Выбрать главу

— Тое і перадай, што пачуў.

— Значыць, ты здаў вордзен? — нібыта для сябе ўдакладніў Драніца.

— Здаў, — з прытворнаю абыякавасцю адказаў Зазыба.

— Дзе ета?

— У Хатынічах.

— Дзе ета Хатынічы?

— За Карачовам.

— Значыць, за Карачовам? Як ганяў туды кароў, як тэй таго? Далёка ета?

— Вёрст дзвесце будзе.

— Ага-а-а...

Драніца памуляўся яшчэ ў парозе, быццам прыгадваў, як гаспадар перад вялікай дарогай, ці ўсё неабходнае ўзяў, пасля нечага махнуў рукой і, не развітваючыся з Зазыбам, падаўся з хаты.

Зазыба паслухаў, пакуль заціхлі пад вокнамі Мікітавы крокі, а тады тупнуў нагой і нібыта ўпершыню абурыўся:

— Цьфу, паганцы, ордэна ім захацелася!

Раптам з нейкім зусім новым і пякучым пачуццём пачало прыгадвацца тое, што, здавалася, станавілася ўжо гісторыяй і для яго.

Ордэн Чырвонага Сцяга Дзяніс Зазыба атрымаў з рук Сямёна Міхайлавіча Будзённага ў студзені месяцы 1921 года. Тады будзёнаўская конніца апынулася паблізу той мясцовасці, дзе гаспадарылі ўжо нейкі час махноўцы.

Але спярша Зазыба ўсё ж паваяваў у дывізіі Шчорса, дакладней — у брыгадзе бацькі Бажэнкі. Быў ён нават у ліку тых нямногіх, хто суправаджаў па чыгунцы атручанага, але яшчэ пакуль жывога легендарнага камбрыга.

За трохвосным салон-вагонам тады рухаліся дзве цяплушкі з паўротай узброеных кулямётамі тарашчанцаў. То былі пераважна ветэраны брыгады. Разам з ветэранамі нёс і Зазыба апошні каравул на пляцоўках вагона, у якім везлі Бажэнку.

На станцыі Бярдзічаў атрымалі тэлеграму: «Кіеву пагражае небяспека наступлення Дзянікіна Кропка Вязіце Бажэнку Жытомір да мяне Кропка Шчорс».

Калі ў Жытоміры да Бажэнкі прыйшоў Шчорс, той адно сказаў:

— Мікола, мне дрэнна. Атруціла мяне контррэвалюцыя. — I панікнуў на плячо маладога начдзіва.

Ужо ўсе ведалі, што Бажэнку не багата заставалася жыць — дактары, якія сабраліся на кансіліум, вынеслі свой прысуд: «Цяжкі выпадак атручання, становішча безнадзейнае, дапамога спазнілася, да таго ж — хвораму пяцьдзесят шэсць гадоў».

Зазыбу прыйшло ў галаву, што тады Бажэнку было амаль столькі, колькі яму цяпер...

Цела памёршага Бажэнкі везлі па зялёным жытомірскім бульвары на артылерыйскім лафеце. Тым часам за горадам чуўся гул кананады.

Пасля расказвалі, што пятлюраўцы, якія ўварваліся ў Жытомір на другі дзень, зрабілі вялікі здзек з магілы адданага бальшавіка і славутага камандзіра...

Дывізія пачала адступаць па ўсім фронце. Багунцы, тарашчанцы і ноўгарад-северцы не маглі стрымаць варожы націск: ад Луцка і Радзівілава наступалі часці белапольскага корпуса генерала Галера, з паўднёвага захаду — пятлюраўцы, а на Кіеў імкліва рухаліся войскі генерала Брэдава.

Недалёка ад Палоннага, што за Шапятоўкай-Падольскай, Зазыба быў паранены: асколак ад снарада парваў яму правую лытку. Параненага Зазыбу павезлі сябры на бронецягніку ў Чуднава і паклалі там у шпіталь. Рана доўга гнаілася — не хацелі мускулы зрастацца, але паступова жывое ў іх дало свой уток, і Зазыба пачаў хадзіць. Але да тарашчанцаў ужо не вярнуўся. Яго накіравалі ў Першую Конную кулямётчыкам на тачанку.

І вось аднаго разу махноўцы атакавалі будзёнаўскі раз’езд. Некалькі чырвоных коннікаў было забіта ў перастрэлцы. А Зазыбу махноўцы ўзялі жывым. Канвойны махновец пагнаў палоннага перад сабой, відаць, у штаб. Зазыба ў думках ужо развітваўся з жыццём. Але неспадзявана ім сустрэлася па дарозе бандыцкая тачанка, і канвойны загаварыўся з сябрукамі, забыўшыся на нейкі час пра палоннага. Тады Зазыба і рашыўся на подзвіг: як згледзець вокам, выхапіў у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага, а тады адсек галовы і тым, што сядзелі на тачанцы. Махноўцы нават рэвальверы не паспелі выняць, не тое каб з кулямёта стрэліць.

Праз колькі дзён чырвоны камандарм прышпіліў да Зазыбавых грудзей ордэн Чырвонага Сцяга і прачытаў перад строем коннікаў такую пастанову: «Ад імя Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў рабочых, сялянскіх, чырвонаармейскіх і казацкіх дэпутатаў Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі Рэвалюцыйны Ваенны савет 1-й Коннай Чырвонай Арміі на пасяджэнні 22 студзеня 1921 года пастанавіў: узнагародзіць ордэнам Чырвонага Сцяга чырвонаармейца 4-га палка асобнай кавалерыйскай брыгады, — і прозвішча адпаведна назваў, таксама імя, імя па бацьку, — за тое, што той, будучы захоплены белабандытамі ў палон, уцёк ад іх і захапіў тачанку з кулямётам».

Багата што, дужа багата мог прыгадаць сёння Зазыба...

Нарэшце ён адчыніў філёнкавыя дзверы ў тую хату, дзе сядзела за сталом Марыля і чытала нейкую кніжку, трымаючы аберуч.