Выбрать главу

Чубару на нейкі момант падумалася, што гэта, няйначай, якаясьці саламяная ўдава або проста вясковая маладзіца, якой нічога асаблівага не каштуе заманіць з дарогі ў хату кожнага ўпадабанага мужчыну, але па тым, як успрынялі шыраеўскія мужыкі гэтае запрашэнне — самым належным чынам, без падкрэсленай і хітраватай цікавасці — можна было меркаваць пра адваротнае. Праўда, жанчына сваім нечаканым запрашэннем нібыта ратавала іх ад непатрэбнага, дакладней, далікатнага клопату, такая акалічнасць, вядома, магла паўплываць на паводзіны людзей, аднак наўрад ці мела тут і гэта якое значэнне. Урэшце, як бы там ні было, але шыраеўскія мужыкі адразу пачалі ківаць Чубару галовамі — ці то падахвочваючы яго заходзіць у хату, ці проста развітваючыся; прынамсі, разыходзіліся яны з выглядам той годнасці, якая поўніць людзей пасля зробленага імі чагосьці надзвычай вартага, нават пазабывалі, што на ўзлеску па-ранейшаму сноўдалі ўзбуджаныя, быццам пакусаныя кім, свінні, якіх яны, як казалі самі, выйшлі на край вёскі пільнаваць.

Чубар піхнуў ад сябе весніцы, зробленыя з бярозавых калкоў, змацаваных наўскасяк абапалкам, узышоў на сялянскі двор. На плоце, што адгароджваў гэты двор ад вуліцы, стаяў на моцных, шышкаватых нагах прыгожы і магутны певень — шыза-чырвоны, з доўгімі залацістымі пярэсцінамі на шыі. Ён убачыў на двары незнаёмага чалавека, адразу занепакоіўся, але спярша пераступіў па жардзіне, а тады залопаў крыламі і гучна, з хрыпатой у голасе пракрычаў некалькі разоў запар, як выгаворваючы: «Вось табе і на! Вось табе і неспадзеўка!..» Проста на ганку, што быў пры ўваходзе ў дашчаныя сенцы, ляжаў чорны сабака. Але гэты нават не падняў галавы на Чубаравы крокі. На двары стаяла цэлае багно — прайсці да ганка можна было толькі паўз загавальню, якая мацавалася лазовымі пляцёнкамі-фашынамі, і Чубар, пільнуючыся, каб не ўварзэпацца ботамі ў гразь, адразу патупаў, дакранаючыся да сцяны вольнай рукой. Хата, у якую ён меўся зайсці, складалася з трох частак: першай, уласна самой хаты, што была каля дзевяці аршынаў у даўжыню, затым так званай прыбудовы ў тры сценкі, якая служыла другой палавінай хаты і рабілася асобна, пасля таго ўжо як гаспадары жылі ў першай палавіне, і, нарэшце, сенцаў. Ад весніц Чубар кіраваўся проста на гэтыя сенцы.

Гаспадыня ўпэўнілася праз вокны, якія выходзілі на двор, што запрошаны ёю незнаёмы чалавек сапраўды ўжо ідзе праз двор, сама выйшла на ганак. Сабака і пры ёй не падумаў паварушыцца. Тады яна кранула яго нагой, абутай у высокі жаночы чаравік, і сабака неяк клубком саскочыў з ганка, але не адбегся, а застаўся стаяць, нібыта чакаючы, пакуль пройдзе чалавек у хату, каб тады заняць самому ранейшае месца.

— Заходзьце, — сказала гаспадыня.

Следам за ёй Чубар праз сенцы ўвайшоў у так званую прыбудову і разгубіўся. Хоць у хаце і было, як у шарую гадзіну, але ён адразу заўважыў, што на драўляным ложку, пастаўленым у невялікі прасценак, ляжаў, накрыты паласатаю коўдрай, чалавек. То быў Васіль Шунякоў. Ён нават не павярнуў галавы, і Чубару відаць былі зарослыя шчаціннем левая шчака, сцятыя губы і завостраны гарбаты нос. Але падумаць, што гэта ляжаў нежывы чалавек, не давалі вочы, якія час ад часу плюскалі. Проста Васіль быў дужа хворы. У зацененай хаце стаяла затхласць, пахла... Гэта вельмі не стасавалася з выглядам самой гаспадыні, якую нельга было і блізка назваць неахайнай. Тады недзе ў Чубаравай сярэдзіне зварухнулася нядобрае пачуццё да гэтай жанчыны — мусіць, круціць хвастом сама, а мужык ляжыць скрозь дні недагледжаны. Чубар нават затаптаўся каля парога ў нерашучасці. Але гаспадыня ўжо адчыняла шырокія, амаль квадратныя дзверы на другую палавіну хаты, і Чубару нічога не заставалася, як пайсці праз хату далей.

Тут было зусім па-іншаму, не так, як на першай палавіне: адразу кідалася ў вочы паскобленая, быццам сподні бок жытнёвага бохана, сасновая падлога, сцены, завешаныя вышыванымі, мусіць, яшчэ з дзявочага пасагу, ручнікамі і багатая сялянская пасцель — пуховыя падушкі ў белых міткалёвых навалачках, саматканая коўдра, падобная на крамны дыван, таксама прасціна з выбеленага і вельмі тонкага палатна.

Відаць, жанчына нямала папрацавала ў жыцці зімовымі вечарамі, збіраючыся ў замужжа, але вось нечага не пашанцавала ёй.