— Ты глядзела б лепей за сваім, каб усё парадкам выйшла. Не забудзься чаго...
Марыля тады сунялася трохі, але непакой не прайшоў. Цяпер ён быў увесь у яе вачах.
Не дзіва, што дзяўчына хвалявалася перад паездкай. Для яе Бабінавічы былі незнаёмым мястэчкам, якое бачыць давялося адно на карце. Мястэчка стаяла на вялікай дарозе, якая ў вайну зрабілася стратэгічнай, і ёй, армейскай разведчыцы, выпадала цяпер не толькі жыць у гэтым мястэчку, але таксама выконваць адказныя заданні камандавання. Пакуль фронт стаяў непадалёку, кіламетраў за шэсцьдзесят, а месцамі нават бліжэй, гэта мела асаблівае значэнне, бо праз Бабінавічы рухаліся тыя матарызаваныя часці, якія разам з танкавай групай былі павернуты за Крычавам на паўднёвы напрамак.
Для разведкі, на думку армейскага камандавання, Марыля мела дзве перавагі — прыгажосць, якая магла спрыяць у небяспечнай рабоце, і веданне нямецкай мовы. Гэта і вырашыла справу, калі ў штабе 13-й арміі абмяркоўвалася пытанне, каго пакінуць у Бабінавічах. Дзейнічаць Марыля павінна была адна (групу ў невялікім мястэчку не адважваліся пакідаць) і пад сваім сапраўдным прозвішчам. Ёй амаль нічога непатрэбна было выдумляць у легенду — яна і сапраўды нарадзілася ў вялікім рабочым пасёлку, што за Тулай, але вучылася ў Беларусі; як пачаліся масавыя налёты нямецкай авіяцыі на прыдняпроўскі горад, дзяўчына, разам з іншымі, падалася на ўсход — яна ўцякала ад немцаў дамоў. Але не паспела. За выключэннем гэтага — «не паспела», такім чынам, усё было праўдай. І тым не менш вопыту разведчыцы Марыля не мела: адно скончыла кароткатэрміновыя курсы пры штабе па рабоце на рацыі ды пазнаёмілася ў агульных рысах з прынцыпамі вядзення армейскай разведкі.
Спярша, калі непадалёк ад Крутагор’я, у Клімавіцкай Родні, яшчэ стаяў штаб 13-й арміі, было намеркавана накіраваць Марылю адразу ў мястэчка. Але хтосьці з палітупраўлення арміі, можа, сам брыгадны камісар Крайноў, параіў разведаддзелу звязацца з Крутагорскім райкомам партыі, і Пракоп Маштакоў прапанаваў тады зрабіць іначай. Уладкаваць Марылю ў мястэчка павінны былі староннія людзі — альбо кулігаеўскі Сідар Раўнягін, альбо верамейкаўскі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба. Вайскоўцы нечакана спынілі свой выбар на апошнім. Тады і паклікалі Зазыбу ў Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна.
Зазыба браўся за даручэнне з вялікім запасам спакою — ён, вядома, яшчэ ў той дзень, як хадзіў у Кулігаеўку і гаварыў з Пракопам Маштаковым, зразумеў, што можна нават за адно знаёмства з Марыляй паплаціцца жыццём у немцаў. Але разумеў ён і тое, што цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл — бадай, найважней было падрыхтавацца ахвяраваць сабой. З адным Зазыба ніяк не мог пагадзіцца — гэта чаму раптам першая ў ахвяру сябе павінна была прынесці Марыля! Ажно крыўдна было за дзяўчыну — у Верамейках каторы дзень вольна жылі мужчыны-дэзерціры, той жа Раман Сёмачкін, Брава-Жыватоўскі, а яна мусіла падавацца з вёскі і, вядома, не дзеля сённяшняга спаса. Крыўда гэтая мела пад сабой і іншы грунт, які таксама паддаваўся тлумачэнню. Датычылася гэта ўжо асабіста Зазыбы, дакладней кажучы, не самога Зазыбы, а яго жонкі, Марфы. У адрозненне ад мужа, Марфа па-ранейшаму нічога не ведала пра Марылю і тым больш не здагадвалася, таму ёй вельмі няўцям было, чаму дзяўчына павінна недзе шукаць сабе прытулку, калі можна пажыць у Верамейках. Сёння Марфа нават не вытрымала, сказала мужу, як той ішоў на ўсходзе сонца касіць траву на воз. Аднак дарэмна: Зазыба не стаў гаварыць з ёй пра гэта. І вось цяпер са шкадаваннем бачыў, як нудзілася Марфа.
Марыля тым часам нібыта не месцілася ў сабе, нечым, можа, сваім насцярожаным неспакоем, нагадвала птушку, якая кожную хвіліну магла паляцець. Яна нават прыбралася ў дарогу — на сукенку накінула адмысловую цёмна-зялёную кофтачку, якая, здавалася, павялічвала яшчэ зусім дзявочыя грудзі.
Зазыба агледзеў воз, сказаў:
— Я мяркую, пара нам...
Марфа быццам чакала гэтых слоў — памкнулася да Марылі, прытуліла на нейкі час да сябе, а тады пачала благаслаўляць. Марыля стаяла зусім ціхманая, прымала чужую ласку і чужое хваляванне, як і належыць чалавеку, які прыжыўся ў доме. Але не паспела Марфа схаваць па звычцы пад фартух свае пасінелыя рукі, як Марыля сама кінулася да яе, нібы да роднай.
Зазыба паглядзеў на расчуленых жанчын і сказаў грубавата:
— Ладна, сядай ужо!
Марыля адарвалася ад Марфы, ступіла на драўляную падножку і села на мяккую траву, засланую паласатай дзяругай.
Марфа сказала:
— З богам! — і пазначыла шчопацем правай рукі перад сабой крыж.