Выбрать главу

Марыля тым часам нават не здагадвалася, што незнаёмыя сляды на дарозе маглі так зацікавіць Зазыбу — ёй было хораша ехаць праз лес, слухаць пошум дрэў і лавіць незразумелыя гукі, якія даляталі з нетраў. І яшчэ ёй карцела пачаць гаворку са сваім вазаком. Учора, калі прыходзіў у хату Мікіта Драніца, дзяўчына пачула ўсё ж праз філёнкавыя дзверы гаворку паміж вяскоўцамі, і яе ўразіла тады, што гаспадар меў урадавы ордэн. Дзіва, але якраз учора яна нібыта вінаватай адчула сябе, што амаль нічога не ведала пра Зазыбу — тады, у Кулігаеўцы, сакратар Крутагорскага райкома і маёр з разведаддзела арміі сказалі ёй пра яго ўсяго некалькі слоў: чалавек, маўляў, надзейны, можна спадзявацца цалкам. Калі знаёмілі іх, яна трохі прыгледзелася да Зазыбы — сапраўды, чалавек выклікаў да сябе давер адразу, хоць і меў нейкі быццам разгублены выгляд, а ягоную неразгаворлівасць (за ўсю дарогу ад Кулігаеўкі да Верамеек Зазыба, здаецца, не сказаў слова, якое можна было б запомніць) яна тлумачыла сабе трыма акалічнасцямі: характарам, сялянскім паходжаннем і вайной. Пасля, калі яны жылі, як кажуць, пад адной страхой, Зазыба таксама пазбягаў размоў. Мусіць, не жадаў ён гаворкі і сёння.

І тым не менш Марыля адважылася загаварыць.

Яны пераехалі тады Бесядзь. Буланы, дробна ступаючы нагамі, узвёз іх на высокі бераг. Вачам расхінулася далячынь — за ракой патанаў у смузе крануты надыходзячай восенню забяседскі лес, па правы бок, паміж дубровай і ракой, што пакручастай бліскаўкай выгіналася ў шырокай лугавой пойме, выступалі з-за пагорка двары невялікай вёскі; па левы бок ляжала наўздзіў роўнае поле, аслоненае бярозавым бальшаком,— той самай гравійнай дарогай, што вяла ў Бабінавічы з Крутагор’я праз Белую Гліну, і толькі наперадзе неба засціў шырокі ўзлобак, за якім хавалася мястэчка. Над усім — над полем, над лесам, над пагоркамі — плыло спакойнае, але яшчэ па-летняму гарачае сонца.

Марыля намацала за сабой вялікі яблык, куснула самы чырвоны бок і зажмурыла вочы, быццам зрабілася даўка.

— Дзяніс Яўменавіч, — сказала яна нарэшце, — што я хачу спытаць. Па які гэта ордэн прыходзіў той чалавек учора?

— Мікіта?

— Мусіць.

— А-а-а, — усміхнуўся Зазыба.

— Я нават не чула дагэтуль, што вы маеце ордэн.

— Дак ці ж я таіўся калі са сваім ордэнам! — зноў усміхнуўся Зазыба, але ўжо з выразнай задаволенасцю. — Пра гэта ўсе ведаюць. Ордэн жа на грудзях носяць, каб відзён быў.

— А я вось не ведала.

— Не бачыла, таму і не ведала. Але пра ўсё ведаць не будзеш. Да і не трэба. Гэта нашы тута, свае, вясковыя справы.

Марыля спытала яшчэ:

— А які ордэн у вас, Дзяніс Яўменавіч?

— Да звычайны, наш.

— Вы ваявалі?

— А цяпер так выпадае, што чалавеку на яго жыцці даводзіцца ажно некалькі разоў ваяваць. Нібыта хто разлічвае. Гэта ўжо на маім вяку каторая вайна.

— Раскажыце, Дзяніс Яўменавіч!

— А што гаварыць? На вайне як на вайне. Але тады мы хоць не адступалі так. Здаралася, што адступаць даводзілася, але так не адступалі.

Марыля не знайшлася, што адказаць, — нібыта яна больш за ўсіх была вінавата ў тым, што армія адступала, — і яны зноў паехалі моўчкі.

Неўзабаве дарога пачала спускацца ў нізіну. Трэба было на ўсякі выпадак прытрымліваць буланага, і Зазыба стаў патрохі напінаць лейцы. Але дарэмна — конь, мусіць, нямала пахадзіў у артылерыйскай вупражы і справу сваю ведаў; колы патраплялі якраз у каляіны, і калёсы каціліся нядрогка.

З дубровы, амаль напярэймы, выйшла нейкая жанчына з вялікім бярэмам дроў. Было відаць, што бралася яна ў мястэчка. Зазыба падагнаў каня. Каля дарогі жанчына спынілася — мусіць, памела надзею пад’ехаць на возе.

— Кладзі свае дровы, — сказаў тады Зазыба.

Ніколькі не марудзячы, жанчына павалакла схопленае вяроўкай галлё на воз. Была яна ў старэйшых ад Зазыбы гадах. Выгляд мела як зачуханы — пра такіх у вёсцы звычайна гавораць: забытая дзецьмі і богам. На Марылю яна не зважала, глядзела на аднаго Зазыбу, нібыта яшчэ не паверыла цалкам, што той сапраўды давязе яе да мястэчка.

Марыля пасунулася, даючы месца на возе. Жанчына паклала дровы якраз на яблыкі, а тады і сама села, не выпускаючы з рук канцы вяроўкі.

— Во павязло дак павязло, — сказала яна, азіраючыся. — І не ведаю ўжо, як дзякаваць буду.

— А што гэта на сабе? — спытаў Зазыба.

— Каня ж няма! — жанчына памаўчала і кінула быццам з дакорам: — А вы ўсё яшчэ ездзіце? І коні ў вас ёсць! Адкуль ета? Нібыта не пазнаю...