Зазыба акінуў вокам жылую палавіну — усё тут было, як і раней: ад печы да знадворнай сцяны ішла дашчаная перагародка, што датыкалася брыжом да паклеенай шпалерамі столі; за перагародкай, у сваю чаргу, уся плошча была падзелена таксама на дзве часткі; такім чынам, гэтая палавіна Шарэйкавай хаты складалася з трох пакояў, адзін з якіх быў вялікі і доўгі, асветлены па сценах роўнымі вокнамі, а два астатнія — проста бакоўкі. Тут змяшчалася і ўся кравецкая гаспадарка, галоўным у якой была, вядома, швейная машына.
— Дзе ж твая Ганна? — спытаў Зазыба.
— Дак на сяло пайшла, — адказаў Шарэйка.
— У царкву?
— Кажу, на сяло.
— А я ўсё блытаю, дзе ў вас мястэчка само, а дзе сяло пачынаецца.
— Сяло — за мястэчкам, — усміхнуўся Шарэйка.
— А мы пра ўсіх вас — мястэчка да мястэчка...
— Мястэчка — ета во наша частка, каля царквы, а сяло за садам будзе. Дак мая Ганна, каб ведаў, пайшла на сяло. Трэба нявестку праведаць, дак пайшла. Перадавала тая ўчора праз людзей, што малая прыхварэла. А ў царкву яна ўжо хадзіла, да ютрані.
— А сын твой што?
— Дак што, таксама ваюе!
На стале, што быў паміж вокнаў, ляжала новае шытво: зажыўленая простай ніткай ватоўка і яшчэ нейкая адзежына, але гэтая ўжо з нямецкага сукна. Зазыба затрымаў позірк на адзежыне, і, можа, таму, што ў ягоных вачах узнікла здзіўленне, Шарэйка пасунуў шытво на край стала.
— Ты гэта не выпускаеш іголкі з рук і цяпера? — пацікавіўся, як паміж іншым, Зазыба.
Кравец памуляўся:
— Заказ... Трэба спяшацца, бо чалавек не наш. Паедзе скора.
— Ну, ну...
Зазыба падышоў да акна.
Шарэйкава хата стаяла так, што паўзверх стрэх было відаць царкву па самыя вокны на местачковай плошчы.
— Вайна вайной, а чалавеку тым часам жыць нечым трэба, — сказаў за спіной Шарэйка. — Яму не толькі гамаць, але і апранацца ў нешта патрэбна, каб не свяціць задам.
— Да ўжо ж...
— Дак я таму і не выпускаю, як ты кажаш, іголкі з рук. Былі старыя заказы, а тута і новы падаспеў, ажно з германскага сукна.
— Некаму ж судобіла разжыцца!
— Не, ета іхняе. Афіцэр адзін прынёс. Абяцаў таксама заплаціць. — Шарэйка ўсміхнуўся, пасля зноў пачаў гаварыць, але ўжо нібыта адказваючы на нейкія свае думкі. — Яно, канешне, немец — вораг, і, як пісалі ў газетах, кожны бохан хлеба павінен разарвацца ў ягоных руках жалезнай бомбай, але ці пражывеш па-пісаным?
Зазыба пачакаў, а тады сказаў:
— Вы тута, як відаць, прызвычаіліся ўжо да немцаў. Да, мусіць, усе. Падвозіў сянні адну бабу, дак таксама ажно не магла нахваліцца камендантам.. Адольфам — ці як ён у вас?
— Дак ён не ў адных нас. Ён і ў вас. Верамейкі яму таксама падначалены.
— Але ці не рана пачалі вы яго хваліць? — паглядзеў на краўца Зазыба.
Той адчужана ўсміхнуўся.
— Галоўнае, каб не было позна. Але расказвай, што новага дзе, а то мы адразу неяк...
— Дак навіны ж у вас усе.
Шарэйка пастаяў задуманы.
— Канешне, — згадзіўся ён праз нейкі момант, — навін у нас па етым часе багата, але больш іх усё ж ідзе з Крутагор’я. Што ні кажы, а цэнтр ёсць цэнтрам.
— Я нават не ведаю, як яно цяпера — што цэнтр, а што не. І ці ёсць наогул райцэнтр? Можа, павятовым стаў? Мы тама сядзім, як у прыдусе — ці то ўжо высоўваць з паніўкі галаву, ці яшчэ пачакаць.
— Ты от кажаш, ці не зарана мы хвалім Адольфа? Але ці ведаеш ты, хто начальнікам паліцыі ў Крутагор’і стаў?
— Дык хто іх зразумее цяпера! — паціснуў плячамі Зазыба.
— Ета праўда, — усміхнуўся Шарэйка. — Нават і ў галаву можа не прыйсці, калі падумаць. Помніш Рослаўцава?
— Таго, што быў дырэктарам маслазавода?
— Ага.
— Гм...
— Дак ён цяпера ў Крутагор’і і стаў начальнікам паліцыі, ці, як немцы называюць, начальнікам аховы парадку. А мы за яго яшчэ ў мінулыя выбары галасавалі ў райсавет...
— І праўда — навіны, — заплюскаў вачамі, як ачмураны, Зазыба. — А можа, у яго ад нашых такое заданне было — стаць на высокую пасаду ў немцаў, каб памагаць пасля сваім?
— Каму ета сваім?
— Ну, нам во... Чырвонай Арміі...
— Етага я не ведаю, але для справы, бадай, лепей было б, каб Рослаўцаў не быў начальнікам паліцыі ў Крутагор’і. Яно вядома, ты хітры, але і немец не дужа дурны. Таму я і кажу. Цяпера то яшчэ нічога — адны вочы ад здзіўлення ў людзей лезуць на лоб, а калі раптам ён захоча і немцам паслужыць? Ці мала якая прычына знойдзецца? Ведаеш, як тады галовы пакоцяцца з плеч? Ён жа лепей за немцаў пра ўсё ў раёне ведае. І актывістаў, і...