Выбрать главу

— Вы тут пасядзіце, — сказала жанчына, паказваючы на табурэтку пры стале, — а я зараз пра абед падумаю, раз ужо запрасіла вас.

Яна ніколькі не мітусілася, рухі ў яе былі павольныя, нават, здавалася, трохі марудлівыя; ва ўсёй паставе яе адчувалася тая маладая яшчэ нерастрачанасць, якая бывае і ў замужніх жанчын (калі тыя не раджалі).

Перад тым як выйсці з гэтай хаты, яна сказала для яснасці:

— То муж мой... хварэе...

— І даўно? — спытаў Чубар.

— Каторы год ужо.

— А што з ім?

— Ды ўсё... — яна ўздыхнула. — І хрыбціна, і... як гэта... мачавы пузыр... А як правільна хваробы завуцца, дык вон у паперцы, што ў бальніцы давалі, напісана. Ляжыць небарака каторы год і паварушыцца не можа, не тое што на ногі стаць. Таму вось так і ў хаце прапахла ўсё...

— Мусіць, яго прыціснула чым? — пацікавіўся Чубар.

— Не, само прыключылася.

— А што дактары?

— Якія цяпер дактары!.. Але тады, як працавала ў Гардзееўцы бальніца, то завозілі мы з братам яго некалькі разоў туды. Паляжыць, а тады зноў кажуць, каб забралі. А цяпер вось назусім прывезлі. І ні дактароў, ні лякарства. Ды яму, мусіць, дактары і непатрэбны ўжо. Я клікала нядаўна ў хату да яго доктара, чырвонаармейскага, праходзіла тут нейкая часць, як адступалі нашы, той таксама разводзіў рукамі.

Гаспадыня, мусіць, даўно звыклася са сваім становішчам, таму пасля выразнага смутку, які, здавалася, прыгнятаў яе хвіліну назад, раптам нібыта адкараскалася ад усяго пакутлівага, усміхнулася Чубару ранейшаю ветлай усмешкай.

— А ружжо ваша не стрэліць?

— Не стрэліць, — адказаў Чубар, але спахапіўся: затвор вінтоўкі ўсё яшчэ не быў пастаўлены на засцерагальнік; таму ён пацягнуў на сябе шляпку байка, крутнуў направа; пасля прыставіў вінтоўку да падаконніка. — Цяпер ужо напэўна не стрэліць, — усміхнуўся ён.

Гаспадыня выйшла.

Чубар пакруціў галавой па хаце. Адно бярно ў той сцяне, што выходзіла на вясковую вуліцу, выразна вылучалася на ўзроўні вачэй сваёй пачарнелай, нібыта адпаліраванай паверхняй і спрэс было размалявана рознымі знакамі, аб прызначэнні якіх не здагадацца. То былі ўсё маленькія крыжыкі, зорачкі, квадрацікі, трохкутнікі, кружкі, малюнкі. Адным словам, нейкая цэлая сістэма знакаў. Калі гаспадыня праз нейкі час вярнулася, несучы ў руках вялікую міску, накрытую драўлянай закрыўкай, Чубар ажно не ўтрымаўся, каб не пацікавіцца:

— Што гэта за маляванне такое? — паказаў ён на сцяну.

— А-а-а, — усміхнулася жанчына, — гэта... як вам сказаць... чысліннік такі, ці, як цяпер называюць, каляндар. Гэтае бервяно нам даў Васілёў дзед, калі мы будаваліся. Сказаў, што яму таксама яно дасталося ад свайго дзеда. Дык мы як памяць сямейную і ў сваю хату паклалі вось. Але чытаць не можам, нічога не разумеем. Дзед Васілёў і то не ўсё тут мог прачытаць, а мы і падаўна. Праўда, я трохі была навучылася. Зімой неяк, калі жывы яшчэ быў Васілёў дзед і калі не было чаго рабіць, але мала. Усе гэтыя малюнкі паказваюць дні, месяцы... Напрыклад, вунь той... Гэта — дваццаць трэцяга сакавіка. Бачыце? Засечка, пасля конь? Значыць, ужо настаў час выязджаць у поле. А прамяністы дыск на тонкай сцябліне абазначае, што пачаліся дні сонцавароту...

— А чаму вы запомнілі якраз дваццаць трэцяга? — спытаў Чубар.

Жанчына ўсміхнулася:

— Гэта дзень майго нараджэння.

Тлумачыла ўсё гэта яна амаль на памяць, бо занята была каля стала, на які выкладвала з міскі прынесенае з пограба сала, кружок шэрай каўбасы, залепленай белым тлушчам, рэзала на лусты хлеб. Адказвала яна на пытанні проста і талкова, але голасам чалавека, які багата і патаемна пакутаваў: у цёмных вачах яе быў незатуханы агонь надзвычай чуллівай душы.

Нарэшце на стол было выстаўлена ўсё, што мела гаспадыня на першы выпадак, каб накарміць старонняга чалавека, і Чубар пачаў няспешна есці — чамусьці не хацелася паказаць сябе перад гэтай жанчынай галодным. Яму падабалася гаспадыня, было ў ёй нешта такое багульнікавае, ад чаго мужыкі, як кажуць, страчваюць галовы, але ўвесь час свядомасць вяртала яго да хворага гаспадара хаты, які адзінока і бездапаможна ляжаў на ложку ўсяго праз дзверы, крокаў за восем. Гэта ўплывала нават на гаворку паміж імі, бо Чубар часта лавіў сябе на тым, што і ён сам, і тым больш гаспадыня рабілі штосьці непрыстойнае ў дачыненні да чалавека, які ўжо не мог спадзявацца ні на што на свеце. Але без гаворкі таксама нібыта нельга было ў іхнім становішчы, і яны таму гаварылі.

— А я гляджу, — успамінала яна нядаўняе, — нехта сядзіць пад акном на кані. Пасля падскочыў да вас той чалавек. Што гэта быў за чалавек, што каня забраў?

— Кажуць, аднаасобнік нейкі.