Побач струніла ножкамі ласянё — маўклівае і насцярожанае.
Лось падаваў голас не дужа часта, быццам слухаў пасля сябе ці чакаў, што нехта абавязкова адзавецца на яго.
Пакуль трапіць сюды, на гэту імшару, была пройдзена доўгая і небяспечная дарога. Яна стаяла ажно ўваччу.
Адбылося ўсё неспадзявана.
Недзе пасярод гарачага дня, калі ва ўсе вочы глядзела ліпеньскае сонца і не было ратунку ад сляпнёў нават у пушчы, сахаты патупаў да ракі. Рака была шырокая, з вялікімі, нібыта азёры, затокамі, па берагах якіх рос паміж асакі недаўгавечны дзягіль. На вадзе ўжо амаль цэлае лета сушыліся белыя і жоўтыя гарлачыкі, якія пахлі яму пратухлай рыбай. Здавалася, яны былі невынішчальныя тут — не паспявалі адны адцвісці і асыпацца, як распускаліся новыя. Кожны раз у затоках сахаты бачыў побач з прыгожымі гарлачыкамі на круглым лісці зялёных, з вырачанымі вачамі жаб. Даволі было падысці да вады, як жабы спалохана саскоквалі з плыткага лісця, са звонам бултыхаліся ў ваду, быццам хто кідаў з берага невялікія дзічы.
Сахаты нарадзіўся ў гэтай пушчы. Выхадзіў яе скрозь. Як свае, ведаў і затокі на лузе. У адной, напрыклад, расла вадзяная бульба, і ён ласаваўся ёю, хоць дзеля гэтага даводзілася ныраць аж на самае дно. Сёння сахаты таксама збіраўся ласавацца бульбай; да таго ж, у затоцы можна было ўратавацца ад назойлівых сляпнёў, таму ён абмінуў паляну, дзе рос бружмель, і па дарозе — па дзвюх ледзь прыкметных у траве каляінах — прайшоў з апушчанай галавой да павароткі, што вяла праз луг да высокага карункавага моста на рацэ. Неўзабаве пачуў наперадзе незнаёмы пах гары і яшчэ нечага нязвыклага. Сахаты пастаяў на зацененай дрэвамі дарозе, панюхаў густое паветра і рушыў далей, пагарджаючы небяспекай.
Людзей ён убачыў на другой паляне, непадалёку ад моста. Ускрай паляны стаялі грузавікі — яны былі прыхаваны прывялым галлём, нібыта таксама ратаваліся ад сляпнёў. Пасярод паляны глядзелі ў неба гарматы. Людзі перамаўляліся між сабой, рабілі нешта каля машын і зусім не зважалі на сахатага, які стаяў на галым месцы і ў здзіўленні пазіраў на ўсё, што адбывалася вакол. Але аднекуль з гары, нават вышэй з-за дрэў, раптам пачулася басавітае гудзенне, падобнае спярша на знаёмы лугавы зык. Паступова яно вырастала. Людзі пачулі яго і адразу кінуліся да гармат.
Не паспеў сахаты глянуць на неба, як у тым баку, дзе вісеў над ракой мост, грымнула нешта на ўсю моц, ажно скаланулася на многа кіламетраў пушча. Тады бабахнулі адна за адной гарматы на паляне, шуганулі ў неба чырвоным полымем. Лось ад нечаканасці ажно прысеў на заднія ногі і праз момант скочыў наперад, цаляючы паміж гармат, што выкідвалі з жэрлаў агонь з дымам, ад якога не стала чым дыхаць. Гэта нагадвала сабой навальніцу, але пры навальніцы ўсё ж было спакайней, бо не калаціліся так адразу зямля і неба.
На шляху былі густыя зараслі, і сахаты, ломячы іх, рынуўся напрасткі — у ім цяпер нібыта пабольшала моцы. Хоць і бег ён стрымгалоў, але на лузе апынуўся ўжо тады, як самалёты, падзяліўшыся на дзве групы, рабілі апошні заход на мост — адна група, летакоў шэсць, спрабавала скінуць бомбы на мост, а другая, трохі большая, цаляла па той паляне, адкуль стралялі па іх гарматы. За ракой быў працяг пушчы, і сахаты кінуўся ў ваду яшчэ са страху, пераплыў самую быстрыню і выскачыў на другі бераг. Вочы яго ашалела кружыліся, зыркалі скрозь крывавы туман вакол. Але па гэты бок ракі быў ужо другі свет, прынамсі, не бухалі, скаланаючы зямлю, бомбы. А неўзабаве і наогул стала ціха. Толькі яшчэ недзе запознена і зусім не страшна паліла ў неба хуткастрэльная гармата. Можна было вяртацца назад за раку, на знаёмыя тамашнія сцежкі, але сахаты не спяшаўся. Пасля перажытага гэтак нечакана страху ён нібыта растраціў сваю звярыную здольнасць рэагаваць на знешнія праявы.
Як зайсці сонцу, яшчэ два разы прыляталі самалёты, і столькі ж разоў абрыналася на мост і на зямлю гарачае пекла. І кожны раз гэта адпуджвала сахатага ад ракі. Нарэшце ў яго і зусім не стала ахвоты вяртацца дамоў. Абначыўся ён у незнаёмым, затое спакойным месцы — на круглым расцяробе, дзе была мяккая трава.
Не пасмеў сахаты пераплысці раку і на другі дзень, бо зноў прыляталі самалёты, а калі надумаў паспрабаваць шчасця на трэці, стала позна — крокаў за паўтараста ад берага, мусіць, за адну ноч (удзень дакладна не было іх) з’явіліся акопы. Гулі аўтамашыны. Як і на той паляне, што за ракой, зноў было поўна людзей. Але цяпер сахаты не падыходзіў да іх блізка. Страх трымаў яго на адлегласці.