. Такіх во, як Карней, — дзядок паказаў вачамі на плячыстага, але ўжо, бадай, сапраўды не ў вайсковых гадах чалавека, — ці Аўлас, — ён перавёў прыжмураны, як для прыцэлу, позірк на наступнага селяніна, нібыта гэтым выдаваў аднавяскоўцаў Чубару, — таксама Аўціх...
Няйначай, дзядок быў адмысловы жартаўнік, бо ўсе, хто стаяў паблізу, пазіралі ўжо на яго і на Чубара з паблажлівымі ўсмешкамі.
— Ты, дзед, таксама падыдзеш у партызаны, — здагадваючыся пра гэта, сказаў Чубар, каб адным часам у голасе былі і жартаўлівая пагрозлівасць, і прыстойная паважлівасць.
— А што? — выпнуў грудзі стары.
— Дык вось і запісвайся першы, — нібыта ўзрадаваўся аціхлы Ягор Пішчыкаў.
— А ты?
— А ў мяне бялет. Я — па закону.
— Дык гэта ж яшчэ невядома, які закон на бялеты выйдзе, калі ў партызаны набіраць стануць? А ў мяне — вочы. Нават добра не пацэліш з такой вось. — Стары кіўнуў на Чубараву вінтоўку. — А які гэта стралок, калі германец уцячы можа з-пад ружжа?
— Нічога, мы табе прывяжам германца да плота,— загаманілі дзядзькі, — якраз пацэліш куды трэба.
Каб надаць большай важкасці размове і тым самым сваёй прысутнасці ў вёсцы, Чубар спытаў:
— Дзе ж ваша начальства?
— Якое? — нахіліў галаву дзядок.
— Ну, старшыня калгаса.
— Шукай ветру ў полі, — паспяшаўся свіснуць Ягор Пішчыкаў.
— Ды, мусіць, падаўся з абозам некуды, — падказаў другі селянін, здаецца, Аўлас.
— Мы аб’яднаны былі з Гарэлічамі, — пачаў тлумачыць Карней. — У Гарэлічах і калгасная кантора, і старшыня там жыў. А тут у нас — паляводчая брыгада, трэцяя.