Выбрать главу

Паўз дарогі заўсёды сустракаюцца адметныя мясціны, якія з нечым звязаны ў чалавека ці проста выклікаюць цікавасць сваімі назвамі, часцей за ўсё дзіўнымі і незразумелымі — можна ў галаве паламаць усё, а да сэнсу не дабрацца. Напрыклад, за Верамейкамі, на адлегласці паўкіламетра, была Гогалева ніва — нават не ўрочышча, якіх багата вакол, і не дзялянка, на якой спляжаны лес. Наадварот, там скрозь раслі дрэвы. Тым у большае здзіўленне ставіла кожнага назва — Гогалева ды яшчэ ніва: паспрабуй здагадайся, ці гэта пайшло ад залётнай птушкі, ці ад чалавека. Праўда, у Верамейках знайшоўся дзівак, той жа Хомка Берасцень, які даваў своеасаблівае тапанімічнае тлумачэнне. Маўляў, яшчэ за далёкім прыгонам, калі Расеяй правіла Кацярына-царыца, здаралася ехаць тут царскаму поезду з Пецярбурга ў Таўрыду, Кацярына спяшалася тады да графа Пацёмкіна. Аднак пісара свайго, па прозвішчы Гогаль, не магла ўзяць у дарогу, бо той хварэў нечага. Давялося яму, як ачуняў, даганяць царыцу ад самага Пецярбурга на тройцы казённых стаеннікаў. Калі верыць Хомку, то Гогаль дагнаў Кацярыну якраз за Верамейкамі, на гэтай дарозе, і яны сядзелі тады менавіта тут, пад гэтымі выносістымі дрэвамі, і займаліся... любошчамі. Адным словам, Хомка Берасцень у Верамейках быў не толькі хітры бастола!

У Зазыбы з Гогалевай нівай былі звязаны свае ўспаміны: заўсёды прыгадвалася, як некалі ехала з Бабінавіч па гэтай дарозе іхняе з Марфай вяселле — тады вясковыя хлопцы і маладыя дзядзькі перанялі тут «зайца»...

Дарога за нівай збочвала налева і вяла па сасновым жардзёўніку, які ажно кішэў насцярожлівымі сойкамі. Каля так званага Гарбатага мастка, што быў начыста разбураны, яна нібыта выпраствалася. Масток гэты будаваўся на паўдарозе да Бесядзі, і ў Верамейках адлегласць паміж сваёй вёскай і Бабінавічамі дзялілі звычайна на чатыры адрэзкі: спярша да мастка, пасля да Бесядзі, затым да дубровы, што за ракой; апошні прамежак ляжаў на пясчаных узлобках — далей ужо вытыркаліся крыжыкі местачковай царквы; кожны прамежак расцягваўся больш як на паўтара кіламетра, а ўсёй дарогі да Бабінавіч было, па не зусім дакладным падліку, каля сямі кіламетраў.

За дажджы з дарогі пазмывала чалавечыя сляды. Але шырокія, аплылыя каляіны ўсё ж гаварылі аб тым, што нядаўна тут адбываўся вялікі рух. У калдобінах стаяла неўсмактаная вада. Была яна і на мастку, дакладней, на гаці, што замест бярвенчатага насцілу. Буланы нават не запыніўся перад мастком, адно расплюхаў капытамі рудую ваду, абдаўшы ёю жалезны хадок. Дробныя камяні, амаль пырскі, заляцелі на воз, і Зазыбу, а болей Марылі, давялося счышчаць іх і з сябе, і з дзяругі, якой была заслана трава ў перадку.

Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу, — думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок. Спярша яму зноў рупіла сённяшняя справа, праз якую давялося выбрацца, амаль сляпуючы, у мястэчка, а тады нечага прыгадалася размова з Мікітам Драніцам, калі той прыходзіў увечары па ордэн: у думках Зазыба ўжо здзекаваўся з Драніцы, які ўзяўся выконваць даручэнне Брава-Жыватоўскага. Але вось за мастком, можа, за паўтараста крокаў ад гаці, кінуліся раптам у вочы — і трэба было, як на тое, паглядзець збоч — на буйным, нібыта жоўтым пяску, што быў намыты ў невялікай седлавіне, незнаёмыя сляды. Яны нагадвалі каровіныя, але былі вузейшыя і выцягнутыя ўдоўжкі. Зазыба ведаў усіх насельнікаў тутэйшых лясоў, мог адрозніваць хоць якія сляды, аднак гэтакія, здаецца, бачыў упершыню. І ўжо зусім здзівіўся памёту, што застаўся каля дарогі, — акурат заечага, але чорнага і намнога буйнейшага; круглякі ляжалі тут не даўжэй як з начы, бо яшчэ быццам ільсніліся. Было б гэта іншым разам, ці хоць бы не сядзела на возе дзяўчына, Зазыба напэўна б спыніў каня, каб паглядзець.