Выбрать главу

З таго часу, як Чубар прыехаў у Шыраеўку, гадзіннік недзе адлічыў толькі наступныя трыццаць хвілін. Між тым на дварэ ўжо стала, як удзень. Сонца ўвачавідкі паднялося над лесам, патрохі ачышчаючыся ад копаці і смугі. На ўсходзе дажджавых хмар больш не было. Затое на захадзе неба яшчэ нібыта клубілася. Але вецер настойліва зносіў паклычаныя хмары на паўднёвую ўскраіну, не даваў зноў засланіць сонца.

— Дык як цяпер будзе? — спытаў Карней Чубара.

— Што — як?

— Ну, раз кіраўнікоў нашых няма... мы так разумеем, што... без старшыні сельсавета ці старшыні калгаса дык і вырашаць нічога нельга.

Чубар здагадліва ўсміхнуўся:

— Неяк абыдземся без іх. Тым больш што вашу Шыраеўку стараной не абыдзеш. Асабліва калі знаёмыя ёсць. — І каб не пакідаць людзей, асабліва гаваркога дзядка, які ўжо, няйначай, зноў пакутаваў ад цікаўнасці, у няведанні, растлумачыў напаўжартам: — Мы ж з Ягорам вашым даўнія знаёмыя!

— Бачыліся ўчора ў лесе, як шукаў цёлку, — нібыта апраўдваючыся, кінуў Ягор Пішчыкаў.

— Дык я і падумаў, спытаю, дзе тут Ягорава хата.

— А што там, у хаце, рабіць цяпер! — не паглядзеў на Чубара селянін.

— Як што? — здзівіўся дзядок. — Звычайная справа. Трэба сустрэць чалавека, пачаставаць. А то, можа, і крошкі ў роце яшчэ не было ў яго.

— Ты праўду кажаш, дзед, — прызнаўся Чубар. — Жывот даўно падцягнула.

— Во, чуеш?

— Калі ты скоры такі ды багаты, то і частаваць можаш, — з’едліва кінуў старому Ягор Пішчыкаў. — Я табе не забараняю.

— Сам жа чуў, чалавек да цябе хоча. Знаёмы твой.

— Такі, як і твой. А мне за стол садзіць яго няма з чым. Цёлку вон...

— Ты праз яе цяпера...

— У Ягора звычайна дружна бывае да першага паваротку, — кпіў Карней.

— А ты б!.. — памкнуўся быў да селяніна Ягор.

Чубар натужна падумаў, пасля ўсмешліва сказаў:

— Што ж, дзед, давядзецца напрасіцца да цябе ў госці, раз Ягор адмаўляе.

— Да мяне, — раптам здзівіўся стары і, хаваючы сваю разгубленасць, пачаў моцна і досыць доўга чухаць пад шапкай галаву.

Тады Чубар абвёў позіркам астатніх прымоўклых мужыкоў і з кплівай усмешкай паківаў галавой: тыя паапускалі вочы. У ім нараджалася крыўднае пачуццё чалавека, які раптам зрабіў для сябе непрыемнае адкрыццё там, дзе яго, па ўласным перакананні, не магло быць. Уражаны гэтым, ён пачынаў лавіць сябе, што на вуліцы ўжо ці не адбывалася нешта накшталт недарэчнага тэатральнага відовішча. Сябе Чубар здольны быў бачыць у гэтым відовішчы ні больш ні менш як абавязковай, нават неад’емнай, але, па сутнасці, нікому не патрэбнай рэччу, якую ўдзельнікі відовішча пачалі адкрыта перакідваць адзін аднаму. Спярша яму падумалася, што вінаваты быў Ягор Пішчыкаў, які ўсё яшчэ злаваў праз згубленую недзе цялушку, але дарэмна: уласна, усе гэтыя мужыкі былі вартыя адзін аднаго, і, мусіць, ніхто не перамог бы на шалях, каб давялося паважыць іх на звычайную насцярожлівасць, а яшчэ больш — на хітрую сялянскую разважлівасць. Проста нікому не хацелася па сваёй ахвоце весці ў хату ўзброенага чалавека. Чубар разумеў, што насцярожваліся людзі адзін перад адным: пры іншых умовах, напрыклад, каб завітаў ён да каго з іх без сведкаў, не было б адмовы яму ні ў гасціннасці, ні ў прытулку. Асабліва багата чаго для разумення гэтага даваў выпадак, што адбыўся ў Белай Гліне, калі стары Якушок прасіў Чубара, каб той павёў яго праз вёску пад вінтоўкай. Больш таго, Чубар у думках ужо здагадваўся наперад, што і надалей давядзецца сутыкацца з чымсьці падобным і што гэтак ці амаль гэтак будзе, прынамсі, да таго часу, пакуль самі падзеі не перайначаць цяперашнюю няпэўнасць...

Мужыкі — бадай, кожны — таксама мулка пачувалі сябе перад незнаёмым чалавекам. Але з тае прычыны, што стаялі грамадой, ад вінаватасці душой не пакутавалі: кожны меў адны і тыя ж правы і мог зрабіць для яго тое ж...

Нарэшце настаў усё ж момант, калі і Чубар, і шыраеўскія мужыкі пачалі найбольш усведамляць няёмкасць таго недарэчнага становішча, якое гэтак неспадзявана склалася: і той бок, і гэты ўжо нецярпліва чакалі нечага адзін ад аднаго.

Нашто ўжо дзядок быў нястрыманы на язык і ўедлівы дужа, аднак і той адступіўся ад Чубара — вочы яго, па-старэчы запаленыя і па-хлапечы хітравата-дураслівыя, схаваліся пад павекамі, а постаць, якая да гэтага, быццам у маладога непаседы, ажно хадзіла ўся, зрабілася яшчэ больш кашчавай і, як цень, косай.

Яўна не ставала пакуль таго псіхафізічнага моманту, які ўзбурыў бы напятыя адносіны. Дзіва таксама, але, каб напяць іх, хапіла самага малога, а вось каб парушыць, патрэбна была, здавалася, цэлая бура.

І гэтая бура, як кажуць, грымнула.

Увасобілася яна ў жаночым голасе, што пачуўся з акна тае хаты, насупраць якой тоўпіліся цяпер у маўчанні вакол Чубара шыраеўскія дзядзькі.